Яшчэ раней ахаладнеў да Васіля Сямён. Ён не любіў, што ў Васіля, бадай, больш, чым у каго з ix, былых сяброў, цягі да багацця, заможнасці, сувязей ды ўлады. Ен трапіў над тайфун таго, што прыйшло з Амерыкі ці з Еўропы, падхапіла шмат каго ў Расіі на пачатку новага стагоддзя. Васіль пачаў працаваць найбольш для кавалка хлеба. Нa першы погляд, гэта было нармальна. Як для ўсіх. Але паволі гэтая праца для кавалка хлеба змусіла Васіля дбаць пра найменшую трату сіл, сумлення. Ён пачаў падаць нізка маральна, як i шмат хто ў грамадстве. Ён, можа, i адчуваў гэта. Але не пакутаваў. Ён усяк апраўдваў сябе. Калі ж яго папікалі, крыўдаваў, злаваўся. Пазбягаў урэшце i знаходзіў сабе аднадумцаў. А ix, «высокапастаўленых хлопцаў», у яго было нямала, i сяброўствам з імі ён ганарыўся, хоць тое сяброўства доўга не бярог. Гналі каго прэч з высокай пасады — Васіль адразу ж ірваў з тым тое сяброўства, заводзіў новае — выгаднае, надзейнае.
Яго вучонасць, уменне паразважаць, пагаварыць — усё гэта было, мусіць, толькі ўласцівасцто інтэлігентаў, што ўмеюць думаць, прыгожа i мудра вяшчаць, але амаль ніколі не жывуць у зладзе са сваімі вяшчаннямі, бо баяцца страціць той кавалак хлеба, свае сувязі, сяброўствы. I ў гэтай боязі могуць паказваць цуды прыстасаванства, цуды раўнадушнасці, а то нават i непрыязні да тых, хто жыве іначай — шчыра, сумленна. Часамі, праўда, i ў ix можа заныць сумленне, зайздрасць за тых, хто жыве бядней, але па законах высокай маралі i высокага абавязку, але ненадоўга. Ды яны пра гэта маўчаць, бо добра ведаюць склад чалавечага розуму: расказваеш пра сябе — шкодзіш сабе. Пахвальбе тваёй мала хто верыць, а вось самапрызнанню ці самазневажанню — з ахвотаю i з трыумфам. У гэтых людзей разлічаны кожны крок. Нават на некалькі гадоў наперад.
Так думаў пра Васіля Алесь. Можа, i памыляўся. Можа, Васіль быў іншы — мудрэйшы, болей зямны чалавек без лішняй рамантыкі ды дзёрзкасці.
Да трохпавярховага асабняка, дзе на другім паверсе яны, Мухі, займалі пяць пакояў, Васіль вярнуўся позна.
Пазваніў — дзверы адчыніла пакаёўка, маладзенькая дзяўчына Вандзя, родам з-пад Баранавіч. Высакаватая, стройная, але не худая, сарамлівая. Вось i цяпер лыпнула на яго смуглявымі вочкамі i апусціла позірк.
— Якая ты сёння файная! — ціха прамовіў ён, тулячы яе да сябе i шукаючы ўпартых дзявочых вуснаў. Як i раней, Вандзя пачала вызваляцца ад яго абдымкаў, адчуваючы пагрозу для сябе.— Ну чаго ты, дурненькая?! Я ж табе новую сукенку куплю, пазней замуж добра аддам...
— Пане Васілю... — вызвалялася i прасілася, не зважаючы на яго дакляраванні.— Ну не трэба... Я баюся... Пані Антаніна дома, госць тут... Ну пусціце, пане Васілю...
Сілком прытуліў, пацалаваў у самкнутыя вусны.
— Заўтра, калі пані Антаніна захоча паехаць да краўчыхі, застанься дома,— прашаптаў.— Скажы, што забалела галава... Чуеш?
Вандзя, не адказаўшы, вырвалася. У яго ж дробна закалаціліся ад хвалявання рукі — ад дзявочай красы i адчування, што ён мог бы ўжо ці неўзабаве i зможа заўладаць ёю. Нідзе не дзенецца, не ўстоіць. Як не ўстояла i тая, ранейшая, пакаёўка.
Толькі павесіла Вандзя яго паліто i капялюш, як зайшла сюды жонка. Можа, i пачула нядаўнюю валтузню. Ён, стрымліваючы хваляванне i збянтэжанасць, пільна зірнуў ей у вочы. Не, тыя былі спакойныя.
— Ну дзе ты так доўга бавішся? — запытала яна.— Алесь каторы ўжо час тут, чакае.
Ён не спяшаўся адказваць, нібы не бачыў, але кожнаю жылкаю адчуваў, як шмыгнула адгэтуль Вандзя, знёсшы з сабою маладую натхнёнасць.
— Ну прабач, дарагая,— прамовіў, абняў невысокую, але поўную жонку, не адчуваючы ад яе ніякага хвалявання.— О, ты ў новай сукенцы!
Антаніна дала яму свае поўныя спакойныя вусны, не парывіста, а звыкла адказала на яго пацалунак, павярнулася:
— Не вельмі нязграбная я ў ёй?
— Што ты, сукенка вельмі табе да твару. I стужкi, i каруначкі, i мой любімы блакітны колер...
— Я ж сёння без гарсэта, адчуваеш? — запытала яна i, відаць, пра самае галоўнае для сябе,— Цяпер ужо кідаюць насіць гарсэт з прамой планшэткай. Цяпер жывот вольны i нават крышку абазначаны. Не нязграбна?