— Вось гэты унцер Прышыбееў, Алесь Іванавіч, сядзіць над маёй душою, як ястраб над перапёлкаю...— паскардзіўся Чарноў, бязвольна махнуўшы колькі разоў на свайго суседа.— Ён дабіваецца, каб я данёс яму, што вы думаеце i пішаце начамі дома, пра што мы гаворым у Казлова, пра што гавораць тыя высыльныя, што прыязджаюць з Івянца.
— Папрашу не зневажаць!— уладна, строгім голасам запатрабаваў Лядзяш.— Я не нейкі унцер, я падпалкоўнік! Па-другое, я не гуляю з вамі ў кошкі ды мышкі, я выконваю свой абавязак у інтарэсах бяспекі імперыі... У мяне вялікая місія...
— Якая к чорту місія! Дурасць!— перапыніў яго Чарноў.— Мне таксама, калі пасылалі сюды, гаварылі: ты едзеш з вышэйшай місіяй! А якая мая ці ўсix нас тут місія? Мы павінны дарабіць тое, што генерал Мураўёў не дарабіў тут у 1863-1864 шыбеніцамі... Алесь Іванавіч.— павярнуўся да Алеся.— Я — п'яніца. Горкі, як тут у вас кажуць, п'янюга! — захліпаў i застукаў у грудзіну кулаком.— Я страціў гонар, але я маю яшчэ сумленне. Я не даносчык, не здраднік, не падлюга. Я п'яніца. Я сумленны, шчыры рускі інтэлігент, рускі чалавек. Мяне можна прынізіць, зняважыць, але мяне няможна купіць. Усё магу аддаць. Усё. Але душы сваей не аддам. Ён, гэты «выратавальнік» Айчыны, мяне i страшыць, i сваім дакументам у вочы тыцкае, i спакушае вышэйшай місіяй, але я не... Ніколi! Я шчыры, сумленны чалавек... Ды я за вас, мілы мой Алеська, за такога высакароднага чалавека, жыцця свайго не пашкадую...— падхапіўся, хістаючыся, падышоў, абняў Алеся.— I вы шчыры, сумленны інтэлігент. I высакародны, мужны, любімы людзьмі, патрэбны бо не губіце, як я, свой дар у гарэлцы, а працуеце... Я...— i зноў ведама, п'яны чалавек, пачаў паўтараць ужо сказанае, а пасля з настойлівасцю запрашаць прысесці i выпіць. Ад яго чуўся непрыемпы пах тытуню i некалькі дзён таму спажытай гарэлкі.
— Андрэй Мікітавіч,— падтрымліваючы яго, сказаў Алесь.— Юры Васільевіч вельмі хворы. Ці маглі б вы падысці i паглядзець яго?
— Бедны Юры! — застагнаў, павісшы на Алесевым плечуку, Чарноў.— Дурні — здаровыя, як быкі, а сумленныя — хворыя i слабыя...
— Сумленны! — з пагардаю i злосцю азваўся Лядзяш.— Здраднік Айчыны!
— Вон! — азірнуўся, закрычаў Чарноў.— Я папрашу вас, унцер, прэч з маёй кватэры! Я адзін магу выслухоўваць вашую старэчую бязглуздзіцу, лухту, дурноту, каб як урач паназіраць, як нізка можа пляснуцца чалавек як гома сапіенс, але не дазволю абражаць маіх сяброў... Вон! — затыкаў у таго пальцам.— Вон, каб i духу вашага тут не было!
— Бач, спеліся! — Лядзяш схапіў са сцяны фуражку, шынель i, не апранаючыся, шыбнуў з кватэры.— Ну, пачакай, п'янчужка! Я табе ўстаўлю розум, навучу пазнаваць сяброў i непрыяцеляў!
— Божа! — зноў застагнаў Чарноў.— I такія дурні «служаць» справе! Яны ж ганьбяць яе. Бедныя мы... Столькі ў нас дурноты, пошасці! Але вы, Аляксандр Іванавіч, не засмучайцеся. Я ваш шчыры сябра...
— Андрэй Мікітавіч,— напомніў Алесь,— пайшлі!
— Сходзім, сходзім, дружок! — падрадзіўся Чарноў, хістаючыся, падаючы, падаўся ў лепшы пакой i пачаў збіраць сваё доктарскае начынне ў знаёмы ўсім чорны сакваяжык.
Пасля, калі ўжо ішлі па начной ціхай, амаль без святла вуліцы, ён зноў пачаў расказваць, як Лядзяш змушаў яго даносіць на ix, але ён адмовіўся, бо ён сумленны чалавек i не хоча служыць Айчыне гэткім чынам, як ён любіць ix, Алеся i свайго земляка Казлова, як Лядзяш ганьбіць Айчыну, кляўся, што яны ідуць да Казлова i Лядзяш туды прыйдзе — пад вокны, каб усё выслухаць. Гаварыў, што добра кажа Казлоў: калі рэжым пачынае больш траціць на палідыю, чым на настаўнікаў ды культуру, дык будучыні ў такога рэжыму няма...
Перад Собалішынай хатай Чарноў акрыяў. Сам зайшоў, распрануўся i яшчэ ў парозе закамандаваў Собалісе:
— Вады, цётка Франя. У доктара заўсёды павінны быць чыстыя рукі!
Амаль не хістаючыся, пайшоў з сакваяжыкам да Казлова, сеў, зняў ручнік, прыклаў руку хвораму да лоба.
— О, Юры Васільевіч! Ды вы як у пекле! — пашкадаваў.— Чаму ж вы, дружок, такі сціплы? Чаму вы раней не паклікалі мяне? — паклаў на калені сакваяжык, адчыніўшы яго, дастаў трубку. Выслухаў ёю грудзі, плечы Казлова.— Двухбаковае запаленне лёгкіх, дружок. Не ставілі банечкі? Тады давайце, цётка Франя, лучыну, пакулле, першачок.
Собаліха хутка ўсё падрыхтавала. Чарноў змусіў Казлова перавярнуцца ніцма, задраў кашулю i пачаў спрытна на худыя плечы ставіць банькі — тыцне агнём у баньку i хлоп яе, памутнелую, на лапаткі ці пад лапаткі. Каторыя банькі адразу ж уцягвалі ў сябе цела, абчырвоньвалі яго, іншыя адпадалі: плечы Казлова был i вельмі худыя, здаецца, нават без тлушчу, дык за ix цяжка было ўхапіцца.