Выбрать главу

Я не спалохаўся, не адступіў, глядзеў яму ў твар i бачыў, як дрыжыць яго губа, як ён, дужы, разгубіўся, пачуўшы, што я сказаў.

— Дык хто я? — прасіпеў ён.

— Ты — дурань, ты сам ніводнай задачкі не рошыш...

Гэта ўжо яго раззлавала, ён размахнуўся рукою — i я са сполахам убачыў, як з яго рукава вылецела прывязаная на гумцы гірка i стала набліжацца да майго твару. Я не паспеў ухіліцца — гірка пляснула мне па пераносіцы.

Я нема завыў ад болю, закрыў твар рукою.

— Будзеш ведаць, як агрызацца...— сказаў Мішка, як апраўдваў сябе.

Я са злосці, крыўды нагнуўся, схапіў жменю снегу, не баяўся, што зноў пападзе (колькі ўжо баяцца), кінуў яго ў твар Мішку.

— Ну ты, гэўрык! — Ён адступіў, закрыў твар рукавом.— Не лезь, а то растапчу...— гразіўся, але біцца не збіраўся, адыходзіў.— У мяне не паскачаш... Вы павінны мяне баяцца... Як агню... А будзеш абзываць — будзеш палучаць. Вытры нос... Калі дома пажалішся, то яшчэ... Заступнік зялёны!..

— Я... Я...— мне хацелася сказаць тое, што думаў, але слёзы душылі, нос балеў, i я не мог стрымаць плачу.

Так, плачучы, з крыўдаю i злосцю, мучачыся, што нічога не магу зрабіць Мішку, прыйшоў дахаты.

3.

Ужо летам, калі мы не хадзілі ў школу, калі ў садах акругляліся, трацілі горасць i пачыналі цукравець яблыкі, бацька паслаў мяне ў Крычаты. Там я быў часта, хадзіў па розных патрэбах, але адзін ішоў туды першы раз. Як нашы матлашылі казінцаў у сваёй вёсцы, так i яны, залавіўшы нас на сваім хутарку, стараліся адпомсціць, не выпусціць цэлымі; калі не наштурхаюць ці не дадуць кухталёў, то хоць прабягуць, пастрашаць ды каменняў услед нашпурляюць...

Бацька ўкаваў калёсы аднаму крычатоўцу, i вось цяпер я ішоў да яго па плату. Тупаў i асцерагаўся, каб не злавілі мяне там аднаго i не адлупцавалі, бо не забыліся, як на днях Мішка ля нашай вёскі пераняў Тосіка, паваліў яго, адабраў торбачку, у якой той нёс з нашага магазіна цукар, i насыпаў у яе пяску...

Калі я мінуў Шабунеў лес, выйшаў на луг i ўбачыў, што ля крычатоўскага моста купаецца многа хлопцаў, я ўзяў ля абочыны i засунуў у кішэні пару камянёў. Мяне згледзелі, павылазілі на бераг. Я падрыхтаваўся да бойкі.

— Хадзі, Стасік, пакупаемся,— паклікаў мяне Тосік, але я мала верыў яго дабраце, думаў, што заманьвае.

Я адмовіўся купацца, стараўся хутчэй падысці да моста i перабегчы яго. Азіраючыся, перайшоў i бачыў, што гнацца за мною не збіраюцца. Тады я, адышоўшыся, прысеў, каб мяне ніхто не бачыў, i выкінуў з кішэні камяні.

Калі я забраў плату i вяртаўся дамоў, мяне сустрэла Камця. Здаецца, яна падрасла за лета, стала высокая, загарэлая, леташняя яе сукенка была маленькаю.

— Дзе ты быў? — спытала яна.

Я прызнаўся.

— А мне ровар купілі,— пахвалілася яна.

У мяне такіх радасцей не было, таму я прамаўчаў.

— У Прудах школу адкрылі,— сказала яна.— I мы будзем хадзіць не да вас, а да ix, бо туды бліжэй.

Я пачуў гэта i засумаваў, што мы не будзем больш бачыцца, што цяпер ужо могуць крыўдзіць яе прудзяне, i ніхто, можа, за яе не заступіцца.

— Пачакай мяне,— прамовіла яна i пабегла ў сваю хату, хутка вярнулася i несла ў руках лусту батона, намазанага мёдам.

Белы хлеб мы елі толькі па святах, а так мама пячэ на нядзелях сухарыкі.

— На,— сказала Камця i падала лусту.— Бяры, у нас многа булак.

Я ўзяў i са смакам пачаў уплятаць, хоць шкадаваў: ніяк не мог выхітраваць, каб мёд быў на лусце i яго з'ядаць, бо ён цёк па пальцах i капаў на зямлю.

— Хочаш пакатацца на ровары? — спытала Камця.

— Хачу,— сказаў я.

— Прыходзь заўтра, таты i мамы не будзе дома, то мы i пакатаемся. Прыйдзеш?

— Прыйду,— з радасцю прамовіў я.

— Прыходзь, толькі Мішкі не бяры з сабою. Я не дам яму катацца...

— Я яму нічога не скажу,— паабяцаў я.

Толькі што перастаў ліць, як з дзіравага мяха, дождж. Рассунуліся, пасвятлелі на небе шэрыя хмары — павіднела, стала высокае, блакітнае неба. Прыпякло i прыпарыла.

Камця i я сядзелі ля рэчкі, глядзелі, як блішчыць на сцяблах асакі вада, збіраецца ў кроплі i падае долу. Яшчэ нядаўна мы былі ў хаце, сцішана сядзелі i ca сполахам слухалі, як лютаваў, ляскаў гром, жудасна паліла неба маланка, як ліло,— здавалася, затопіць усё на свеце. Калі пацішэла, пакацілася навальніца кудысьці за Налібакі, мы выбеглі з хаты i гойсалі па цёплых лужынах, пырскаліся, абліліся з ног да галавы вадою, а пасля прыбеглі сюды, на пясчаны бераг крычатоўскай ракі. Тут мы часта ўжо гулялі, ляпілі з мокрага пяску домікі — «школу, магазін, хаты».