Алесь уважліва слухаў. Той — закаранелы вясковец, прагны да чужых думак, але не спяшаецца сказаць сваю, каб не асароміцца. Ён, Васіль, таксама часамі тое-сёе недагаворваў, але па іншай прычыне, каб патрымаць патрэбныя веды пры сабе, не паказаць сваё «я». Але сёння яму хацелася пагаварыць. Можа, i ад добрага настрою. Можа, i ад жадання паказацца лібералам, а то i Алесь, а Сямён удвая, лічыць яго за кансерватара.
— Я не з сялянскай сям'і, як ведаеш, але з вёскі... — сказаў Васіль, прыжмурваючы левае вока ад дыму.— Moй бацька — сельскі лекар, маці — настаўніца. Маленства, дзяцінства прайшлі ў вёсцы. Яна дала мне шмат добрага i прыгожага. Таму я люблю яе, спачуваю гаротнаму селяніну. Але я не стаўлю такой вялікай стаўкі на вёску i селяніна, як ставіце вы з Сямёнам... Чаму? — зірнуў пільна.— Патлумачу. Табе. Сямён — вясковы фанатык, Юры — незычлівец... Помню, гады два таму ён, Юры, запрасіў мяне схадзіць на вечарынку Ігната Буйніцкага. Але як запрасіў! «Хадзем,— кажа,— паімітуем захапленне «высокадухоўнымі» мужыцкімі скокамі ды песнямі-завываннямі!» Паздзекаваўся, а мне ў душы аж усё перавярнулася... Увогуле Юры — сектант нейкі. Чаму? — ухмыльнуўся.— Бо ні кроплі гарэлкі не бярэ. Беражэ сябе для «вялікай місіі»... П'е толькі сокі i прастаквашу перад сном... Але давай паразважаем пра вёску i сялян... Што самае галоўнае для чалавека? Доўжыць жыццё на Зямлі? Працаваць? Асвойваць, губіць i берагчы прыроду i ўсё жывое? Шчыраваць? Сумленнічаць? Кахаць? Ненавідзець? Несці нейкую высокую місію, што даецца толькі чалавеку? Не несці ніякай місіі, жыць як набяжыць i не імкнудца нават нешта змяніць? Усё жыццё пакутаваць, але верыць у выпакутаванае шчасце на тым свеце?.. Хто ж ведае! Але, мусіць, усё ж некалі глыбока зразумелі мудрыя людзі: вельмі важнае для чалавека — пазнаць самога сябе...
Нe зводзіў з Алеся позірку. Той па сваёй звычцы апусціў вочы i слухаў, не перабіваў.
— Пазнаеш сам сябе — пазнаеш сэнс чалавека, народа, чалавецтва, гісторыі, усіх тых мэт, дзеля якіх імкнуліся i імкнуцца перайначыць свет ці, наадварот, утрымаць такім, як ён ёсць... — гаварыў Васіль, i яму нават падабалася, як ён разважае. Здавалася, ніхто іншы таго не ведае, што знае ён. Хоць i сам усё гэта пачуў ад людзей, але вынасіў веды, упарадкаваў i паволі «аформіў» у сваю ідэю.— Дык вось пра вёску, пра наш боль... Лічу: i мы, i нашы продкі — спрадвечныя сяляне... Дык вось у нашых сялян — своеасаблівы лёс. Не ведаю які: драматычны, трагічны, шматпакутны ці шчаслівы, але — паўтараю — своеасаблівы... Яны таго не дабіліся, чаго дамагліся іншыя — шматлюдныя ці нават меншлюдныя суседзі. Hi Полацкае, ні Тураўскае, ні іншыя магутныя ў свой час княствы не здолелі сцвердзіцца. Як, дарэчы, не змаглі ўстояць i Наўгародскае ды Кіеўскае княствы. Полацк ды Тураў заняпалі з-за многіх прычын. Можа, i з-за сваёй спрыяльнай i ў той жа час неспрыяльнай геаграфіі, можа, i з-за характеру лясной, багністай ціхай прыроды, можа, з-за сціплага, спакойнага ды цярплівага людскога характару... Ваяўнічасць была толькі тады, калі з агнём i мячом прыходзіў вораг... Юры гэта — сціпласць, сарамлівасць, ды яшчэ ўгодлівасць, цямноту, галоту — толькі i бачыць у характары нашага селяніна. Наўмысна, канечне. Каб ён, селянін, i далей такі быў! Каб не рыпаўся! Бачу: хочаш запярэчыць, як пярэчыць тут i Сямён. Бачыце: шмат чаго няма, але селянін, веска жывуць! Нямала страцілі, але нямала i захавалі. Так, жывуць, захавалі. У гэтым, лічу, вялікая загадка нашага селяніна. Бо шмат якія меншыя i большыя народы пазнікалі за гісторыю, а наш селянін не знікнуў. У жудасных нават умовах... Але ў чым жа сакрэт?
Усміхнуўся. Пачакаў, што скажа Алесь. Той не падымаў галавы, слухаў. Цяпер Васілю спадабалася такая марудлівасць, маўклівасць: яны былі ўжо адзнакаю мудрасці. Але ён ведаў, што неўзабаве распячэ, змусіць запаліцца госця: ведае, дзе яго боль, знае, што зачапіць.
— Я лічу цвёрда: сакрэт той — якраз у сялянскім характары. У ім, выходзіць, вельмі шмат закладзена. Што іменна? Цярплівасць i ўменне прыстасоўвацца да самых жудасных умоў... Успомні: хто толькі не прыходзіў з мячом, лічыў наша дрэўца адросткам свайго вялікага дрэва! Сяляне не пярэчылі, здаваліся на міласць дужэйшага. Чаму? Ды баяліся, каб ix не выразалі! I пасля паводзіліся ціхамірна. Страчвалі волю, імя, лічылі сябе за тых, пад кім былі, але захавалі душу! Выжылі! Дык не мудрыя яны, гэтыя «мужыкі»?.. Але мы загаварыліся. Давай возьмем яшчэ па кроплі.