— Паздаравею — удваіх тады паедзем.
— Ну, добра, не затрымаюся. На гэтым жа тыдні з сынам у цябе будзем,— абяцала Юля.— Хопіць, набылася адна...
Генадзь аддаў ключы ад кватэры, якую ім летась даў леспрамгас, i Юля выйшла з палаты.
...Разгубленая, радасная, Юля стаяла ў сваёй кватэры, на кухні, у якой не была з восені. Трымала ў руках сумку i не здагадвалася яе пакласці, як не надумалася i сесці, i глядзела на ўсё знаёмае, сваё.
На тым жа месцы, на цвічку ля дзвярэй, вісела яе фуфайка, без аднаго гузіка, з вышмальцаванымі локцямі, ледзь вышэй яе звінеў лічыльнік, на якім ляжала парудзелая разліковая кніжка.
На лаве стаяў посуд; кантэйнер быў адчынены, у ім ляжала булка сухога хлеба.
Юля зайшла ў другую палавіну хаты, убачыла такія ж, як i на кухні, цёмныя фіранкі, запыленую накрыўку на тэлевізары.
На стале стаяў будзільнік i не цікаў, i ад таго ў хаце было так ціха, што яна пачула, як вые ў коміне вецер. Глянула на грубку: каля дзверцаў адскочыла гліна, i часта, відаць, з-за гэтага дыміла — быў цёмны стаяк.
«Што значыць, калі хата пабыла на замку»,— падумала Юля, падышла да стала i завяла гадзіннік. Адразу прапала цішыня.
Тады яна адчыніла дзверы, каб праветрылася хата, палажыла сумку, узяла вядро i пайшла па ваду. Пашаравала вядро i некалькі разоў выпаласкала яго. Наліла поўнае вады i прынесла ў хату. На месцы, пад столікам, ляжала i ануча мыць падлогу.
Намачыла венік i спырскала хату. Тады зняла з акон фіранкі, паразбірала пасцелі i пачала выціраць з шафы, плафона, сцен пыл, сабрала i запхнула ў грубку старый газеты.
Успомніла пра свой i Генадзеў партрэты, што віселі ў спальні. Рамка i шкло былі так запылены, што не відаць было твараў. Юля абцерла фартухом — партрэты ажылі, а яна, здаецца, на здымку ўсміхалася; недзе здалёку, з вачэй бачыўся шчаслівы смех.
Пасля яна стала мыць падлогу. Падумала, што трэ было прынесці вады ў чыстым вядры i паставіць грэць — мыць посуд. Пайшла на кухню i не ўбачыла гэтага вядра — можа, узяла суседка, але да яе заходзіць не хацелася. Можна прынесці вады i ў чайніку ці каструлі.
Яна пачала выціраць падлогу, i тая свежа блішчала, ажно можна было глядзецца.
16.
Юля зірнула на Генадзя — высокага, у выцертым асеннім паліто, вушанцы — i падумала, якая яна ўсё-такі дзіўная: столькі гаравала, чакала ўсё Генадзя, верыла, што пачнуць добра жыць, адыдзе ўсялякая горыч.
А Генадзь, стомлены дарогай, непаголены, вельмі ўжо смешны ў караткаватых штанах, худы i слабы ад хваробы, спакойна ішоў, углядаўся ў незнаёмыя мясціны, штосьці думаў сваё... I такіх людзей, як ён, звычайных, нечакана падумала яна, відаць, ёсць многа на свеце.
«А ён самы харошы, i толькі адна я, можа, гэта ведаю»,— Юля тарганула Генадзя за рукаў.
...Нечакана мяккая вясновая цішыня прарвалася — палілася па наваколлі шчырая i радасная песня. Юля i Генадзь глянулі ўверх: недзе зусім блізка, у сіняй бездані неба, звонка i чыста выспеўвалі нябачныя жаўранкі, радуючыся, што прыляцелі з далёкіх краін у родную старану, на свае знаёмыя палі, перацярпеўшы ростань, вялікую дарогу, а цяпер пачынаюць нанова жыць.
1971
АПАВЯДАННІ
ЦЯПЛО НА ПЕРШАЦВЕТ
Трыпціх
1.
— Сынок! Га, сыне! — хтосьці дужы тузаў мяне за плячо, але я не мог прачнуцца i пазнаць голасу: вельмі хацелася спаць.
Мяккім i ўлежным здаваўся сяннік, хоць напхнулі яго толькі ўчора: за зіму леташняя салома ў ім збілася, перасеклася, нібы яе стачылі мышы, i спаць на ёй было надта мулка. Бацька распароў сяннік, занёс яго ў хлеў i вытрас гэтую «сечку» карове на подсціл, схадзіў у гумно i выбраў жоўценькай саломы. Была яна халодная, доўга ляжала ля грубкі i грэлася. Калі стала сухая i цёплая, бацька запхнуў яе ў сяннік i зашыў яго. Сяннік выйшаў тоўсты, гарбаты, калі я лёг на яго, то не мог утрымацца i скаціўся долу.
«Абтапчы»,— усміхаўся задаволены бацька, i я скакаў, уціскаў салому, аж нацёр калені аб вострыя яе камлюкі.
— Стасік! — зноў пачуў я хрыплаваты голас i пазнаў: будзіць мяне бацька.
Не хацелася нават расплюшчваць вачэй: так было цёпла, утульна, мякка, але бацька настойліва, нават з нейкім сполахам клікаў мяне, што я пераадолеў сон, глянуў, адразу зажмурыўся ад яркага, як здавалася, святла газоўкі. Зразумеў, што яшчэ вельмі рана: i спаць хочацца, i не днее, i маці не відаць ля печы.
— Уставай, сыне, імчы да бабы. Скажы, хай да нас ідзе...
У мяне адна баба, матчына маці, жыве за лесам, за добрую вярсту ад нас. Яна сама кожнага дня прыходзіць, спрасоння думаю я, чаго яе клікаць у такую рань! Вось i ўчора была, не дазваляла маме насіць поўныя вёдры, скубці i даваць карове сена, паднімаць на прыпек цяжкія саганы, a рабіла ўсё гэта сама. Дамоў пайшла вечарам, паабяцала, што назаўтра зноў прыйдзе.