Выбрать главу

— Папробуй толькі! — прыстрашыла.

— Нe збаюся.

— Смелы!

— А вот i смелы! — сціснуў, аж адчуў далоньмі яе пруткія грудзі.

— Мядзведзь! — войкнула, уздыхнула.— Адпусці хоць крыху. Усе косці паломіш. Не дзіва, што можаш замест каня плуг цягнуць...

— Хіба ты пані, што ў цябе косці гэтакія слабыя? — ткнуўся шчакою да яе шчакі. Яна ўся ўздрыгнула, нібы да яе шчакі даткнуліся гарачым вуглём. Зноў ірванулася, але ён не адпусціў. Зацішылася. Аж было дзіва: чаму стала гэткая пакорлівая?

— Ну i калючы! — неўзабаве прамовіла з папрокам.— Правёў падбародкам, дык шчака, як ад агню, гарыць.

— Нейкая ты пані, далібог,— усміхнуўся.— Надта ж далікатная!

— Далікатная, далікатная! — перакрывіла.— Галіцца кожны дзень трэба, дык i не будзе падбародак як тарка.

— Няўжо мой падбародак як тарка? — пажартаваў, зноў прытуліў шчаку да яе шчакі. Яна адварочвалася. I зусім ужо не рэзка.— I хіба рукі мае такія благія?

Душою адчуў: трэба цяпер жа пераступіць мяжу асцярогі да смеласці, пралажыць след да новага між ім i Зосяю — трэба яе пацалаваць. Кажуць жа мужчыны: дзяўчаты надта баяцца, каб ix не пацалаваў хлопец, але заадно i надта любяць пацалункі. Аж млеюць ад ix. Надта тады, калi ix цалуюць у шыю ці ў грудзі. У шыю ці ў грудзі цяпер не пацалуеш, дык ён i не будзе туды цалаваць, а вось у губы — трэба было б. Але як нi з таго ні з сяго пацалаваць? Сорамна ж. Падумае: нейкі лізун! Як кабета! Гэта ж яны, кабеты, любяць цалавацца.

Адчуваў: не асмеліцца цяпер, дык не асмеліцца i пазней. Ізноў будзе тое ж: нясмелыя позіркі, без'языкасць. Вялікім намаганнем волі перамог сваю нерашучасць. Цмокнуў. Хутка i далікатна. У шчаку.

Miгам адхінуўся, адпусціў яе: чакаў злоснага штуршка ў грудзі, а то i горш — удару локцем у нос. Але Зося не рванулася, не напалохалася, як чакаў.

— Ці не здурэў? — нібы здзівілася i ўжо, здаецца, не збіралася ўцякаць. Стаяла па адным месцы.

— Здурэў... I даўно ўжо...— прамовіў ціха. З перарывістым хваляваннем. Адчуўшы яе паблажлівасць, павярнуў яе, зноў абняў, прыткнуўся ўжо грудзінай да яе грудзіны i смела пацалаваў у шчаку, а пасля пачаў шукаць яе вусны.

Зося па-ранейшаму не вырывалася, але гулліва адварочвала галаву і, адштурхоўваючы яго рукамі, не давала свае вусны. I — дзіва! — гарэзна ўсміхалася. Ці ад таго, што ён такі няўмека, ці ад таго, што яна гэтак спрытна ўхіляецца ад пацалунку. I сорам, i яе гарэзнасць пад'юшчылі, i ён мацней сціснуў яе, што яна абвяла. Цяпер напраўду, можа, забалелі яе косці. Але маўчала. Дык ён урэшце ўпершыню дакрануўся да яе халодных i нібы шорсткіх вуснаў. Засаромеўся, аж запалалі вушы. Цалуе ж! Дзяўчыну! Зосю! А яна, усё гарэзуючы, сціснула вусны. Схавала. I ціха, не адкрываючы рот, пасміхоўвалася. Аж, здаецца, трапяталася нешта ў яе горле. Пацалаваў раз, другі. Недзе каля яе рота.

Адчуў: ніякай радасці ад гэтых пацалупкаў. Зусім не тое, як думаў раней. Адзін толькі сорам.

Зноў папрутчэла, пачала выкручвацца з рук. Ён не адпускаў.

— Ідуць! Блізка ўжо! — прашаптала.— Пайшлі. Каб не дагналі.

Рушылі. Хутка-хутка. Зося, сама ўжо несучы вузельчык, не ўцякала. I тое, што яна нядаўна гэтак прашаптала пра небяспеку для ix абаіх, што ідзе побач, трывожна хвалявала: між імі змова!

Моўчкі падышлі да невысокай Мішуковай хаты, што стаяла шчытом да вуліцы. Здаецца, пагрозна на ix абаіх пазірала цёмнае акенца.

— Ідзі...— пошаптам прамовіла Зося, запыніўшыся i пазіраючы ў цемені яму ў вочы.— Нехта ж зусім блізка...

— Давай яшчэ крыху пастаім.— Хай сабе бачаць. Такая бяда.

— I нашы яшчэ ўбачаць... Крычаць будуць...

Крокі набліжаліся. Нехта — здаецца, удвух — ішоў ужо за лагчынаю.

— Давай пастаім яшчэ крыху за вашымі сенцамi...— папрасіў.

— Толькі крыху...— перасцерагла.— Ідзі ціха. Каб не пабудзіць нашых. Я пайду першая. Бо іначай сабака брэху наробіць.

I яны — Зося наперадзе, Янка воддаль за ёю,— мусіць, абое з адным страхам пазіраючы спачатку на вулічнае, а пасля i на дворнае цьмянае акно, на дыбачках падаліся за нізкія сенцы. Вось i ён мінуў ix, ледзь не ўзбіўшыся на санкі з абледзянелым цэбрам,— толькі піхнуў ix, пасунуў крыху наперад,— з бояззю зірнуў у яшчэ адно, кухоннае, акенца i завярнуў за глухую сцяну хаты, ля якой узвышалася пад самы вільчык высокая складня сухіх дроў — Мішук быў дбайны гаспадар.

— Ціха, Жук, ціха! — сказала Зося сабаку, які не вылез з недалёкай будкі, але з незадавальненнем забурчэў.

Янка падышоў да яе. Зося абапёрлася спіною аб складню дроў, падняла уверх руку.

— Ціха! — па-змоўніцку прашаптала ўжо яму. Прыслухалася. I ён затаіўся: ці не рыпнуць дзверы, ці не пачуецца звонкі голас старой Мішучыхі? Не. Ціха. Толькі блізка, на вуліцы, ішлі i гаманілі начныя хадакі. Мінулі хату. Усё замерла, утапілася ў ціш i сон.