Выбрать главу

«Ну i ўпраўны! — зазлаваў сам сябе Гарбацэвіч.— Я толькі яшчэ падумаў схадзіць на поле, а ён ужо тут!»

Рашыў: не трэба абмінаць суседа. Трэба i зірнуць, якое ж у яго жыта, i заадно ісці далей па шляху замірэння, якое пачалося i вялося пасля той паездкі на Шубін, вясці яго, можа, да сваяцтва.

Збочыў i па глыбокіх слядах, па мяжы — налева быў Гарбацэвічаў шнур, а направа Нямкевічаў — пацягнуўся да суседа. За ўзбочынаю была вялікая лапіна чорнай зямлі: на ёй зелянеліся прыцярушаныя белай наледдзю зялёненькія касмылікі жыта.

«Добрае ж! — пазайздросціў.— I не змерзла, i не сапрэла...»

Нямкевіч убачыў яго, падняўся, абчысціў рукі. Чакаў, усміхаўся: «Убачыў, што я пайшоў, дык i ты бегам за мною?!»

Падышоў. Парукаліся.

— Здароў.

— Здароў.

— Ну што? — усміхаўся Нямкевіч.— Не сядзіцца дома? I ў сцюжу такую?

— Ведама...

— Добра, дзякуй богу, перазімавала,— ужо сур'ёзна прамовіў Нямкевіч,— хоць я, прызнаюся, чакаў горшага. Усё ж увосень снег лёг не на зусім умсрзлую зямлю. I многа яго было сёлета. Дык думаў: папрэе ў лагчынках жыта. Аж не, дзякуй богу.

Гарбацэвічаў кавал быў недалёка, за некалькі чужых шнуроў, але яны, не змаўляючыся, пайшлі i туды. Не мог Гарбацэвіч вярнуцца дадому, не пабачыўшы жыта на сваім полі.

Выйшлі на праталінку — ix, праталінак, на полі было ўжо нямала. Прыселі: i тут зелянелася невысокае, увосень згрызенае каровамі жыта — праўда, дзе гусцей, а дзе радзей.

— Няроўна пасеяна... — нібы прысароміўся Гарбацэвіч.— Відаць, тут хлопец сеяў.

— Такой бяды,— прамовіў Нямкевіч.— Надта ўведаеш, ці гусцей, ці радзей трэба сеяць. Пасееш густа — жыта малое, колас дробны, пасееш рэдка — жыта вялікае, а колас сяроўна дробны i зерне малое. Мусіць, яшчэ i сорт жыта многа значыць...

Гарбацэвіч маўчаў.

Нямкевіч гэтаксама замаўчаў, напусціў лахматыя бровы на вочы, зірнуў раз-другі ўверх, заплюскаў вейкамі: на вочы ляпіўся мокры снег.

— Ці здаецца мне, слухай, ці i праўда недзе нешта пішчыць... — прамовіў.— Няўжо ўжо жаўранкі прыляцелі?

Паўзіраўся ў бела-шэрую, змяістую высь i Гарбацэвіч. Але ён нічога не пачуў i не бачыў. Нават калі i адхіліў ад вуха навушнік аблавухі.

— Можа, i здалося... Не... Дальбуг, Пётрык, зірні: здаецца, цілінькае! — узрушыўся, як дзіця, Нямкевіч.— Няўжо прыляцелі ўжо! На снег!

Ён, Гарбацэвіч, па-ранейшаму нічога не чуў.

— Вунь! — Нямкевіч усё ж угледзеў маленькі цёмны камячок у небе.— Ну, усё. Канец зіме. Прыляцеў жаўранак — абагрэе поле песняю...— Закінуў галаву, паслухаў.— Любіць гэтая птушачка чалавека. Ці то пасеш статак, ці то арэш — а яна паблізу. Вісіць угары i пяе, каб ты не нудзіўся... Як высока ні ўзляціць, a сяроўна пра зямлю дбае...

«I праўда ж, душу цешыць...» — падумаў Гарбацэвіч.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

1.

Раней, калі Алесь мінаў лес i падыходзіў да Янкавін, дык набліжаўся да ix з усходу, са Стоўбцаў. Тады бачыў толькі Засценак. А сёння выйшаў з поўдня, са старога ніўнянскага бору, запыніўся на ўзгорку (гары, як тут казалі), на Пальку, дык убачыў з вышыні i Засценак, i Сяло, i Глінішча — адразу ўсе Янкавіны. Доўгія, лічы, у адну вуліцу. Цяпер сцішэлыя пад нізкім шэрым небам. Ды ў вячэрнім мораку.

Здаецца, i не адлучаўся адгэтуль, усё бачыў кожны дзень — шырокую аселіцу, сады i вулічныя дрэвы, драўляную, пафарбаваную ў зялёны колер i ад таго цемнаватую цяпер, знізу чатырохкутнюю i прысадзістую, чым вышэй, дык тым болей танчэйшую, з вострым верхам цэркаўку — самую высокую будыніну ў Янкавінах, а гэтаксама валасны будынак, пошту, школу, дзе ён вучыў дзяцей разам з Кацярынаю.

Бацькавай хаты не было відаць адсюль, з Палька: яна стаяла далёка злева, хавалася за ліпамі ды чужымі стрэхамі.

Адчуў: абманвае сам сябе. Акідвае позіркам усю вёску, але вочы найбольш запыняюцца на пасяродку — на высокім, накрытым бляхаю доме валаснога старшыні.

«Дурань! — аблаяў сам сябе.— Знайшоў, на што пазіраць! На непрыяцеляў сваіх!»

Кляў сябе, адводзіў вочы, але ўсё роўна праз нейкі міг позірк знаходзіў знаёмы дах.

Як убачыў Янкавіны, дом Сяргеейкаў, дык нібы i адабрала ногі. Спыніўся i замёр. Быццам i гэтага было ўжо даволі яго змардаванай душы — толькі зірнуць на ўсё роднае, мілае. Бег бегма ён раней, калі ўпершыню пакінуў вёску, паехаў вучыцца ў Нясвіж і, засумаваўшы па дому ды сябрах, па Кацярыне, вяртаўся ў вакацыі. Дык вось тады ляцеў да Янкавін! Пасля — у самой вёсцы — ішоў памаленьку, каб усе бачылі: вось ён ідзе! У форме! Гарадскі! I колькі было ўцехі, калі аднойчы ў Засценку яго не пазналі, палічылі за нейкага начальніка i здымалі перад ім вушанкі! Не толькі перад сапраўднымі службоўцамі, але i перад ім, сынам Яся Нямкевіча, кланяліся! Пазней саромеўся за той выпадак. А цяпер, калі ўспомніў яго, дык i зусім стала прыкра.