Выбрать главу

Адчувалася: тут ужо i ў ранне шматлюдна, гармідарна. Перад вакзалам шныпарылі шустрыя газетчыкі, з першага позірку, здаецца, ведаючы, каму i якую параіць газету. Адзін прычапіўся i да яго:

— Купеце, пан харошы, «Новое время» i «Виленский вестник».

— А «Нашу ніву» маеш? — запытаў Алесь прыпыняючыся.

— Не-е,— заківаў той галавою.— Але яна ё ў кіёску.

— Беларус? — беручы газеты, усміхнуўся Алесь.

— Не-е. Ліцвін.

— Літовец?

— Не-е. Ліцвін.

Прасілі сысці з дарогі насільшчыкі, везучы ад багажнай каморы валізкі на калясках да цягніка, якога яшчэ не было тут, але які, відаць, вось-вось павінен быў падысці, а ля парога стаяла групка апратных, выгаленых людзей з надпісамі гасцініц на залатых абручах чырвоных шапак, выкрыквала назвы тых гатэляў — на рускай мове, але хто з беларускім, хто з літоўскім акцэнтам. Мінуўшы ix, Алесь зайшоў у вакзал.

Мінуў залу i падышоў да кніжнага кіёска. Якраз там статная, паглядная маладзіца разразала ножыкам вяровачкі, распакоўвала папяровыя пачкі, брала кіпу газет, лажыла яе пасярэдзіне на сагнутую руку, хуценька лічыла правіслыя канцы i, падлічыўшы, клала газеты на прылавак. Ля кіёска стоўпіўся гурт інтэлігентных людзей. Стаў за высокім чыноўнікам-юрыстам i ён, пачаў чакаць. Спяшацца не было куды: родзічаў у Вільні не меў.

Праўда, ён ведаў тут двух землякоў, з Налібак, i сяброў. Да землякоў у апошнія гады ён стараўся не заходзіць: i Адам Зялёнка, былы пастаўнік, удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, вярнуўшыся з Сібіры, i яго сям'я адцураліся ад сваіх былых ідэалаў i сустракалі з непрыхільнасцю ды з недаверам, a Фелікс Ключнік, былы студэнт Пецярбургскага універсітэта, нарадаволец, звар'яцеў i нікога не пазнаваў. Да сяброў, Мухі ды Лідскага, не хацеў ісці зранку. З ахвотаю пайшоў бы да Васілевіча, каб той меў, як Муха i Лідскі, свой дом, але Васілевіч наймаў у чужых людзей невялічкі пакойчык, цеснячыся ў ім з немалою сям'ёю, дык не варта было яму надакучаць. Сустрэнецца ўжо з ім пад полудзень — у рэдакцыі.

Калі праз хвілін дваццаць дачакаўся сваёй калейкі, папрасіў «Нашу ніву». Маладзіца са здзіўленнем зірнула на яго, па прыкладзе некаторых іншых кіяскёрш перасцерагла:

— Пан ведае, што гэтая газэта папросту?

Ён кіўнуў галавою.

Яна пакорпалася сярод кіп, пасля дастала спадыспаду тонкі стосік, падала газету з усмешкай:

— Калі ласка.

Ёи падзякаваў, аддаў плату. Кіяскёрша паклала тоненькую кіпку навідавоку, усміхнулася ўжо нова му пакупніку:

— I вам, пане, такую газэтку?

— Нe, не!— той аж закрыўся рукамі.— Я не любіцель такога выдання.

Алесь адышоў.

Рашыў не ацірацца тут, не знаходзячы сабе кутка, a выйсці на свежае паветра. На марозік.

На дварэ ўжо было амаль светла. Вулічныя ліхтары былі патушаныя.

За вакзалам, чакаючы пасажыраў, бавілі час возчыкі. Хто сядзеў на фурманцы, пацепваючы плячыма ад холаду, хто гаманіў, сабраўшыся ў гурты. Калі ж услед за Алесем падышоў да ix важны пан у бабровай шапцы i ў футры, дык i з аднаго гурту, i з другога загаварылі з ім па-польску: пан быў паляк. На яго ж, на Алеся, з абодвух гуртоў зірнулі абыякава, нагледжаным ужо вокам адчуваючы, што яму возчыкі не трэба. Алесь заўсёды здзіўляўся гэтаму спрактыкаванаму ўменню гараджан: шмат ix, не ведаюць адзін аднаго, але чуйна, выдатна адчуваюць, хто ёсць хто, на адзенні, звычках, манеры размаўляць. Як i здзіўляўся, як спрытна ўмеюць усе гараджане — надта перад вясковым простым людам, увогуле правінцыяламі — пусціць пыл у вочы, мець у кішэні капейку, а падаць сябе чалавекам з туга напхапым кашальном, i яшчэ да гэтага разумным, усёведайкам. Мешчанін есць скарынку, запівае вадою, спіць на падлозе, на саломе, як i каторы селянін, але выйдзе на вуліцу паголены, у сурдуце, задзярэ галаву — дык i пан! Ён жа мешчанін! Тут няма той шчырасці, блізкасці i ўзаемапаразумення, што ў вёсцы. Гэтая гарадская пыха заўжды вельмі прыгнятала Алеся.

З боку фурманак стаялі пустыя яшчэ будкі. Паселіцца ў ix шум удзень, калі тут пойдзе бойкі гандаль. Цяпер каля адной з будак тупаў толькі дворнік, вусаты стары дзядзька ў шэрым халаце — біў ломам яшчэ асенні, брудны лёд i спіхаў яго рыдлёўкаю за будку, да ладнай ужо кучы.

Алесь перасек прасторную, ужо без снегу, а сям-там i без лёду плошчу i падаўся да Вострай брамы. Тут была святыня. I яе паважалі ўсе веруючыя.

Алесь крыху паназіраў, як ужо i цяпер стаялі на каленях i маліліся людзі, пасля паблукаў да цэнтра горада, да зліцця Вілейкі i Віллі, да высачэзнай круглай Замкавай гары — улетку падобнай на велізарны стог сена, а цяпер, узімку, не такой пышнай, крышку сумнай. Кожны госць, відаць, жадаў трапіць сюды, да падножжа i высокай гары, да старой вежы, да гарматы, што кожны дзень роўна а дванаццатай гадзіне бухала на ўвесь горад. З гары можна было ўбачыць, лічы, усю Вільню — плён розуму, працы літоўцаў i беларусаў, іншых народаў за некалькі стагоддзяў.