Прыняў рашэнне — i пранікся такой замілаванас цю да Барыса, што хацелася абняць яго i заплакаць, прытуліўшыся тварам да капітанскага пагона.
«Хлопчык мой! Мы назначым цябе камандзірам эскадрыллі. А дурня таго, упэўнены, ты правільна выкінуў. Я адкажу яму. Я так адкажу, што сорамна яму будзе пёрад унукамі будучымі. На каго пішаш, чарвяк балотны?»
Хаваючы вочы, пакорпаўся ў шуфлядзе стала, доўга шукаў штосьці, a знайшоў чысты аркуш паперы. Працягнуў Барысу: — Пішы рапарт. I сам выйшаў з кабінета.
III
Пыльчанка намерваўся выбраць Пустахода старшынёй у Высокім Гаі. Малады Дзяніс Карака хоць i рабіў у калгасе ўжо дзесятак гадоў аграномам, галоўным аграномам, i нядрэнным, здаецца, быў спецыялістам, кіраўніком гаспадаркі не цягнуў, той думкі трымаліся ўсе раённыя службы аграпрама. Не сучаснымі метадамі працаваў малады чалавек. Ад бацькі навучыўся ці не? Бацька яго ў пасляваеннае дзесяцігоддзе быў брыгадзірам, заганяў на працу ледзьве не бізуном, здаралася, што i рукам волю даваў. I сын паводзіў уладаром, падабраў пад сябе i сельсавет, i сельпо, i лясніцтва, i школу. З калгаснікамі гуляў у дэмакратыю — іншы час. Але вяльможнасць адчувалася i тут; хітрэйшыя выкарыстоўвалі яго слабасці на карысць сабе, а незалежныя, свабодалюбівыя людзі канфліктавалі са старшынёй, скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі. Наяўнасць апазіцыі зрабіла Караку падазроным да хваравітасці: у кожным, хто не ліслівіў яму, не кланяўся, бачыў патэнцыяльнага непрыяцеля, які рана ці позна абавязкова зробіць яму зло. Ад такой падазронасці зрабіўся па-фарысейску зласлівым, на адкрытую барацьбу мала з кім выходзіў, але гадасці ўмеў рабіць, часам даволі ўмела, хітра, так што i не прычэпішся, ён, маўляў, i ведаць нічога не ведае.
Перасяленне пустаходаўскага калгаса ў ix сельсавет моцна не спадабалася Караку не толькі лішнімі клопатамі. Але не запярэчыш жа — бяда! Прыняў Івана Пустахода i яго калгас, як добрых гасцей. Сам нібыта жартам, але не без хітрасці, для праверачкі, прапанаваў:
— Прымай, Іван Іванавіч, калгас, вызвалі ад гэтай ношкі няўдзячнай. Колькі ні працуй — начальству не дагодзіш.
— Што ты, Дзяніс Міхеевіч! У мае гады пасля такой аварыі! Падумай, што гэта такое! Усё, што нажывалася не гадамі, лічы стагоддзямі — зямля, сенажаці! — усё страціць за адзін дзень… На вайне такога не было! Адзенне, якое было на нас той тыдзень, i тое рэкамендуюць замяніць. Раздзенься i стой голы. Дзякую, што прытулілі людзі добрыя пагарэльцаў без падсмаленых аглобляў. А ты — калгас! Два! Не па кані ўжо, брат, такі воз. Не пацягну.
Супакоіў. Але ненадоўга. Пыльчанка прымусіў назначыць Пустахода загадчыкам малочнай фермы. I ўся сям’я яго пайшла на ферму — не толькі прафесар даення Ліза, але i Марыя Пятроўна, i Паша, i Віктар — вазіў кармы. За тыдзень-два на ферме адбыліся прыкметныя змены. Галоўнае — рэзка падскочылі надоі. У вёсцы загаварылі пра пустаходаўскае чарадзейства. «Слова знаюць» — заключылі бабулі.
Добры гаспадар павінен быў парадавацца, у раёне націскалі на тых, хто мог даць адносна чыстае малако, папоўніць страты, што дала эвакуацыя амаль трэць гаспадарак. Але Карака не ўмеў радавацца. Як усе людзі яго складу, ён ва ўсім бачыў падкоп пад сваю пасаду, пад сваё становішча. Скептычна хмыкаючы, казаў i сваім i ўпаўнаважаным з раёна, з вобласці, з Мінска (цэлыя дэсанты высаджаваліся не толькі ў райцэнтры, але i ў яго, дзе на лясных дарогах не стаялі шыльды «На ўзбочыну не сыходзіць!», «У лес не хадзіць!»):
— У такі час i мы гналі малако. Травішчы колькі нарасло! Зялёнай масы навалам! Падвозчык свой. Лішняе не пакурыць. Малайчына! — хваліў Пустаходавага зяця — не загадчыка фермы.
Пустаходу зайздросціў Карака даўно, кал i яшчэ ездзілі на семінары ў яго калгас. I не адзін ён. «Мульціміліянеру» Целешу не зайздросцілі: яго метады былі відавочныя i для астатніх, грэшных радавых, недасягальныя, як метады Старавойтава, Ралько… Пустаходу, безумоўна, да ix далека. Але яму зайздросцілі менавіта таму, што ён — «высокі серадняк», якіх сотні, якія, па сутнасці, кормяць народ. Але Караку раздражняла, што ніякіх асобых метадаў у Пустахода ён не мог пераняць, што сам ён, здавалася яму, працуе лепш, хітрэй, з большым прымяненнем рэкамендацый вучоных, a вынікі не тыя. Падазраваў, што немнагаслоўны Іван Іванавіч ад таго i гаворыць мала, каб скрыць самае істотнае на семінарах. A ўрэшце хіба толькі дурань не бачыць прычыну яго поспеху — дружба з начальствам. Карака ажно зайздросна «каракнуў», калі даведаўся, што Пыльчанка i Пустаход пажанілі дзяцей, парадніліся.