— Я ніколі i не ганялася за лёгкім шчасцем,— сказала Юлька.— Жыла, верыла, кахала i даражыла гэтым каханнем, таму спадзявалася i цяпер спадзяюся на сваё шчасце.
— А я вось вузялок завязала, самой i развязаць прыйдзецца,— прамовіла Анька.— Ты цягніком паедзеш?
— Цягніком.
— Ну, шчасліва табе,— скупа ўсміхнулася Анька.— Калі любіш, то едзь, не любіш — лепш не ехаць.
— Паеду,— сказала Юля.
— Ну, дай табе бог шчаслівай долі.— Анька прыцягнула Юлю да сябе i пацалавала, хацела яшчэ, мусіць, штосьці пажадаць, але не сказала, адвярнулася; выцерла хустачкай вочы i пайшла ў горад.
Юля выйшла з вакзала i пачала глядзець услед Аньцы. Глядзела i здзіўлялася: Анька, прыгожая, стройная дасюль, шчаслівая, стала нейкая маленькая, згорбілася, i кожны, хто раней ведаў яе, відаць, цяпер здзівіўся б гэтаму.
15.
Гарадскую бальніцу Юля знайшла хутка. Распытала, даехала з вакзала аўтобусам i прайшла крыху.
Убачыўшы бальніцу, разгубілася — не ведала, як сустрэцца з Генадзем, што сказаць яму. Ды як ён выглядае, трымаецца цяпер?
Прыпынілася ля варот, удыхнула на поўныя грудзі паветра, пастаралася аддыхацца, супакоіцца, прыдумаць, што сказаць. Тое, што прыходзіла ёй у галаву за дарогу, здавалася цяпер няёмкім, нядобрым, а то i недалікатным.
Юля пастаяла, так i не супакоіўшыся пайшла ў бальніцу. Яна думала, што цяпер на яе глядзяць з усіх акон, але хворыя, урачы хадзілі спакойна па двары i на яе не зважалі.
Юля зайшла ў бальніцу, патапталася. Убачыла маладую прыгожую дзяўчыну, якая сядзела за сталом i пісала,
— Добры дзень! — нясмела павіталася Юля.— Выбачайце, скажыце, як мне ўбачыць Генадзя Матусевіча?
— З якой палаты? — спытала дзяжурная.
— Я здалёку прыехала, не ведаю,— адказала Юля.
— Як прозвішча хворага?
Юля паўтарыла.
— А, ведаю,— ажывілася сястра, палажыла ручку,— гэта шафёр той.
— Скажыце, што з ім? — падалася да яе Юля.
— Не бойцеся, нічога страшнага,— заспакоіла яе дзяўчына,— звычайны пералом нагі.
— А я абы-што думала,— сказала Юля, села i выцерла лоб хустачкаю.— Ну, дзякуй богу, што добра ўсё.
— Вылечым вашага мужа,— прамовіла сястра.— Ваш чалавек сумаваў толькі, што да яго ніхто не прыходзіць.
— Я не ведала...— сказала Юля i апусціла вочы.— Сяброўка толькі на днях напісала...
— Вы хочаце яго пабачыць?
— Хачу,— сказала Юля, адзела белы халат, бальнічныя тапачкі i не сваімі, як драўлянымі, нагамі пайшла ўслед за сястрой...
— Вось,— сказала сястра i піхнула нечакана дзверы. Юля зайшла ў палату, адразу ўбачыла з правага боку пакоя накрытага прасціною чалавека, які ляжаў тварам уніз.
— Матусевіч! — паклікала сястра.
Хворы i не варухнуўся.
— Спіць,— сказала дзяўчына.— Вы пасядзіце, адпачніце.
Калі сястра выйшла i зачыніла за сабою дзверы, Юля ўзяла крэсла, ціхенька паставіла яго ля ложка, села.
Генадзь павярнуўся, прасціна спаўзла з яго плячэй, i Юля ўбачыла знаёмы твар, толькі ёй здалося, што на ім з'явілася болей маршчынак. Паўглядаўшыся, яна ўбачыла на яго скронях сівую валасінку.
— Спі, Генка,— прашаптала яна, нахілілася i пацалавала мужа ў скронь.
Генадзь падняў галаву, глянуў на яе. Юля таксама глядзела на Генадзя, але паступова бачыла яго менш i менш: вочы засцілалі слёзы, яна нават сама не ведала, чаго плакала.
— Юля! — выдыхнуў Генадзь.
— Я, Генка,— сказала яна, падалася, i яны модна пацалаваліся.
— Калі ты прыехала?
— Толькі што,— прамовіла Юля.— Прыехала ў Вішнёўку, хата на замку. Сказалі суседкі, што тут ты... Напалохаў ты мяне...
— Адкуль ты ўведала?
— Суседка напісала,— сказала Юля.— Што ты зрабіў з нагою?
— Дрэвам прыціснула ў лесе. Ты адна прыехала?
— Адна. Пашкадавала Пецьку разводдзем цягаць.
— Як ён там?
— Добра. Гуляе з бабаю, а я на работу ў школу хаджу.
— Нядобра ў нас выйшла,— сказаў Генадзь.
— Пецька падрос, поўненькі такі,— Юля дастала з сумачкі здымак i падала мужу.— Усё не можа дачакацца, калі татка прыедзе i веласіпедзік прывязе.— Пасля яна не вытрымала i хліпнула: — Толькі крыўдзяць яго дзеці...
Генадзь узяў здымак, моўчкі глядзеў на свайго сына, і відаць было, як у яго калаціліся рукі. Ён пазіраў доўга, з нейкім добрым замілаваннем.
— Чаму крыўдзяць? — спытаў ён.
— Бязбацькавіч...
— Ляжаў я тут i думаў: папраўлюся, стану хадзіць — паеду да вас, трэба разабрацца... — гаварыў Генадзь, i Юля адчула, што перадумаў шмат за тэты час i ён.— А я ўжо i забыўся, які Пецька... Ляжу, успамінаю i не магу ўбачыць...