Выбрать главу

Ён раней вельмі пакутаваў. I ад таго, што трапіў у лапы паліцыі, што па яго завялі дасье як на злачынцу, звольнілі з працы, абняславілі. Пa першым часе нават збянтэжыўся, збаяўся: а можа, ён сапраўды зламыснік, робіць нешта паганае? Можа, як кажуць, па самай справе займаецца недазволеным, падточвае, як той каварны шашаль, моц? Але пасля разважыў: а чаму недазволенае, злачыннае тое, што дарагое сэрцу? Хто каму даў права такое забараняць? Ці ўсё ж, як кажуць, няможна ўсім ці не ў час гаварыць праўду? Бо, гавораць, праўда можа забіць чалавека, калі яна не ў час выяўляецца. Паволі пазбавіўся сумненняў, апраўдаў сябе i цярпліва, мужна прывык да новай ролі гнанага чалавека, пачаў не баяцца ні суда, ні турмы. Можа, толькі стаў больш задумлівы, нават патайны, чым быў раней. Начаў шмат думаць. Раней ён мог гаварыць усё, што прасілася на язык, запальваўся як порах, цяпер жа пачаў вучыцца стрымліваць сябе, больш разважаць i менш гаварыць.

«А можа, марсянуць услед за старэйшым братам у Амерыку?» Як кажуць, у краіну мільянераў, раскошы, дэмакратыі, новага мастацтва, рамантыкаў, гангстэраў, у краіну, што нечакана i хутка стала з канца мінулага стагоддзя першай у свеце? Зпайсці сто пяцьдзесят рублёў, купіць шыфкартку i падацца з Рыгі ў той новы, багаты свет, дзе, як кажуць, грабуць грошы лапатаю, наняцца ў рабочыя, парабкі, зарабіць тысячы i выдаць там слоўнікі — зрабіць для свайго народа тое, што яму вельмі трэба. Але дзе узяць тыя сто пяцьдзесят рублёў? Hi ў яго, ні ў бацькі такіх грошай няма. У іхняй Ядзі крыху ёсць, тое, што прысылае ёй кожны месяц Гіполь. Але ён дазваляе браць ёй на дробную трату мала, астатняе загадвае лажыць на ашчадную кніжку. Збірае на зямлю, на лес — хоча ўзбіцца на сваю гаспадарку. Hi Ядзя, бадай, не асмеліцца даць яму заробленыя мужам на чужыне грошы, ні сам ён не можа ix папрасіць. Хіба толькі пазычыць у сабакі вочы?!

Ды ёсць яшчэ пра Амерыку адна закавыка. Ці заробіш там тыя тысячы, ці знойдзеш выдаўца, пакупнікоў? I, па-трэцяе альбо нават i па-чацвёртае, ці зразумее яго ўцёкі веска? Ці не скажуць свае ж людзі з пагардаю: падбіваў-падбіваў нас да свядомасці, а сам, як прышчамілі крыху хвост, кінуў-рынуў нас, адмовіўся ад сваёй веры i пагнаўся па вялікія грошы?! A казаў жа ўвесь час, што ёсць нешта i больш важнае, чым грошы!

Не, адчуў, уцякаць яму няможна. Як бы ні склаўся яго лёс, а ён мусіць быць тут, побач са сваімі людзьмі. Трэба не нікнуць, не маркоціцца, а далей рабіць сваё, каб некалі, калі памрэ, успаміналі яго з павагаю, гаварылі: можа, i не ўсё ён зрабіў i не так, як трэба, але рабіў усё шчыра, сумленна, колькі меў розуму i сілы, нідзе i ніколі не хітраваў, не здраджваў нi сабе, ні людзям, нi жыццю, не прыстасоўваўся i не подлічаў.

Але што ўсё ж рабіць? За што жыць самому, як памагчы бацькам? Прадаць кнігі? Шкода. Столькі збіраў ix. Нават бацька, ведаючы, што за ix можна купіць i каня, i карову, не змушае прадаваць. Кажа: растуць дзеці, дык i ім кнігі трэба будуць. Бо штораз i простаму чалавеку ўсё цяжэй i цяжэй без навукі.

Узяў ліст, што ляжаў тут жа, на стале. Яго прыслаў учора даўні сябрук, Сямён Васілевіч. Перачытаў.

«Паважаны дзядзька Алесь!

Як ты там, у сваім лясным Эдэме? Не зажурыўся, не паў духам зусім? Ці, можа, ажаніўся, аддаў усе сілы жонцы, гаспадарцы i забыўся пра душу i сэрца? Калі жывы, не адмяніўся i не адцураўся таго, ад чаго мы не павінны цурацца ніколі, прыязджай у Вільню. Я гаварыў пра цябе з дзядзькам Янкам Купалам, ён зацікавіўся тваім лёсам i абяцае памагчы. А памагчы цяпер ён можа, бо з 7 сакавіка становіцца афіцыйным рэдактарам «Нашай нівы», a неўзабаве, можа, стане i ўвогуле яе рэдактарам-выдаўцом. Дык яму трэба i добрый аўтары, i добрый супрацоўнікі, каб падняць узровень газеты, нашай працы. Чакаю, дзядзька, у Вільні. Тады i пагаворым пра ўсё, што хвалюе, пра нашых прыяцеляў i нашых ворагаў.

З пашанаю твой баламутны сябра С. В.»

Алесь згарнуў лісток, паклаў яго ў канверт i зноў задумаўся.

Дзіва: хто i калі ўсклаў на яго такую ношку— жыць не толькі сваімі страўнікавымі, але яшчэ i высакароднымі думамі i пачуццямі, быць свядомым, рабіць тое, што не прыносіць дабрабыту, a толькі непрыемнасці, пакуты? Чаму яна, тая ношка, дзе думы, пачуцці, свядомасць, чужая, лішняя, абыякавая, а то нават проста невядомая іншым? З аднаго боку прыемна, радасна, што ты надзелены вялікім болем i вялікай радасцю, можаш сам сабе падумаць: «Калі не я, дык хто іншы?» Ці сказаць: «А я ад вашага імені...», а з іншага боку цяжка. Цяжка i несці гэтую ношу, i адрачыся ад яе (ці не таму часамі бываюць вельмі злыя, нядобрыя i небяспечныя людзі, што шукалі праўды ці адказаў на свае пытанні — не знайшлі, а раз не знайшлі — пачалі помсціць, ненавідзець, жыццё, людзей?!). Чаму так бог дае: адзін пакутуе, а іншы, абыякавы, вясёлы, эгаістычны, жыве, нібы сырам плаваючы ў масле, i ніколі не папікне сябе? Шчаслівейшыя ці, наадварот, вартыя жалю тыя ж Дзяжко, Гарбуковіч — удачлівыя землякі, што выбіліся, як i ён, з сялян, не хвалююцца за тое, што яму не дае спакою, цураюцца таго, за што баліць яму душа, п'юць, смачна ядуць, папасваюцца каля кабет, адным словам, думаюць пра свой страўнік, а не пра сваю душу? Ці прыйдзецца ім калі задумацца, адпакутаваць за сваю хітрасць, абыякавасць, чужасць да сваіх бацькоў, людзей? Ці будзе i для ix судны дзень?