Выбрать главу

— Не апраўдвайцеся, я разумею ўсё,— папрасіў той.

— Не злуйцеся.

— Я не злуюся на вас, Юльяна Іванаўна,— сказаў настаўнік i пачаў апранацца.— Як не любіш, то ўсё не міла. Можа, i праўда, не трэба нам неразважлівага кроку рабіць. Але я вам жадаю шчасця i вялікага кахання, вы варты яго,— Уладзімір Сямёнавіч узяў бяссільную руку Юлі, пацалаваў i хутка выйшаў з хаты.

— Ах ты, блазнюк! — закрычала раптам на ўнука Наталля.

— Хадзі сюды, сынок,— паклікала Юля.

Пецька саскочыў з печы i перабег да маці.

— Ну, дзеўка мая, лепшага табе ўжо не дасць бог,— сказала Наталля.— Пашкадаваў ён цябе яшчэ, пасылаў добрага чалавека, з дзіцём браў — сама адмовілася. Відаць, век будзеш гараваць з дзіцём, удавою. Не веру я, каб твой вярнуўся.

— Але ж не магу я за нялюбага ісці,— сказала Юля.— Ды i яго жыццё будзе якое...

— Глядзі сама, дзеўка. Я ж хачу толькі, каб табе добра было,— прамовіла маці.— Ды i дзіця не многа ўбачыць, калі будзе на стрэхі глядзець.

— Дасць бог, нешта ўбачыць,— сказала Юля.

12.

Днём ярка выбліснула вясновае сонца, парадавала першым прыпёкам — мігам сагнала са стрэх апошні снег, пацяклі мутныя ручайкі. Сцены ўжо награваліся, сохлі, у зацішку, на прызбах, грэліся куры, спрабавалі капацца ў пяску, што таксама прасыхаў, бялеў i пыліўся.

Юля дастала з кубельца цяжкі кумпяк, за зіму прасолены, размяклы ад расолу, ачысціла яго, абхінула марляю, вынесла i навесіла на цвіку пад страхою. Убіла яшчэ колькі цвікоў i развесіла на ix каўбасы, паляндвіцу. Сёння, бачыла яна, каторыя прывозілі з лесу ядловец, падграбалі трэскі, ладзілі старыя курыльні — збіраліся вэндзіць.

Юля хацела падсушыць мяса i таксама прадыміць яго. Яна вельмі любіла вяндліну з хлебам ды ca шчаўем, падпячы з яечкам, любіла гэты пах дыму, ядлоўцу; лічыў за лепшыя прысмакі вяндліну i Пецька.

Ён увесь час круціўся ля яе, выносіў сала з кубла, абчышчаў, стаяў на панадворку i не падпускаў вераб'ёў.

— Мама, дзядзя больш не прыйдзе да нас? — нешта ўздумалася пасля яму запытацца.

— Не, сынок, не прыйдзе,— адказал Юля.— Не трэба ён нам.

— I тата не прыедзе?

— А тата прыедзе i не забудзецца прывезці табе веласіпедзік,— немаведама чаму маніла сыну Юля, якая i сама не вельмі верыла, што Генадзь можа вярнуцца да яе.

— А дзе наш тата? — спытаў Пецька,— Баба гаварыла, што ён ніколі не прыедзе да нас.

— Няпраўда, сынок, прыедзе.

— Баба наша маніць?

— Не, сынок,— сказала Юля,— баба наша добрая, яна не маніць. Яна не ведае таты, таму i думае, што ён не прыедзе.

— А тата наш добры?

— Добры, сынок,— сказала Юля.— Толькі з дрэннымі людзьмі вадзіўся, не ведаў часамі, што робіць. Ды i ён цябе не ведае: каб бачыў, што ты такі высокі, прыгожы, то даўно прыехаў бы.

— А ты напішы яму, мама,— ажывіўся Пецька, бліснуў вачыма.— Ты ж цёці Мані пісьмы пасылаеш, то i яму напішы.

— Не, сынок, пісаць мы яму не будзем, некалі я табе скажу — чаму, цяпер ты яшчэ не разбярэшся ў гэтым... — Юля яшчэ штосьці хацела сказаць, але змоўкла: ішла паштарка. Тая павіталася, дастала з сумкі i аддала газету, але сумкі за плячо яшчэ не закінула, выцягнула пачак пісем, разабрала ix; Юля чакала, што будзе матчына пенсія, як паштарка дастала ліст.

«Манька наша прыслала»,— падумала Юля, узяла пісьмо, глянула на яго i — здзівілася: почырк, якім быў надпісаны адрас, здаўся ёй зусім незнаемым. Здаецца, яго яна ні разу не бачыла.

Відаць, ён быў чужы, незнаемы i паштарцы; яна стаяла, чакала, мусіць, што Юля скажа, ад каго ліст: заўсёды хацела ўсё ведаць. I яна знала, якім бацькам у вёсцы дзеці пішуць мала, a якім многа, ведала, якой дзяўчыне i колькі піша хлопец з арміі...

Але Юля не вельмі любіла хваліцца сваімі навінамі, расказваць пра сябе іншым, таму не разарвала канверт, а панесла яго ў хату.

Зацікаўленая сама, яна хуценька абарвала канверт, дастала ліст i пачала чытаць. Пецька стаяў ля стала i глядзеў на яе. I чым больш мяняўся яе твар, тым сын пільней глядзеў на яе.

Юля прабегла вачыма па пісьме, зноў пачала чытаць, удумваючыся, стараючыся разабраць кожнае слова; прачытаўшы, зразумела ўсё, жахнулася i схапілася ад страху, жалю за галаву, сціснула яе рукамі, зажмурыла вочы, чула, як моцна стукае кроў у скроні...

Нешта дапытваўся ў яе сын, тузаў за рукаў, але яна не магла пачуць малога: такое было нечаканае гора, што звалілася на яе...

— Мама, i гэта тата наш прыслаў?

— Тата,— не сваім, нейкім глухім голасам адказала яна.

— Баба, тата пісьмо прыслаў! — заскакаў Пецька, схапіў ліст i панёс бабулі.— А ты казала, што ён не напіша нам, не прывязе мне веласіпед.