Выбрать главу

2.

Да акна, што выходзіла на двор i на хлеў, прыпала жаночая галава. Ды гэтая ж кабета — сястра, Кастуся! I тая пазнала, усміхнулася. Азірнулася, сказала нешта на хату, а потым пабегла сюды, да сянец.

У акно зірнулі лысаваты, здаецца, з яшчэ больш калматымі бровамі бацька, маці i сусед, Пётрык Гарбацэвіч. Алесь здзівіўся: раней сусед да ix не хадзіў. Яны надта не сварыліся, але надта i не ладзілі, бо, як кажуць, прашмыгнула мыш яшчэ некалі між іхнімі дзядамі, i непрыязнь адных да адных цягнулася ўжо дзесяцігоддзямі.

— Алеська! — ужо тут, на ганку, усклікнула Кастуся, прыпала.— А мы пра цябе сёння гаварылі! Мама благі сон пра цябе сасніла.

Ён, адчуваючы ў горле даўкі камяк, з асцярогаю пагладзіў па яе худаватых плечуках, стараючыся не дакранацца горбіка. Хацеў сказаць шмат цёплага, сардэчнага i не мог. I не таму, што раптоўна ссушэла ў роце. З-за іншага, што меў заўсёды да сястры.

— Ну, добры вечар табе, сястрыца,— прамовіў чамусьці гарэзна, пацалаваў Кастусю ў скронь.— Чаго ж ты плачаш? Бачыш: жывы i здаровы!

— Ды я з радасці...— прызналася яна, шчабятуха i хітрая лісіца, выцерла слёзы.— Хадзем у хату! Чаго ж мы тут топчамся!

З хвіліну яны ўсе маўчалі, пазіралі адно на аднаго. Сёння i маці — а яна, сашчапіўшы рукі, стаяла каля гаспадара, пільна пазірала сюды — чамусьці не кідалася насустрач. Moжa, i таму, што ён быў ужо сталы, а можa, i саромелася чужых людзей. Толькі вось часта-часта заміргалі яе чорныя вейкі, памутнеў позірк некалі блакітных, а цяпер выцвілых на шэрасць вачэй i затрымцелі-затрымцелі ўжо бяскроўныя тонкія вусны.

— Не чакалі? — усміхнуўся.— I кот не мыўся, а госць заявіўся!

— Які ж ты, сынок, госць! — прамовіла маці, хуценька падняла падол светлага фартуха, выцерла слёзы. Адвярнулася i заплакала. Ён аж разгубіўся. Зразумеў: маці маркоціцца па ім як па нейкім бяздольніку.

— О то бабы! — усміхнуўся, глыбока хаваючы свае пачуцці, бацька.— Ці праводзяць, ці спатыкаюць — дык у слёзы ды ў слёзы!

Першы падышоў, падаў руку. Моцна паціснуў. I зірнуў пільна. У вочы, у душу. Але чамусьці не вытрываў позірк, адышоў. Нібы зморшчыўся i прасунуў пад кажушок без рукавоў ды пад кужэльную, фарбаваную над колер крушыны кашулю далонь, пацёр левую грудзіну.

Тады Алесь ступіў сам, падаў руку суседу, Гарбацэвічу, які быў у нявыдубленым белым кажуху, трымаў у руцэ старую авечую аблавушку.

— Добры вечар, пане Алесь,— лісліва адказаў той, згінаючыся перад ім, як перад нейкім начальнікам.

— Добры вечар, цётка.— Алесь нахіліў галаву перад Гарбацэвічаваю жонкаю.

Вікця — некалі вельмі файная, станістая, a цяпер худая, зморшчаная ды амаль бяззубая кабета — гэтаксама павіталася. Як i маці, усхліпвала i братавая. Яна трымала на руках загорнутую ў дзяружку дачку — большае яе дзіця, сын, стаяў пры яе боку i чамусьці з насцярогаю пазіраў на нечаканага госця.

— Ну здароў, асілак! — Алесь падаў руку Ясіку.

Той, саромеючыся, гэтаксама падаў. Алесь пагладзіў яго па светлых валасах. Янку, як i ўсю гэтую зіму, у хаце ўвечар не ўбачыў.

— Вот вам i голуб! — усміхнуўся Пётрык i першы сеў на лаве пры тым акне, з якога яны нядаўна пазіралі на двор.— Гэта ж сёння, пане Аляксандра, цэлы дзень дзікі голуб у ваша акно біўся. Выйдзе хто з хаты — уцякае. Вернецца ў дом — той зноў да акна. Вот i напрарочыў госця...

Селі вакол стала i бацька, Вікця, Кастуся i Ядзя з дачкою. Толькі маці засталася стаяць каля печы, выцірала фартухом твар. Яна, можа, ужо думала, што яго трэба пакарміць з дарогі.

Алесь скінуў з плячэй небагаты на пакункі свой хатуль — зялёны паляўнічы нляцак, падсунуў над лаву, пад якой былі склюд i сякера, пачаў распранацца, бянтэжачыся ад пільных позіркаў. I свае, i госці абгледжвалі, што ў тым пляцаку. I каб той быў больш пакоўны, як бывае ў тых, хто вяртаецца з удалых заробкаў, дык Алеся і цяпер, i пазней усе прымалі б з большай радасцю i павагай. I якраз у душы. Бо душа ёсць душа. Яе не абманеш. А ён, здагадваючыся пра гэта, адчуваў няёмкасць i сваю нягоднасць...

Калі здаволілі ахвоту на навіны, «абгледзелі i абмацалі» Алеся, Гарбацэвічы пайшлі дадому.

Бацька затупаў па хаце. Хоць Алесь не казаў, што яго выгналі з Вільні, але стары нешта прадчуваў.

— Садзіся, сынок, за стол,— сказала маці,— перакусіш крыху з дарогі.

— Дзякую, мама,— адказаў.— Я еў у Стоўбцах, у шынку «Порт-Артур».

— От не кажы так,— як пакрыўдзілася маці, тупаючы каля паліцы, дзе ляжаў хлеб.— Вярнуўся ў родную хату, дык няхай родная хата i прывеціць. Чым багаты, дык тым i рады...

Алесь, ужо моўчкі згаджаючыся з маці, развязаў хатуль i пачаў даставаць гасцінцы i падарункі — дзецям цукеркі i пернікі, булачкі, кабетам — па хусцінцы, шпулькі нітак, іголкі, гузікі, бацьку — цвікоў i яшчэ сякой-такой драбязы для гаспадаркі, Янаку, курцу,— папярос «Шуры-муры».