Барыс Пыльчанка, найвялікшы мастак па частцы сімуляцыі заняткаў, некалі выдумаў, што генерал не ўмее лятаць, таму так любіць тэорыю. Да генерала дайшло, i ён паляцеў з капітанам, прымусіў рашыць пару такіх баявых задач, што герой Афгана, любімец публікі, завадатар «нявінных гульняў», балбатун i насмешнік, быў пасаромлены. Пацішэў. А пасля паездкі ў кароткачасовы адпачынак — на вяселле брата — чалавека як замянілі. Пыльчанка стаў «лепшым вучнем у тэарэтычным класе», начамі сядзеў над кнігамі. Генерал здзівіўся. I сябры здзіўляліся.
— Што, Барыс, агітнулі цябе продкі падацца ў Акадэмію?
— А што яму? Дзверы адчыненыя ўдзельніку вайны.
— Не адгадалі. Ажаніцца хачу.
Рагаталі жартаўнікі.
— Баішся, што без тэорыі не справішся з жонкай? Там не генеральская навука трэба — твая, ранейшая, лейтэнанцкая. У Нанашвілі павучыся: за тры гады — трое дзяцей.
Але штодзённыя пісьмы ад Тамары i яго штодзённае сапенне над адказамі, сачыняў — ажно язык высалупліваў, а раней справаздачу аб палёцё ленаваўся нагіісаць, — пераконвалі афіцэраў, што сябра ix настроены не на Акадэмію, больш мяккі хамут хоча надзець на сябе. Але загадка: навошта для жаніцьбы формулы па дынаміцы кручэння?
Карацей кажучы, раптоўная перамена ў паводзінах капітана Пыльчанкі стала сэнсацыяй калі не ў дывізіі, то ў палку напэўна.
Афіцэры адпачывалі ў кароткім перапынку: з расшпіленымі каўнярамі i расперазанымі рамянямі ляжалі на траве ў цяні платана. «Здавалі экзамен» генералу па анекдотах на адну тэму — антыалкагольную. Генерал рагатаў i дакараў:
— Ну, лайдакі! Тэорыю па лёту ведалі б так!
З’явіўся маладзенькі пасыльны. Разгубіўся нябога. Як звяртацца да афіцэраў, якія ляжаць? Пашукаў вачамі старэйшага, убачыў генеральскія пагоны — зусім самлеў. Генерал з цікавасцю назіраў за салдатам. Зразумеў, што не да яго пасланы. Успомніў, што дваццаць гадоў назад сам быў такім — заўсёды губляўся, калі трэба было звярнуцца да начальніка ў прысутнасці старэйшага па званні, ва ўчылішчы да таго ж нярэдкія выпадкі, калі ніжэйшы па званні — вышэйшы па пасадзе. Ды i тут, у лётчыкаў, гэта ёсць.
Хлопец лыпаў вачамі. Генералу стала шкада яго; сярод лётнага саставу фармалісты накшталт штабістаў — з’ява рэдкая.
— Звяртайся, брат, напрамую. Тут не разбярэшся, хто генерал, хто радавы… па часці анекдотаў.
Пасыльны ажыў, ляпнуў абцасамі i зухавата казырнуў.
— Таварыш капітан Пыльчанка! Вас выклікае начальник палітаддзела палкоўнік Жыгуноў.
Барыс нехаця падняўся, падперазаў рэмень.
— Дазвольце, таварыш генерал.
— Ляці, што «грач». Вывучай палітыку з такім жа старанием.
Страявік не любіў палітработнікаў, але, аднойчы навучаны ў маладосці, ніколі з імі не канфліктаваў, уступаў не толькі начальніку палітаддзела — яго памочніку па камсамолу.
Барыс ішоў без жадання, хоць многія з яго сяброў парадаваліся б выпадку, каб знікнуць з «генерал ьскага палігона». Ён ведаў мэту выкліку. Да Афганістана яму запісалі не адну вымову. Усе яны закрэслены яго баявымі дзеяннямі. I яго цяпер агітуюць уступаць ў партыю — з камсамола выйшаў. Гаварылі з ім i парторг эскадрыллі i парторг палка. Цяпер сам начальнік палітаддзела будзе агітаваць. А яму чамусьці не хочацца. Сказаў пра гэта дома бацьку. Той назваў яго дурнем i не тое што параіў — загадаў хутчэй афармляцца. «Бацькаў загад трэба выканаць. Ён вышэйшы за генеральскі», — пасміхнуўся Барыс, вырашыўшы парадаваць начальніка палітаддзела.
Палкоўнік Жыгуноў нечым нагадваў старога Пыльчанку — такі ж рухавы, вясёлы, ненамнога маладзейшы. Афіцэры яго любілі: дэмакрат.
Барыс далажыў па форме:
— Таварыш палкоўнік, па вашаму загаду капітан Пыльчанка з’явіўся.
Жыгуноў не падняўся, не павітаўся за руку, што рабіў звычайна, калі запрашаў на душэўную размову. Глянуў спадылба, буркнуў:
— Сядайце, капітан.
«Э-е, нешта не тое», — Барыс здзівіўся, што ўсхваляваўся — ажно памакрэлі далоні. А ён ганарыўся, што далоні яго заўсюды сухія i там, у небе, на штурвале, i тут, у «калхідскай лазні», яго нервам зайздросцілі, мала што ў шалёным свеце, на касмічных хуткасцях i люцыфераўскай блытаніне адносін людзей яго выводзіла з раўнавагі; часам магла ўзвінціць драбяза, але гэта ён не залічваў сабе, ачкоў не набіраў — як, напрыклад, за смешны эпізод з Плечкам.