Дык вось аднойчы, было тое ўжо недзе праз тыдзень, іду я зноў на пошту. Гэны Філіпэк шчэрыць зубы ды кажа:
— Спадару жандар, пагуляць у жмуркі болей не ўдасца, бо я ўжо пакуюся. Заўтра сюды прыедзе новая работніца, з пошты ў Пардубіцах.
— Глянь ты, — кажу я. — Пэўна, дысцыплінарнае пакаранне, калі яе з горада пераводзяць на пошту ў такую глуш.
— Ды не, — кажа Філіпэк і ўсё глядзіць на мяне неяк асабліва. — Яе сюды скіравалі на яе жаданне, спадару жандар.
— Дзіўна, — кажу, — вы ж ведаеце, якія яны, гэтыя кабеты.
— Але, — кажа Філіпэк і ўсё глядзіць на мяне, — яшчэ больш дзіўна тое, што тая ананімка, пасля якой на гэтую пошту імгненна прыслалі рэвізію, таксама была з Пардубіц.
Я прысвіснуў і, здаецца, паглядзеў на Філіпэка гэтаксама, як ён на мяне. І раптам лістанош Угер, які там перакладаў лісты, кажа:
— Пардубіцы... Туды ледзь не штодня аканом з фальварка лісты шле, нейкай дзяўчыне з тамтэйшай пошты. Пэўна, мілку сабе там знайшоў.
— Слухайце, дзядзька, — кажа Філіпэк, — а ці не ведаеце, як тую дзяўчыну завуць?
— Ды нешта накшталт Юлія Тоўф ці Тоўфар.
— Таўфэрава, — кажа Філіпэк. — Гэта яна, тая, што мае сюды прыехаць.
— Гэтаму спадару Гоўдэку, ну, аканому, — кажа тады лістанош, — таксама штодня з Пардубіц лісты прыходзяць. Я яму заўсёды кажу: спадару Гоўдэк, вам зноў пакет ад нявесты. А ён увесь час ходзіць насустрач, каб мне не так далёка хадзіць было. Вось і сёння для яго пасылка, але з Прагі. Глянь ты, гэта ж вернутая. “Адрасат невядомы”. Гэны аканом, пэўна, адрас паблытаў. Ну што ж, занясу яму назад.
— Пакажыце, — кажа Філіпэк. — Адрасавана нейкаму Новаку, Прага, вуліца Спаленая. Два кіло масла. Пячатка чатырнаццатага ліпеня.
— Тады тут яшчэ спадарыня Гэля была, — адказвае лістанош.
— Пакажыце сюды, — кажу тады Філіпэку і нюхаю тую пасылку. — Спадару Філіпэк, нешта мне дзіўна: масла дзесяць дзён у дарозе, а не смярдзіць. Ведаеце, дзядзька, пакіньце нам тут гэтую пасылку і бяжыце разносіць пошту.
Ледзь толькі лістанош адышоў, Філіпэк мне і кажа:
— Спадару вахмістр, так, вядома, нельга, але вось вам долата.
І пайшоў, нібыта нічога не бачыў.
Я, спадару, тады тую пасылку ўзламаў, а ў ёй — дзве кілі зямлі насыпаныя. Пайшоў я тады да Філіпэка ды кажу яму:
— Такая штука, братка, дык вы пра гэта нікому ні слоўца, разумееце? Я ўжо сам усё ўладжу.
Ясная рэч, я сабраўся ды пайшоў да гэтага аканома Гоўдэка ў фальварак. Ён сядзеў там на бярвёнах і глядзеў у дол.
— Спадару Гоўдэк, — кажу яму, — тут у нас нейкі канфуз на пошце: ці не прыгадаеце, на які адрас вы дасылалі дзесяць або дванаццаць дзён таму вось гэтую пасылку?
Той Гоўдэк крыху збялеў ды кажа:
— Якая розніца, я ўжо сам не ведаю, для каго яна была.
— Спадару Гоўдэк, — кажу, — а што там было за масла?
Тады ён як падскочыць — і збялеў, як палатно.
— Што гэта ўсё значыць? — крычыць. — Што вы да мяне з гэтым чапляецеся?
— Спадару Гоўдэк, — кажу я яму. — Значыць гэта тое, што вы забілі Гэлену з пошты. Вы занеслі туды пасылку з фальшывым адрасам, каб яна яе ўзважыла на шалях, а пакуль яна ўзважвала, вы нахіліліся праз акенца і скралі з шуфляды дзвесце крон. А потым праз тыя дзве сотні Гэля ўтапілася. Вось што гэта значыць.
Спадар Гоўдэк тросся як асінавы ліст.
— Гэта хлусня, — крычаў ён, — чаго мне было красці дзве сотні?
— Бо вы хацелі, каб на мясцовую пошту перавялі спадарыню Таўфэраву, вашую нявесту. Яна напісала ананімку, што ў Гэлі ў касе не стае грошай. У выніку вы разам увагналі Гэлю ў сажалку. Вы разам забілі яе. На вашым сумленні злачынства, спадару Гоўдэк.
Гоўдэк паваліўся на тыя бярвёны і закрыў рукамі твар. Колькі жыву, ніколі не бачыў, каб мужык так плакаў.
— Божа, — стагнаў ён, — я не мог ведаць, што яна ўтопіцца! Я толькі думаў, што яе звольняць... і яна пойдзе сабе дамоў! Спадару вахмістр, я толькі хацеў ажаніцца з Юляй, але тады аднаму з нас давялося б сысці з пасады, калі б некаму трэба было пераязджаць... і нам не хапіла б на пражыццё... Таму я так хацеў, каб Юля перавялася сюды на пошту! Мы ўжо пяць гадоў гэтага чакаем... Спадару вахмістр, я так моцна яе кахаю!
Не буду вам расказваць далей, спадару: была ўжо ноч, той чалавек перада мной кленчыў, а я... я рыдаў над усім гэтым, як старая курва: над Гэляй і над усім астатнім.
— Так, досыць, — сказаў я яму нарэшце, — я ўжо сыты па горла. Давайце сюды тыя дзвесце крон. Так. А цяпер вось што: калі вы надумаеце пайсці да спадарыні Таўфэравай раней, чым я ўладжу справу, то я напішу на вас рапарт аб крадзяжы, разумееце? А калі застрэліцеся ці нешта накшталт таго, то скажу, чаму вы гэта зрабілі. Вось так.