Выбрать главу

Цяпер, увечар, якраз браўся марозік. Сцягваў тонкаю скібінай талую ваду (а яе ўжо даволі шмат стаяла ў лагчынках), падшурхваў палягчэлы, зярністы снег.

— Вясна! — нібы ўрэшце прытаміўшыся ад сваёй гамонкі, заўважыў прыроду, змены ў ёй Сямён.— Праўда, тут, у горадзе, яна прыходзіць неяк непрыкметна. A ў вёсцы — шумна, весела! Колькі вады, радасці дзецям! Жыву ў горадзе, а душа там, у вёсцы! Хоць, праўда, паеду ў вёску — сумую без горада...

Алесь тупаў моўчкі. Каторую часіну, як Сямён не толькі папрасіў, але загадаў, што зойдуць да яго i ён будзе жыць у ix, пакутаваў: будзе ў цяжар Васілевічавай сям'і.

У пакойчыку, што займаў Сямён, была ўся яго сям'я — жонка, дзеці. Жонка, Таня, невысокая, тоненькая, яшчэ зусім маладая, зірнула на ix абодвух неяк жаласна, a дзеці — малыя, ад чатырох гадоў да года, адно пад адно — сыпанулі, як гарох, да Сямёна, абшчапілі яго за ногі, відаць, за дзень засумаваўшы ў гэтай клетцы без свежага чалавека, без бацькі. Сямёнаў сямейны лес быў незвычайны, як i ўсё яго жыццё. Калі ён вярнуўся з турмы i працаваў ужо ў Вільні, аднойчы сустрэў маладзенькае заплаканае дзяўчо. Яно стаяла каля поўнай пасля дажджу Віліі i плакала. Падарожныя гараджане міналі яго, не зважаючы на горкі плач, ён жа запыніўся, распытаў дзяўчыну пра яе гора. Уведаў: яе, семнаццацігадовую пакаёўку, сірату, спакусіў гаспадар — багаты віленскі банкір. Але па загадзе разгневанай жонкі выгнаў з дому, як кажуць, голую i галодную. Сямён, пашкадаваўшы, прывёў яе на сваю кватэру, змусіў жыць у ёй, змусіў дазволіць узяць на сябе чужы грэх, усынавіў чужое дзіця, а пазней, пашлюбаваўшыся, знайшоў з ёю яшчэ дзве дзяўчынкі. У свае дваццаць гадоў з маленечкім хвосцікам Таня была ўжо маці траіх дзяцей. Спачатку яна была радая, што Сямён выратаваў яе ад смерці, абараніў яе гонар, а пазней, акрыяўшы, адчуўшы сябе гаспадыняю, уладаркаю малагаспадарлівага, але дабрадушнага мужа, пачала папікаць, грызці паціху яго — за беднасць, за тое, што іншыя яго аднагодкі, той жа Муха ды Лідскі жывуць як паны. Гэтыя папрокі, а яшчэ болей тое, што Таня не разумела ні Сямёнавых думак, ні яго работы ў газеце, здаецца, змусілі яго адумацца, жахнуцца: ён зрабіў неабдуманы крок. Непісьменная, малой культуры Таня — не памочніца яму. Але i пакінуць яе з траімі дзецьмі ён не мог. «Кіне ён, дэспат, яе ўсё роўна,— гаварыў Алесю аднойчы летась Муха,— яго дабрыні яму на шмат не хапае... Такія ўжо баламуты гэтыя людзі — з завіхрэннямі... Пакутуюць самі i змушаюць накутаваць іншых».

— Дайце распрануцца мне, вараняты... — усміхнуўся Сямён, гладзячы па галоўках сына i дачок. Меншанькую, гадовую, узяў на рукі. Тая, радуючыся, пачала чамусьці турзаць за бацькаў вялікі, з бародавачкаю на левай наздрыне нос. Ён жа прыклаў вусны да яе лобіка.— Таня, ды яна ж з тэмператураю! Ты клікала доктара?

— За што? — тая няветліва зірнула на яго. У яе глыбокіх чорных вачах стаяў нязводпы сум.

«Якая яна худая!—здзівіўся Алесь.— Як быліначка!»

Сямён зірнуў з незадаволеyасцю на жонку, нібы гаворачы позіркам: нашто ж ты так ляпаеш пры чужым чалавеку? Але тая не сумелася. Насупілася, седзячы па ложку ды апусціўшы на калені тонкія худыя рукі.

— Выклікайце доктара — я маю заплаціць... — прамовіў Алесь.

— Дасць бог, усё будзе добра,— сказаў Сямён, спускаючы долу дачку ды запрашаючы яго распрануцца.— А ты, Таня, дай нам, калі ласка, чаёчку.

Тая зірнула на яго i ca злосцю, i ca скаргаю. Алесь, распранаючыся, адчуў: дарэмна ён паддаўся на Сямёнавы ўгаворы, не варта было яму сюды ісці, як не трэба плішчыцца сюды жыць. Трэба шукаць сабе кватэру. А плату на яе, сабе на пражытак шукаць у пабочных заробках, як i гаварыў у рэдакцыі Янка Купала.

Дзе ж тут жыць? Мотры тры ў шырыню, метры чатыры ў даўжыню пакойчык. Ложак, куфэрчык, шафка на кнігі, стол, два крэслы абапал яго. Лічы, i няма вольнага месца.