Выбрать главу

— Таня, чаёчку... — паўтарыў Сямён.

— У нас жа ні цукру, ні булкі, нi масла няма... — адказала тая.— Думала, што куплю, але ж, кажу, гаспадыня забрала апошнія грошы. Драбок цукру быў, але Волька ўлезла ў куфар, выцягнула...

— Ладна,— махнуў рукою Сямён.— Давай i без цукру. Гэта зашыкоўна — піць чай з булкаю, з маслам, з цукрам. У нас цукеркі ёсць.

Алесь якраз i трымаў пакецік з гасцінцам. Разгарнуў яго i паднёс да самай меншай Сямёнавай дачкi. — Тая ўзяла верхнюю цукерку, серадольшая дачка дастала дзве цукеркі, а самы большы, хлапчук, запусціў руку ў пакецік i выцягнуў адтуль жменьку цукерак. Калі ж Алесь паднёс пакецік да гаспадыні, тая ні ўсміхнулася, ні падзякавала, толькі зірнула на яго больш прыязна, узяла пакецік нібы з неахвотаю. А ён шчыра пашкадаваў, што пакінуў на вакзале ў багажнай каморы пляцак: там жа быў бохан хлеба, аполец сала. Паклаў бы зараз на стол, няхай паласаваліся б Таня з дзецьмі.

Таня паклала цукеркі на стол,— пайшла з пакоя; Сямён i Алесь прыселі за сталом i замоўклі ў няёмкасці. Абодва ўсё добра адчувалі, разумелі, ды не ведалі, як пра ўсё гэта сказаць. Але каб парушыць няёмкасць, абодва павярнулі сваю ўвагу не адзін на аднаго, а на дзяцей. Алесь як халасцяк быў крышку дзікаваты з імі, не ведаў добра, як з імі знацца, а Сямён, чамусьці раптоўна пачырванелы, весела, можа, нават крышку ненатуральна жвава распачаў разумную, просценькую гамонку. I яны ткнуліся да яго калень, наперабой адказвалі на яго запытанні: якое сёння было сонца, як купаліся ў лужынках вераб'і, як Дзед Мароз пайшоў сустракаць красуню Вясну.

Неўзабаве Таня прынесла чайнік, кубкі, сподачкі. Яны, мужчыны i дзеці, папілі чаю. Дзеці з цукеркамі, a яны так — з моцнаю заваркаю.

— Смачна? — стараючыся не пазіраць ні на Алеся, ні на жонку, дапытваўся ў дзяцей Сямён.

Тыя ківалі галовамі.

— Ого, яшчэ як смачна! — падхвальваў Сямён.— A заўтра мы яшчэ добра i пад'едзімо! Чаго? Не скажу. Самі пабачыце.

Пасля Сямён i Алесь амаль моўчкі, пераключыўшы ўсю ўвагу на іншае, пагулялі ў шахматы, але абодва сёння гулялі нядбала, з памылкамі. Абодва стараліся дароўваць адзін аднаму памылкі, і, здаецца, гэтае дараванне было не зусім шчырае. Каб зберагчы паліва ды не парушаць гаспадыні спакой, леглі спаць досыць рана. Таня з дзецьмі прымасцілася на ложку — з меншаю дачкою ў нагах старэйшых дзяцей, а Сямён i Алесь леглі на падлозе, на старым матрацы, засланым белым кужэльным прасцірадлам. Накрыліся адной ватняй, пацягнутай чырвоным матэрыялам коўдраю.

— Хоць на падлозе, дружа, але ў Вільні! — пажартаваў Сямён.— Некалі, чорт пабяры, будзем спаць i на пярынах!

— Што — некалі! — з іроніяю адазвалася жонка,— Хутка, можа, зноў будзеш спаць на турэмных нарах!

— Колькі яшчэ турмою палохаць!— не згадзіўся Сямён.— Не баімся мы ўжо яе... Бо ўсіх у турму не перасадзяць...

«Цяжка Тані з Сямёнам...— паразважыў Алесь.— Ён фантазёр, рамантык, мысліцель. Хоча нешта зрабіць у гісторыі, этнаграфіі, літаратуры, філасофіі. A Тані, дзецям ён трэба найперш як гаспадар. A які з яго гаспадар? Ён умее мысліць, ён мае ідэі, ідэал, а не ўмее здабываць грошы... Сам то ён, можа, неяк i перакідаўся б з вады на квас, але ж у яго сям'я... Можа, праўда, як кажа Муха, не варта яму было праяўляць такую высакароднасць да Тані? Звязаў жа ён сябе па руках i нагах. Але ж i цяжка ўявіць яго без высакароднасці...»

3.

Алесь ішоў да Мухаў з дзіўным пачуццём. Спачатку ён думаў: ніколі не пойдзе туды. Пазаўчора, ідучы з рэдакцыі, амаль нос у нос сутыкнуўся з Васілёвай жонкаю, Антанінай, кінуўся насустрач, як кажуць, аж расплыўся ва ўсмешцы, але тая, здаецца, прыкінулася, што не пазнала, i хуценька адышлася. Ён быў не тое што разгублены — анямелы. Усё ж разам столькі гадоў вучыліся, сябравалі, i раптам на табе: пабегла прэч, як ад гіены!

Даваў урокі дзецям Лемешава, а пасля ляжаў на канапцы ў пакойчыку, што знайшоў па ўскраіне Вільні, ашаломлены: яму не толькі не рады, ад яго ўцякаюць! Сябры! Пасля супакоіўся. Разважыў: Антаніна, канечне ж, збаялася. Добра сябраваць, калі ты ў пашане, але калі ты ў апале, дык знацца з такім небяспечна. Хоць Мухі даўнавата ўжо, як адчуваў, перамяніліся да яго. Хто ён? Вясковы, правінцыйны настаўнік. A Васіль? Васіль скончыў універсітэт у Маскве, на сённяшні дзень вядомы ў Вільні i ў краі гісторык-прафесар. Алесь, як i астатнія вясковыя настаўнікі, былыя сябры па семінарыі, цягнуўся ў Вільню, да Васіля, а ён імкнуўся да іншага — заводзіў знаёмствы, сяброўства з важнымі людзьмі губернскага праўлення, дваранскіх суполак, з купцамі, банкірамі, вучонымі, журналістамі,— i на ix, на такіх, як Алесь, глядзеў так, як глядзіць удачлівы шчаслівец на далёкіх бедных родзічаў ці зусім непатрэбных яму знаёмых. Ды i Антаніна адваджвала яго ад дому — сваімі скаргамі, што ў ix заўсёды шмат гасцей, што Васіль прыахвоціўся да гарэлкі, што ім цяжка жыць, ледзь зводзяць канцы з канцамі. А можа, Мухі i не цураліся яго? Можа, Алесю было крыўдна, цяжка ад непрыемнасцей, якіх багата выпала яму за апошні час, дык i здавалася: но толькі Мухі, але i ўвесь свет супраць яго. Калі крыўдзяць, зневажаюць, караюць за тое, што найбольш табе дарагое, калі проста не шанцуе ў жыцці, дык, відаць, кожны тады крышку шкадуе сябе i недалюблівае шчасліўцаў.