Выбрать главу

«З некім жа во дражніцца...— падумаў ён.— Нехта ж жаніхаецца ўжо... Хто? Ці талковы хоць? Можа, які ветрагон...»

Адчуў трывогу. За даччын лес. Не дай бог, спакусіць, ашукае які паганец. Што тады? Праўду людзі кажуць: узяў кавалер дачку за руку, а бацькоў бярэ за сэрца...

Калі яна неўзабаве распранулася i легла на свой ложак, побач з малодшаю сястрою, дык доўга не магла заснуць — варочалася, нібы ёй было мулка ляжаць, падымалася і, седзячы, зноў угледжвалася ў акно, слухала ваколіцу. Ён не спаў, чуў i бачыў усё, але маўчаў. Што ён мог сказаць? Нi воклічам, ні пагрозаю ўжо нічога не зменіш. Вырасла дачка, стала паненкаю. Уступіла ў пару, калі трэба ўжо жыць іначай, думаць пра сталае. Калі пазяхнуў — здаецца, i ціха,— Зося ўпала на падушку, сцішылася, затаілася.

Заснула. Услед за ёю заснула i маці — яна гэтаксама ўсё чула, ціхенька ўздыхала, адчуваючы, што хутка гэтая вячорніца паляціць з бацькоўскай хаты, шаптала малітвы — замольвала свае грахі ды, відаць, прасіла бога ўсцерагчы дачку. Усцешна бацьку, маці, калі дачка здаровая, наглядная, калі вакол яе рояцца хлопцы, але i трывожна. Непакоіліся раней, пакуль не выйшла замуж, за старэйшую, за Галену, цяпер вось прыйшоў час непакоіцца за гэтую страказу.

Цяпер, калі ўжо ўсе ў хаце спалі, дык падступаў сон i да яго. Ён драмаў, нават засынаў. Падхопліваўся: можа, ужо i шмат спаў! Можа, ужо i задушылася Лялька! Лаючы сябе, такога нядбайнага гаспадара, спаўзаў з куфра i ішоў у хлеў. Дзякуй богу, Лялька была жывая. Ён жагнаўся, радуючыся: адна ж кароўка на сям'ю — на пяцярых. А без каровы — ды такой дойнай,— як i без каня, якое жыццё?! Праўда, смятаны ці масла ад Лялькі яны самі мала калі бачылі, як i мёд ад іхніх пчолак, бо прадавалі Шлему. Збіралі ўжо Зосі пасаг. Але маслёнкі, кіслага малака, тварагу мелі ўдосталь.

Вось зноў падхапіўся. Сеў. Не мог даўмецца, колькі спаў. Няма ж гадзінніка. Hi на руцэ, ні на сцяне. Час мералі па пеўневых кукарэканнях. Першы раз певень то праспяваў ужо, другі раз, здаецца, яшчэ не абзываўся. Мішук абмацаў на току каля куфра ліхтар з прытушаным агнём, патупаў з хаты.

На дварэ было не вельмі цёмна, але холадна. Цяў сакавіцкі мароз. Рыпеў снег. Здаецца, на ўсю вёску.

У хляве пабольшыў у ліхтары агонь. Захваляваўся: каля бурай каровы ляжала гэтакае ж бурае цяля, а сама карова якраз пазбаўлялася ад паследу. Добра, што паспеў у час. З'ела б Лялька гэты паслед — сапсавала б, як кажуць, надоўга малако.

«Дай бог, каб цялушка! — падумаў, зачыняючы за сабою шчыльна ўцепленыя саломаю дзверы.— Была б Зосі ў пасаг... Не сёлета, дык налета пойдзе ўжо замуж...» Па яго i жончыных назірках Лялька павінна была ашчаслівіць ix якраз цялушачкаю: была не жвавая — на бычка, а цяжкая, марудлівая — на цялушачку.

Мінуў загарадку, дзе ляжаў конь, уваншоў у кароўскую загарадзь. Пастаяў, любуючыся на рыжае — ад Нямкевічавага быка — цяля, пасля прыбраў паслед. Карове, здаецца, пайшлося ўсё добра, яна даволі моцна стаяла на нагах i цяпер адразу, павярнуўшыся, пачала аблізваць цёплае вільготнае цяля.

«Усё ж халаднавата ў хляве,— падумаў.— Змерзне гэтае немаўлятка. Трэба забраць яго ў хату».

Але адразу не браў, чакаў, калі цяля акрыяе, стане на ногі i смактане матчынага малака — адчуе голад i смак, будзе па-добраму ужо сапраудны жылец на гэтым свеце.

Агледзеў: цялушачка! Дзякуй богу! Пачуў заступнік іхнюю просьбу, уважыў!

Пасля, калі цяля падалося, начало станавіцца на пярэднія ногі, шкрэбацца, але i тут жа падаць, тыцкацца мордачкаю ў дол, памог яму, кволаму, падняцца, падапхнуў да вымя. Цяля ўткнулася, смактанула i, як дзіця, папярхнулася.

— Эх ты! — усміхнуўся.— Недарэка!

Калі цяля здаволілася i мацней стала на тоненькія ногі, падхапіў i, укрываючы поламі кажуха, панёс яго, усё яшчэ цёплае, жаданае, мілае, у хату пад жалобны i трывожны каровін мык.

— Ну хто? — запытала ў хаце жонка, відаць, прачнуўшыся ад яго тупату ў сенцах, ад бразгання клямкаю.

— Цялушачка! — адказаў, несучы цяля на загадзя прыгатаваную каля печы пасцель з саломы i лахманоў.

—Дзякуй богу! — перажагналася жонка.

— Толькі ж заутра нічога нікому не пазычай,— перасцярог.— Уведаюць, што карова ацялілася, дык каторы наўмысле прыйдзе нешта пазычыць.

— Ну што я — дурная?