— Дзяніс Міхеевіч, бульбу трэба паскарадзіць, конь трэба.
Не, вачэй ён не адвёў, не схаваў, наадварот, глядзеў ва ўпор, але вочы яго звузіліся.
— Няма коней. Няма… сёння, Лізавета Іванаўна. Усіх раздаў.
«Калі? Каму? — хацелася крыкнуць Лізе. — Ды пасуцца яны на поплаве за фермай».
Безумоўна, Карака даў бы каня, каб яна папрасіла, як просяць жанчыны, уніжана: «Старшынька, родненькі…»
Але Ліза не магла прасіць. Ёй i ў галаву не магло прыйсці, што можна адмовіць у такой дробязі. Ей, адной з лепшых даярак у раёне. Ды што па працы, яна бацьку роднага не прасіла — патрабавала. Многа гадоў яна бачыла павагу, чула пахвалу не ад такіх людзей, як гэта Карака-паскарака. Безумоўна, гэта песціла яе самалюбства. Маючы характар, яна ўладарыла не толькі ў сваёй сям’і, але i ў бацькавай — сёстрамі Ірынай i Тамарай кіравала больш рашуча, чым маці… Пра ферму i казаць няма чаго — там яе аўтарытэт быў непахісны не таму, што яна дачка старшыні, не, з-за працы яе i з-за ўмення сябраваць з людзьмі, са сталымі жанчынамі i маладымі дзяўчатамі.
I раптам ёй адмовілі… У чым! Каня яна не зарабіла, не заслужыла!..
Абраза, крыўда болем i гневам ударылі ў патыліцу, у сэрца. Ажно зялёныя мухі зароіліся ў вачах.
Паўтарэння просьбы Карака не дачакаўся. Ліза моўчкі павярнулася, пайшла да дзвярэй.
— Заўтра прыходзь! — весела паабяцаў ёй услед старшыня.
Па вуліцы яна ішла i не бачыла людзей, якія віталіся з ёй.
Пастромкі да гужоў прывязвала доўга, прысеўшы на барану. Магчыма, яна вагалася, ёй хацелася супакоіцца. Не, не супакоілася. Страшэнная крыўда i абраза душылі яе, гордую, незалежную, можа, i спешчаную ўвагай i любоўю, але сумленную ў галоўным — у працы. Іншая жанчына магла б паплакаць — i ёй стала б лягчэй. Ліза доўгі час плакала хіба ад радасці: ад замілавання дзецьмі, светам, выцірала слёзы смеху ад Віктаравых п’яных, але бяскрыўдных дзівацтваў. Ад гора, бяды яна ўпершыню рыдала месяц назад, кал i пакідала родную хату, ёй ажно блага зрабілася, калі ўпала на калені на ганку. Плакала i тут па начах, успамінаючы былое жыццё. Але маці, бацька, Віктар суцяшалі яе: «Ну, чаго ты, дурніца! Што людзям — тое i нам. Дзякуй богу, усе жывыя i здаровыя».
Расла новая хата, радаваў вока гарод — не горшы, чым ў людзей, хоць i позна пасаджаны; i Ліза весялела, зазвінеў яе смех, загучэў загадна голас у старэнькай, але па-пустаходаўску дагледжанай хаціне.
Нікога не было побач, хто мог бы ласкава ці строга сказаць: «Спыніся, Ліза. Глупства ўсё гэта. Каму ты што дакажаш?»
Сапраўды, што яна хацела даказаць? Таямніца — учынкі чалавека ў стрэсавым стане.
Ліза надзела хамут на плечы, гукнула, каб пачулі людзі:
— Но-о, кабыла! — i пацягнула барану.
Рабіла суседка ў гародзе. Спынілася, глядзела, здзіўленая, зацікаўленая, не дапяўшы сваім розумам, што да чаго, ды i трохі злараднічаючы, бо зайзросціла таму, як хутка гэть;я «авакураныя» будуюцца побач. Пайшла паклікала яшчэ а дну суседку:
— Ідзі паглядзі, суседачка, на шпіктакль. Што авакураная вытварае.
I трэцяя далучылася да ix. I ніхто не спыняў. Ажно пакуль не выйшла з хаты насупраць дзяўчына з партфелем, вучаніца старэйшага класа.
Пачула галёканне:
— Но-о, кабылка!
Убачыла, што адбываецца на суседнім гародзе i, напэўна, зразумела, ад якой роспачы чалавек можа пайсці на такое. Закрычала:
— Людцы! Спыніце яе!
Але бабулі не крануліся. I Ліза не спынілася, а толькі паскорыла хаду, абліваючыся потам, разадраўшы на грудзях кофгачку.
Тады дзяўчына, што ёсць маладога спрыту, праз гароды кінулася на ферму. Убачыла Марыю Пятроўну пад паветкай — адпачывалі даяркі, памыўшы бітоны.
— Цётачка! Там ваша Ліза! Скародзіць!
Выгляд дзяўчыны спалохаў маці, хоць не адразу сцяміла, чаму школьніца такая ўсхваляваная; ведала, што таму Ліза i пайшла раней, каб паскарадзіць бульбу. Нязвыклая для яе работа, ці што?
— Сама! — задыхалася дзяўчына, не знаходзячы тлумачэння. — На сабе!
Вось тады Марыя Пятроўна ахнула i апусцілася на лаўку, бо ўміг уявіла, што адбылося, на які пратэст пайшла дачка. I Паша зразумела. I бягом кінулася ў вёску, за ёй — маладыя даяркі.
Калі яны прыбеглі, Ліза ляжала ў разоры пасярод гарода. Старыя суседкі знялі з яе хамут, паілі вадой i цяпер ужо нарэшце спачувальна дакаралі:
— Во дурная, во дурная! Што надумала! Караку ты хацела даказаць! Ды яго абухом не праб’еш.