Уладзімір Паўлавіч здзівіўся, убачыўшы жонку:
— А ты чаму тут?
— Да цябе… на прыём.
— А я не прыму.
Насмяшыў сваіх памочніц.
Прапусціўшы жонку ў кабінет, шчыльна зачыніў дзверы, ведаючы залішнюю цікаўнасць i Кацярыны, i Дар’і, i Зоі.
— Ну, што ў цябе гарыць?
— Усё гарыць.
— Не палохай мяне. Усе мяне палохаюць, Калгаснікі толькі што… Вадалей…
— Хто?
— Доўга расказваць. Давай i твой страх. Бачу ж па вачах, што нешта здарылася. З кім?
Вольга Андрэеўна расказала каротка, стрымана, без дэталяў, якія не варта знаць мужчыне, нават пра тое, што Ірына самлела на аперацыі, не сказала i пра жахлівую карціну, якая так узрушыла яе: дзяцей — у памыйнае вядро.
Не чакала ад мужа такой рэакцыі. Баялася недарэчнага гумару. Не. Слухаў — чарнеў. I выбухнуў абурэннем, што для яе звыкла i чаго яна не баялася.
— Дурні!
— Хто?
— Я! Я! I ты! Няхай яна маладая, дурная, недапечаны ўрач… Але ты… ты! Куды глядзела? Я яшчэ на вяселлі заўважыў, што яна…
— Ты ў нас усёвідушчы. Чаму ж ты маўчаў, разумнік? А цяпер гатовы ўсіх вінаваціць…
— Які чорт панёс вас у самае пекла?
— Табе гэтага не зразумець.
— Вядома! Куды мне!
— Валодзя! Ты развучыўся па-чалавечы гаварыць. Навошта гэтыя папрокі? Які сэнс?
— Які сэнс ва ўсім, што мы робім? — ён усхвалявана хадзіў па кабінеце, кудлачыў свае сівыя валасы.
Вользе Андрэеўне раптам стала шкада яго, яна добра ўяўляла яго цяперашнюю працу, ўсё на нервах, кожную раніцу стаяла над ім, глядзела на спакутаваны, схуднелы, непаголены твар i шкадавала будзіць: няхай паспіць лішшою хвіліну.
Муж спыніўся перад ёй, глыбока заглянуў у вочы разануў па сэрцы прызнаннем:
— Я трачу яго, сэнс, Оля, — i як бы спалохаўся само га сябе, зноў прайшоўся да дзвярэй, зноў прыціснуў ix, нібы яны адыходзілі ад касякоў.— Аднак… што рабіць?
— З Ірай? Ёй трэба паехаць адгэтуль. Заўтра ж.
— Што ты кажаш! Усе ўрачы разбягаюцца. А людзі застаюцца. Хто ix лячыць будзе?
— Валодзя! Пра што ты думаеш? Затрымаць Ірыну?!
— Так, так… На гэты раз праўда твая. А куды ёй паехаць? Не да сваіх жа! У Высокім Гаі не намнога лепш…
— За гэтым я i прыйшла да цябе. Куды?
Не адказаўшы жонцы, Уладзімір Паўлавіч імкліва прайшоў да стала, сеў да тэлефонаў. Папрасіў тэлефаністку тэрмінова звязаць яго з Баранавічамі. Званіў даўняму таварышу, з якім разам пра цавалі яшчэ ў камсамоле, — Кірылу Яшчуку. Да~ званіўся. Не па-тэлефоннаму даўгавата выяўлялі сяброўскія пачуцці, выказвалі папрокі адзін аднаму i кожны сабе, што нават пазваніць не могуць. А потым — пра аварыю.
— Ну, як там у вас? — пытанне, якое Пыльчанка пачуў ужо сотні разоў, якое стала шаблонным. Такі ж i адказ:
— Ды нічога, як бачыш, жывыя. Да вас не дастала?
— Ды як кажа наша набожная шляхта: матка боска літасцівая.
— А чаму палякі крычаць на ўвесь свет, што ix накрыла? Малако ў ямы выліваюць…
— Палякам — абы зачэпка для крыку. Кажуць, хочуць рахунак прад’явіць за гэтае малако.
Пыльчанка вылаяўся.
— Па законах міласэрнасці добрыя людзі памагаюць у бядзе. Мы ўсяму свету памагаем. Тым, дзе трусіць, сушыць, залівае…
— Ды то ж мы! Мы багатыя i добрыя. Палякі бедныя.
— Па-мойму, пачынаем нарэшце прызнаваць, што мы не такія багатыя. — Але тэлефонны час — не толькі грошы, іншыя нормы вымушаюць да ла канічнасці самых гаварлівых.
— Слухай, Кірыла, як у цябе з урачамі?
— Маем ужо, маем загад паслаць вам на два тыдні брыгаду, але не табе — суседу твайму. Знаеш, як цяжка ix паднімаць, гуманістаў гэтых, такую ix… Гарздраў пішчыць.
— Вазьмі ў мяне ўрача.
— Ды ты што! Ты такі багаты на ўрачоў?
— Гэта мая нявестка.
Яшчук свіснуў так гучна, што пачула Вольга Андрэеўна, якая прысела з другога боку стала i слухала размову старых сяброў, падказвала:
— Яніне прывет. Не забудзь. I ад мяне.
— Значыцца, хочаш нявестачку далей ад радыяцыі? Гэта жонка таго, што лётае?
— Не. Таго, што на станцыі.
— Там?
— Там.
Яшчук зноў свіснуў.
— А не баішся, што табе запішуць за такі клопат пра роднага чалавека? Ды i мне кіўнуць. За кампанію.
— Яна цяжарная.
На нейкі момант усталявалася паўза, Уладзімір Паўлавіч нават хукнуў у трубку, алёкнуў — ці не перапынілася сувязь? Не. У адказ — брыдкі смяшок.
— Хе, Валодзя! Шукаеш ты дурняў? Я вазьму яе, прапішу, а яна праз два месяцы пойдзе ў дэкрэт. Дзякую. Такіх у мяне хапае.
Уладзімір Паўлавіч злосна мацюкнуўся i кінуў трубку. Вольга Андрэеўна жахнулася: