Выбрать главу

Наталля ўзяла пісьмо, паднесла да вачэй, але не магла разабраць літар. Тады яна спаўзла з печы, дзе драмала нядаўна, дастала з шафы свае старыя, падрапаныя Пецькам, з ніткамі замест дужак, акуляры, пачапіла ix на нос, паднесла ліст да акна i пачала голасна чытаць. Прачытала, зняла акуляры i паглядзела на Юлю, але тая не падымала ад стала галавы. Цяжка было разабраць: яна плакала ці так, без слёз, бедавала. Наталля падышла, палажыла ля Юлі пісьмо, села паблізу i глядзела на нядаўна вясёлую, цяпер такую нярадасную дачку.

— Захварэў, з'язджаць надумаўся... Хай едзе, косіць сабакам сена,— сказала маці.

— Гэта не ён пісаў,— азвалася Юля, не падымаючы галавы.

— Дзе ж ён сам напіша, сорамна, сабаку, было. Вось i папрасіў некага.

— Што вы, мама, гаворыце: сам ён можа напісаць, але другіх не папросіць, я яго ведаю,— сказала Юля i падняла галаву, на шчоках яе былі слёзы.

— Ведаеш ці не ведаеш, дзіця, але ссушыў ён цябе.— Маці ўстала, чамусьці не магла глядзець у вочы Юлі.— I цяпер во чарнець па ім будзеш.

— Паеду я, мама.

— Дзеўка, ён хворы, можа, які,— абярнулася, холадна бліснула вачыма маці. Юля аж сцялася ад гэтага халоднага позірку.— Не ведаў ён цябе дагэтуль, з дзіцём у свет пусціў, столькі гора табе прынёс, забудзь i ты пра яго.

— Што вы, мама, гаворыце? Хіба вытрываю я? — вымавіла Юля, а сама падумала са страхам: «Божа, што я ўчора нарабіць магла...»

— З тваім характарам лепш не радзіцца,— сказала Наталля.— А другая паказала б яму. Ужо як за такім жыць, дык лепш ніякага не мець. Чалавек сам учора да цябе прыходзіў, ды добры чалавек...

— Паеду я, мама,— сказала Юля.— Не будзе мне шчасця, нішто не будзе міла...

— Едзь,— згодна сказала маці.— Хіба я цябе трымаю? Я век патурала табе. Каб меней патурала, стражэйшая крыху была, i ты шчаслівейшая была б.

...Юля прыбралася, апранула, што мела лепшае, падвяла бровы, пафарбавала вусны, пакруцілася ля люстэрка, паўглядалася на сябе з сумам i затоенай радасцю.

Ля грубкі стаяла i ўважліва глядзела на яе Наталля, дробненькая, сівая, з парэпанымі рукамі. Ёй, непрыгожай ад старасці ды i ў маладосці не надзеленай красою, сціналася, балела сэрца, што дачка яе такая яшчэ маладая, прыгожая, як адзелася чыста, дык i ў горадзе, здаецца, такой красы не знойдзеш. Але старая не сказала пра гэта дачцэ, паказвала, што злуецца, не хваліць, што тая надумалася рабіць па-свойму.

— Ну, будзьце здаровы! — Юля завязала хустку, яшчэ раз паглядзелася ў люстэрка.— Слухайся, сынок, бабулю.

— Вазьмі хлеба, каўбасы, з'ясі ў дарозе.

— Дзякуй, мама! — пасвятлела тварам Юля i пацалавала маці ў шчаку,— Добрая вы!

— Добрая! — змахнула фартухом слёзы маці.— Я ніколі, дзіця, табе ворагам не была. Едзь, калі надумалася.

— Паеду, мамачка!

Юля пацалавала сына i пайшла на аўтобус.

13.

Суседзі трапіліся негаваркія, маўклівыя: старэнькі сівы дзядок прыхінуўся да сцяны i драмаў, i маладзенькая дзяўчына ўвесь час глядзела ў акно ці чытала.

Юля сядзела i думала; у дарозе, калі няма з кім пагаварыць, хораша i ясна ўспамінаецца, што было ды прайшло, ацэньваецца, якім яно было ці магло быць; таксама цягне памарыць, пагадаць, уявіць сваё жыццё i сябе лепшым, шчаслівейшым.

Юля думала пра Генадзя. Прачытаўшы ліст, яна крыху здзівілася, што ён не забыў яе, i па-жаночы спагадала: як ні злавалася, але не жадала чалавеку гора. Падумала, чаму Генадзь сам не напісаў ёй, не папрасіўся: верыў у сваю ранейшую выдумку ці пасаромеўся? Прасіў знаёмую напісаць ці яна сама даведалася, вышукала неяк яе адрас i напісала? Пасля падумалася, што, можа, ён цяжэй захварэў, чым як піша знаёмая.

...Звялі ix сцежкі неспадзявана, на танцах, як часта цяпер бывае гэта ў маладых. Генадзя, высокага, шырокага ў плячах, Юля бачыла ўпершыню ў клубе.

Анька таго ж вечара пайшла дамоў з сябруком Генадзевым. Юля не падала за хлопцамі, нават баялася ix, помніла перасцярогі маці.

У леспрамгасе многа хлопцаў, i чубатых, i лысых, i «рабацяг», i начальнікаў, спрабавалі загаворваць з ёю, падкочваліся з падарункамі, але, убачыўшы яе асцярогу, нават вясковую дзікаватасць, хутка адыходзілі.

Аднойчы Юлю на роўнай дарозе, як кажуць людзі, спаткала бяда: адною нядзеляю, калі асабліва было сонечна, ярка на дварэ, яна каталася з сяброўкамі на лыжах. Паехала з высокай гары, не ўтрымалася, кульнулася ў снег i вывіхнула руку.

Наверсе смяяліся, аж браліся за бакі. Калі яна, паспрабаваўшы падняцца, войкнула i зноў упала, усе затрывожыліся, пад'ехалі i абступілі яе.

Яна плакала. Генадзь скінуў з яе ног лыжы, узяў Юлю на рукі, панёс у пасёлак. Юля абшчапіла яго за шыю, сцінала зубы i ціха войкала ад болю, нават не саромелася, што яе нясе на руках хлопец, пра якога не зусім добра гавораць у пасёлку, якім страшаць пажылыя кабеты маладых неразважлівых дзяўчат. Яна захвалявалася, разгубілася, калі назаўтра Генадзь прыйшоў праведаць яе, прынёс цукеркі, варэнне.Ён пасядзеў ля яе хвілінку i хутка пайшоў. I Юля пашкадавала, што яна, такая сумная, не зацікавіла яго.