Юля адказала б нешта, але ля акна мільгануўся чалавек. Яна глянула: Уладзімір Сямёнавіч.
Зайшоў у хату, павітаўся.
Наталля запрасіла яго прысесці, загаварыла з ім пра надвор'е, пра школу, згаджалася, што не хочуць цяпер вучыцца дзеці.
Юля вымыла посуд, выпаласкала яго, з настаўнікам не загаварыла, хацела ўцячы з дому, але пасаромелася.
Пасля Наталля пачаставала госця. Мусіла з ім сесці i Юля, хоць i адмаўлялася выпіць, скардзілася, што баліць галава. Уладзімір Сямёнавіч, відаць, здагадаўся, што Наталля перагаварыла з дачкою i што Юля супроць, каб выйсці за яго.
— Я, Наталля Пятроўна, пайду, мусіць, ужо дадому,— пагаварыўшы ca старою пра вёску, сказаў ён.
— Пасядзіце яшчэ,— гаварыла Наталля.— Ноч вялікая, выспіцеся.
— Ночы вялікія цяпер, але спаць не хочацца,— сказаў Уладзімір Сямёнавіч, паглядаючы на гладка прычасаную, у новай кофце Юлю, якая сумавала цэлы вечар, не піла, не ведала, дзе прыкласці рукі, куды глядзець.
— Пасядзіце яшчэ,— прасіла Наталля.
— Хіба з Юльянай Іванаўнай,— збянтэжыўся госць.
— Выпіце, пагаварыце,— запрашала Наталля, i пажылы, лысаваты Уладзімір Сямёнавіч запалаў, што падлетак, закруціўся на крэсле.
— Гаворка наша, Наталля Пятроўна, адна,— сказаў ён,— сталы я, у мае гады можна ўнукаў ужо мець, a ўсё ніяк не магу прыбіцца да якога берага, нясе мяне вада, кідае... Юльяна Іванаўна тож адна, нудзіцца. Гаруеце вы, гарую я... Трэба, каб вы ўзялі мяне ў сваю хату за гаспадара; вясковую работу я магу рабіць, мальца глядзець буду i вас, старую, не пакрыўджу.
— Дамаўляйцеся вы ўжо з маладою, мне жыць на гэтым свеце мала засталося,— сказала Наталля.— А яна няхай сама глядзіць, як жыць надалей, як хлопца на ногі падняць,— дабавіла, устала, палічыла, што сваё яна сказала, i палезла на печ, дзе, сцішыўшыся, натапырыўшыся, што верабей, сядзеў i назіраў за ўсім унук.
— Давайце сёння, Юльяна Іванаўна, усё рашаць,— саромеючыся, сказаў Уладзімір Сямёнавіч.— Знаёміцца нам не трэба, сябе хваліць тож. Не адзін месяц разам рабілі, ведаемся. Возьмеце — застануся ў вас, адмовіце — з'еду вясною, не магу я так больш. A дзіця глядзець буду, я ж не маладзёнак, што папракаць вас буду, ды сам такі: жанаты быў, не зжыўся з жонкаю, развяліся...
— Я веру вам, Уладзімір Сямёнавіч,— сказала Юля,— толькі вы якую настаўніцу, жанчыну разумнейшую, падбярыце сабе: жыццё наша вядомае, сялянскае... I работа мая такая, кухарская: абы дзецям смачна есці варыць.
— Я i сам вясковец, Юльяна Іванаўна, а вам другая i настаўніца не дакажа ні красою, ні работаю, ні розумам,— гаварыў Уладзімір Сямёнавіч i схіляў галаву. — Дужа вы чалавек добры, разумны, да чужога гора чулая. Добрыя людзі вамі не нахваляцца. Я пражыў ужо нямала, паглядзеў людзей, але такіх, як вы, мала сустракаў. Вам верыш адразу, вам цяжка адмовіць... Вяселля нам, Юльяна Іванаўна, вялікага можна не рабіць, не маладзенькія мы жаніхі, людзей весяліць не збіраемся, а сваякоў блізкіх вашых, настаўнікаў нашых можна паклікаць.
— Чаго ты маўчыш там? — азвалася з печы Наталля.— Скажы адно чалавеку — прымеш у гаспадары ці не? Я толькі скажу, што трэба думаць, як жыць,— гаварыла старая, папраўляючы сабе пасцель,— гэта ж не жыццё, што самой, бабе, у лес ездзіць, рэзаць, калоць дровы трэба, дзіця бязбацькавічам гадуецца.
— Ціха вы, мама,— сказала Юля.
— Я ў цябе нічога не разумею, параіць не магу,— пакрыўдзілася маці.
— Скажыце што, Юльяна Іванаўна...— папрасіў настаўнік.
— Няма мне вам што сказаць,— панурыла галаву Юля.— -Задумалі вы сур'ёзнае, сур'ёзнае хочаце, a ў мяне сын. Глядзець вы яго будзеце, але бацькам не станеце.
Уладзімір Сямёнавіч разгубіўся, сядзеў i не ведаў, што сказаць.
— Я не папракаю вас, але баюся...
— Я разумею вас, Юльяна Іванаўна. Вы — маці, а я бацькам некалі быў, я разумею вашу трывогу. Толькі цяжка вам адным...
— Ды неяк жа жыць будзем,— прамовіла Юля.— Што самі зробім, што людзі памогуць.
Яно так,— згадзіўся Уладзімір Сямёнавіч.— Прабачце. Я не думаў вас пакрыўдзіць, я хацеў, каб было як лепей i вам i мне.
— Не трэба,— сказала Юля, i ёй стала шкада пажылога чалавека, хоць не магла нічым хоць бы крыху памагчы яму.
— Ну, я пайду,— збянтэжана сказаў Уладзімір Сямёнавіч.
— Хачу да мамы! — тоненька азваўся з печы Пецька.
— Ляжы ты, смала! — загаварыла да ўнука старая. Малы заплакаў. У Юлі сцялася сэрца — здаецца, перавярнулася ўсё ўнутры.
— Прабачце, Уладзімір Сямёнавіч,— сказала настаўніку,— не магу я...