Цяпер я задумаўся: дык адкуль жа возьмецца сёння ў нас малое?
— Ты вырас ужо, дзяцюк,— кажа бабуля,— сем годзікаў маеш. Па-добраму, пара даўно мець i другое. На гэтым жа свет стаіць... Але як будзеце жыць, не ведаю. Ратоў прыбаўляецца, а яды... Ды маці нікуды надта не адвернецца, будзе сядзець ля калыскі. Каб не гэтая вайна яшчэ... Такая бясхлебіца...
Калі мы, спяшаючыся, дайшлі да нашай хаты, пачало выплываць чырвонае сонца, калюча i холадна асвяціла небакрай. Мы тупалі i бачылі ўжо дарогу. Ногі мае закарчанелі ў гумовіках.
Маці ляжала на тым жа ложку, толькі цяпер была нейкая вялікая, на ўсю пасцель, глянула на нас, калі мы ўвайшлі, i зноў заплюшчыла вочы. Я заўважыў, што ў яе бледныя вусны, сухія, аж патрэсканыя, як зімою ў мароз.
— Ну, што тут? — спытала бабуля ў бацькі.
— Ды во! — сарамліва ўсміхнуўся ён i паказаў рукою на маці.
Бабуля падышла да пасцелі, нагнулася, разгарнула невялікі белы скрутачак, паглядзела i сказала:
— Ну, во i добра, дзяўчынка...— Пасля паклікала мяне: — Ідзі глянь, i ты некалі гэтакі быў, тож так у руках трымала...
Я падышоў i ўбачыў загорнутае ў чысценькае прасцірадла маленечкае дзіця, здзівіўся: адкуль яно ўзялося?
— Не зачыніў учора коміна,— папракнуў мяне бацька,— вось i ўкінуў нам бусел дзіця. Раз не дапільнаваў, то будзеш цяпер гуляць з ім.
Я разгубіўся, стаяў i лыпаў вачамі.
— Не слухай, сынок, бацька насміхаецца. Гэта твая сястрычка,— ціха сказала маці.— Паглядзі, яна на цябе i падобная.
Бабуля апусціла ніжэй гэтае не пекнае дзіця, але я, разгублены, блізка не падышоў i добра не зірнуў на сястрычку.
Так i не дабіўшыся, каб я прылашчыў хоць позіркам малое, бабуля адышла ад мяне, палажыла дзіця, сказала бацьку прынесці ночвы, выпаласкаць ix i наліць цёплай вады. Я пастаяў, патоўкся пад рукамі i, калі ўбачыў, што лішні, ніхто на мяне не глядзіць, нікому я не трэба, выйшаў на двор. Не ведаў, што буду рабіць там, але падаўся за хлеў, на поле, далей ад дому. Таптаў на лужынах тонкую намаразь, коўзаўся па старым лёдзе, быў неспакойны, не рады, што вырваўся з хаты. Але вяртацца ў яе не хацелася.
З лесу пачулася, як заляскалі па прымерзлай зямлі колы, зарыпелі гужы ды драбіны. Я ведаў, што едзе мамін брат, дзядзька Янусь, такі ж высокі, дужы, як i мой бацька.
Дзядзька Янусь добры, ён увесь час жартуе, расказвае цікавае ці прынясе які ласунец. Ён амаль штодня катаў мяне на калёсах, садзіў ля сябе i даваў «кіраваць». Я моцна трымаўся за лейцы, ехаў i здзіўляўся, чаму такая вузкая дарога: конь кідаўся з абочыны на абочыну. Дзядзька пасміхаўся i гаварыў, што канём не трэба кіраваць, тузаць яго — ён i сам умее выбіраць дарогу.
Цяпер, як бачылася, дзядзька спяшаўся i не думаў заязджаць да нас. Раней, бывала, заскочыць, паставіць ля хлява каня, падкіне яму сена, зойдзе ў хату, паснедае i паедзе далей.
Сёння ён не заехаў, павярнуў ля сажалкі, што была за паўвярсты адсюль, i выехаў на дарогу-сыпанку, якая вяла да суседняй вёскі, Ніўнага.
У Ніўным ужо з паўгода быў калгас, i нашы хутарскія мужчыны часта хадзілі туды глядзець, як жывуць «калгоснікі». Дзядзька Янусь таксама бываў, памагаў свайму брату-ніўнянцу — вазіў з іхняга калгаснага лесу дровы да «хаткі», дзе варылі калгасным цялятам i коням бульбу, каб падмяшаць яе ў сечку. Я часта ездзіў з ім у Ніўнае, заходзіў да другога свайго дзядзькі, Антуся, які працаваў конюхам.
Дзядзька Антусь — не карэнны ніўнянец. Сям'я яго, жонка i двое дзяцей, жылі да нядаўняга часу ля нас у зямлянцы. Але дзядзька Антусь, як толькі вярнуўся з вайны, не захацеў жыць болей на хутары, схадзіў да ніўнянскага старшыні калгаса, дамовіўся з ім i пераехаў туды, уступіў у калгас i стаў працаваць на канюшні: вельмі любіў коней, ён i на вайне быў кавалерыстам.
Дзядзька Антусь, відаць, расказаў старшыні, што мой бацька каваль, бо на днях той, высокі, вусаты, у ваенным адзенні, але без пагонаў, з адным пустым рукавом, якое было заткнута за рэмень, прыязджаў да нас i ўгаворваў, каб i мы перабіраліся ў Ніўнае, прасіў бацьку працаваць кавалём, перавозіць туды i нашу «кузеньку», агораную ўсёй бацькавай раднёю яшчэ да вайны.
Я слухаў i глядзеў на старшынёву, некалі зялёную, а цяпер пабялелую, гімнасцёрку з медалямі, здзіўляўся, як ix многа, з зайздрасцю аглядаў яго выцвілую фуражку, на якой не было зорачкі, а бачылася толькі на яе месцы плямінка i дзірачка. Старшыня быў заклапочаны, худы, зусім не смяяўся, пільна глядзеў на бацьку i гаварыў: «Каваль нам надта трэба, бо даюць трактар, сеялкі, плугі, a правіць ix няма каму, бо ўсе кавалі нашы на вайне паклалі галовы... А ты што тут, на хутары, будзеш рабіць i што заробіш? Хутаранец многа табе не заплаціць, калі ты яму які серп склеплеш».