Выбрать главу

Юля засмяялася i сказала, што позна яму падходжваць, калі ўжо жонку займеў, трое дзяцей на карку мае; хутка пара будзе сыну нявесту шукаць.

Сцяпан яшчэ пажартаваў, Юля слухала, пасля i забылася пра гэтыя жарты, палівала яму вечарам на рукі, зноў частавала i заплаціла за работу тры рублі. Сцяпан адмаўляўся, не браў, Наталля сама паклала яму грошы ў кішэню.

Той ноччу Юлі спаць не хацелася; схадзіла спярша да суседзяў на тэлевізар, пасля ляжала i думала пра кіно, пра свайго сына, што гадуецца без бацькі, прыносіць з вуліцы ўсялякія словы, з кожным днём становіцца ўсё больш непаслухмяным. Думала пра свайго мужа, як яны нечакана, дзіўна сустрэліся, жылі, як яна моцна кахала яго, а ён часамі не разумеў яе, не слухаўся, часта прыходзіў з работы позна, злаваўся, што яна залішне прыдзіраецца, хоча прыручыць да сваёй спадніцы, асароміць перад яго сябрамі... Яна гадала, як ён жыве цяпер, паправіўся ці па-ранейшаму такі шалапутны, помніць яе, сына ці забыўся пра ix... Ляжала, думала, як пачула ціхі стук у акно, пасля ў дзверы. Яна прыслухалася; стук ягачэ раз паўтарыўся.

Маці спала; Юля паднялася, накінула на сябе цёплую вялікую хустку i выйшла ў сені.

— Хто там? — спытала яна, але дзверы не адшчэплівала.

— Я,— пачула яна Сцяпанаў голас.

— Чаго табе?

— У мяне е пляшка віна.

— Позна ўжо, ідзі дадому,— сказала Юля,— ці адзін выпі.

— Выйдзі, Юлька, я хачу пагаварыць з табою.

— Ці не здурэў ты? Ідзі дадому,— сказала Юля i пайшла ў хату. Толькі цяпер яна здагадалася, што Сцяпан не жартаваў, сапраўды набіваўся ў «жаніхі»...

6.

Юля дакалола астатнія палены, злажыла ix кастром на прыгуменні, каб выветрыліся; пасля набрала абярэмак i занесла на кухню.

У хаце было цёмна, ціха, i не хацелася заставацца тут, цягнула на халодны, з нізкім няяркім сонцам двор, дзе чулася вясна, радавала i трывожыла.

Юля хацела запаліць святло, пстрыкнула ўключальнікам — лямпачкі не загарэліся; відаць, электрык нечага адключыў святло на станцыі.

Хтосьці незнаемы затупаў на двары, доўга, не ведаючы, лэпаў па дзвярах, шукаў клямку. Юлька глянула i не пазнала нечаканую госцю, што зайшла ў хату. Адзета яна была не па-тутэйшаму, па-гарадскому: у тоўстым варсістым футры, бліскучых высокіх ботах, тоўстай пуховай хустцы, з моднай невялічкай сумачкай.

— Не пазнала? — усміхнулася, знаёма сказала госця.

Юлька таксама ўсміхалася, выцірала аб ручнік рукі

i прыглядалася.

— Анька?

Юля кінулася да былой сваёй сяброўкі, яны абняліся i моцна пацалаваліся.

— Я i не ведала, што ты дома,— сказала Анька, хоць словам яе цяжка было паверыць: ёй расказала недзе адразу ўсе вясковыя навіны яе маці.

— Дома, як бачыш,— прамовіла Юля.

— I даўно?

— Ды з восені жыву.

— I што ты робіш тут?

— Работы ёсць,— адказала Юля,— вару дзецям есці ў школьнай сталовай, бегаю дзень з чарпаком ля катлоў, памагаю маме па гаспадарцы. Учора ў лес па дровы ездзіла.

— А я, Юлька, ужо не змагла б са свіннямі ды каровамі...

— Ты ж вясковая, не гарадская...

— Ды адвыкла.

— Каб трэ было, то i навучылася б скора,— сказала Юля.— Але як ты жывеш?

— Ды не скарджуся. Жывая, здаровая, i дзеці растуць, у садзік ходзяць.

— Вялікія, мусіць, ужо твае хлопцы? — спытала Юля.

— Большаму шосты годзік, меншаму чацвёрты.

— Дзяўчынку яшчэ вам трэба.

— Што ты!— усміхнулася Анька.— Пракарміць ды адзець знайшлі б за што, але я вучыцца надумала, паступіла летась у інстытут, дык часу мне трэба многа.

— Ого! — здзівілася Юля.

— Ніякай жа спецыяльнасці няма, трэба вучыцца.

— Удалая ты,— сказала Юля, надрала з бярозы кары, налажыла ў грубку дроў, падпаліла, пачакала, пакуль угарыцца, тады зачыніла дзверцы i адкрыла паддувала — загуло, усхапіўся агонь, аблізаў палены. Анька прысела на лаве.

— У нас цеплавое,— азвалася яна.— Любата! Не трэба гэтых дроў. Цяпер, каб ты бачыла, як вырас наш горад... A Мішу майго павысілі, большы аклад, «Волгу» далі. Ведаеш, Іван, гэта шафёр яго, на работу мяне возіць i з работы забірае.

— Добра табе,— сказала Юля,— а я бегаю пяшком у Міланькі.

— Міша папаўнеў, салідны такі. Быў нядаўна ў Ленінградзе, паліто мне купіў, не дае вады піць, яблычнымі сокамі поіць.

— Глядзіць цябе.

— Ды не скарджуся, як другія. Што хачу, тое i маю. Можа табе што трэба дастаць?

— Дзякуй,— сказала Юля,— усё ў мяне таксама ёсць.

— Сумна табе, мусіць, тут жывецца? — спытала госця.

— Жыву, Анька,— Юлька ўстала, прынесла кавалак мёрзлага з зімы сала, каўбасы, нарэзала невялікімі скрылікамі, ускінула на скавараду i паставіла ў грубку.