Выбрать главу

Янка, хвалюючыся, прыблізіўся, прыціснуўся да Зосі. I праз свой кажух i яе кажушок пачуў яе пругкае цела, грудзі. Абняў, скрыжаваўшы рукі на яе паясніцы.

Яна падняла галаву, зірнула. Здаецца, з усмешкаю. Жартам павяла раз-другі казытлівым брывом па яго шчацэ. Прыткнуліся шчака да шчакі. Абое перарывіста дыхалі, не маглі пераадолець хваляванне. Ён даткнуўся вуснамі да яе халаднаватай мочкі вуха — адчуў неяк, што яно выехала з-пад хусткі. Ап’янеў ад паху яе валасоў. Папусціў рукі ўніз.

— Што ты задумаў? — усміхнулася.

— Нічога благога...

— Ну i не добрае.

— Чаму?

— Ды таму, што канчаецца на «у»...

Янка правёў вуснамі па яе ўжо цёплай, нават гарачай шчацэ — да вуснаў. Яна ж зноў папрутчэла, сціснула вусны i, як там, на вуліцы, зноў ціхенька заўсміхалася, забуркатала, як галубіца. I цяпер ён пацалаваў толькі ў яе самкнутыя вусны.

— Хіба ты забыўся: пост жа велькі цяпер! — як толькі адвёў вусны, запытала лагодна: — Дык ці можна так грашыць?

— Які ж тут грэх? — усміхнуўся.

— Грэх! I велькі! Замест таго каб маліцца, дык...— запнулася, не дагаварыла.— Грэшым...

— I даў жа бог гэтых пастоў! — паскардзіўся.— I малых, i велькіх! I не з'еш, чаго хочаш, i не скажы, i не...

— Маўчы ты!— нібы спалохалася.— Без дай прычыны не ўспамінай бога i не наракай.

Адчуваў: вось жартуюць, лічы, але i ў яго, i ў яе, відаць, адна цяпер думка ў галаве: яны ж разам! І не выпадкам!

— Зося...— прашаптаў, запнуўся. Аж жахнуўся: дзе, дзе тыя патрэбныя словы? Куды яны зніклі? — Я даўно хачу нешта сказаць...

Затаіла дыхание. Чакала, што скажа. А ён разгубіўся: не можа сказаць тое, пра што думае. Не паварочваецца на тое язык. А яна маўчыць. Каб загаварыла, запытала, дык яму было б нашмат лягчэй.

— Давай будзем кожны вечар бачыцца...— выпаліў нечакана зусім не тое, што хацеў сказаць.

— А можа, ты да якой другой хочаш хадзіць? — усміхнулася.— Да Волькі ці да Веры? Ці да малодшай пападзянкі?

— Не! — усклікнуў.— Я не хачу да ix хадзіць!

— Ціха ты! — сыкнула.— Раскрычаўся!

— Я не крычу. Я толькі гавару.

— А можа, да Кацярыны Сяргеенкавай хочаш хадзіць?

— Не. Ды як я магу да яе хадзіць? Яна ж замужняя...

— Бывае, i да замужніх хлопцы ходзяць. Уладак жа летась да сваёй суседкі падходжваў... Як памазалі вароты глінаю, дык уцякла ў Пруды, да бацькоў...

— Можа, хто i хадзіў ці ходзіць. Але я не хачу так...

— А харошая яна, праўда? — запытала з захапленнем.

Прамаўчаў.

— Самая харошая ў нашых Янкавінах,— пазайздросціла.— Нe дзіва, што Алесь ваш, чалавек вучаны, з добраю душою, яе некалі так упанаравіў! Красуня, што ні кажы!

— Уга,— не згадзіўся.— Ест i харашэйшыя.

— Хто ж? — здзівілася.

— Ваша Галена i ты...

— Скажаш! — нібы не згадзілася, але, здаецца, узрадавана.— Хіба ў нас такі далікатны твар, такія беленькія ручкі? Хіба мы такія вучаныя, культурныя, так файна апранаемся? Яна як пані, а мы... Мы простыя...

— Хай сабе i простыя, але сяроўна самыя паглядныя. Усе ж так кажуць. А Кацярына, можа, i пані... Бо ні змалку, ні цяпер не робіць нашай работы. Не жне, не грабе, не ходзіць каля быдла. Дык не дзіва, што ў яе ці ў пападзянак беленькія ручкі. Бо яны — гультайкі...

— Які хітры! — прамовіла гарэзна.— За вочы нагаворвае, a ў вочы лістам сцелецца! Вот i нядаўна, казалі дзяўчаты, ты з Кацярынаю як спаткаўся, пасміхоўваўся...

— Не...

— Скажаш, не бачыўся? — прыстала.— Будзеш яшчэ маніць?

— Яна сама перастрэла мяне, запыніла,— пачаў апраўдвацца, як грэшнік.— Пра Алеся нашага пытала... Яна не толькі ў мяне, але i ў нашай Кастусі пытаецца пра яго.

— I чаго яна хоча? — Зося запытала паспакайнелым ужо голасам.— Апраўдацца?

— Можа... Але ўсяго ў вочы не кажа. То ўздыхае, то хліпае, то як бы ненаўмысля прызнаецца, што яна ненавідзіць свайго Арнольда...

— Цяпер, можа, i ненавідзіць. Але ж гэтак пагана абышлася з вашым Алесем...— з абурэннем загаварыла.— Як толькі яго звольнілі са школы, дык яна i шмыгнула да другога.

— А ты?

— Што — я? — здзівілася.

— Шмыгнула б?

— Я — не! Каб аднаму паклялася ўжо, дык...

— А ты нікому яшчэ не клялася?

— А каму ж я магла паклясціся? — усміхнулася.

— Можа, Уладаку? Са шляхты ж!

— Таму, скалазубаму? — запытала зняважліва.— Ён жа брахун, хвалько! Ён жа каля Веркі ўецца як уюн.

— Можа, хочаш, каб да цябе хадзілі Дзежка ці паштавік Гарбук?

— От кажаш! — абарвала Зося, гэтымі словамі нібы мёдам мажучы яму па сэрцы.— Сяргеенкавы падбрэхічы! Ганарыстыя дурні! З ix жа смяюцца ўсе.