— Ведаем мы вашу дэзактывацыю. Расказвалі мужы. Ля Бабіна зямлю знялі i насыпалі гарy за паўкіламетра ад школы.
— Не паедзем!
— Дзе дзецям вучыцца? У радыяцыі?
— Колькі мужы нашы нахапалі гэтай заразы? Чаму скрываеце?
— Можа, з якім i цалавацца ўжо нельга! Заразны.
— Галоднай куме куцця на вуме.
— Бабы! Бабы! Паслухайце!
— А што яго слухаць? Ён не бядуе.
— Дзе вашы дзеці?
— Ха! Не ведаеце! Нявестачку вон куды паслаў — дзе чыста. Напрацавала доктарка! Наклала кату на хвост.
«А сын мой дзе? У пекле!» — хацелася крыкнуць у адказ, але стрымаўся, даваў ім «выпусціць пару», бо добра ведаў псіхалогію натоўпу.
Але найбольш зацятыя крыкунні распаляліся, не спыняліся перад абразай:
— Бач, ражку наеў. Да Чарнобыля такой не меў.
Крыўдна было слухаць такое. Поўны ён быў i да аварыі — узрост. Нездаровая паўната. Раней не адчуваў яе, цяпер пачуў — сэрца сігналіла. Ад «спакойнага» жыцця. Ад ненармальнага харчавання: часта няма калі паабедаць, а вячэрае ў дванаццаць ночы. Ад таго, што пехатой няма калі пахадзіць. Ды i няма дзе. «На ўзбочыну не сыходзіць!»
Але крыўдаваць на гэтых жанчын нельга. Канешне, паводзяць сябе некарэктна, неінтэлігентна, але трэба ix зразумець. Наша віна: недасведчаныя, неінфармаваныя, жывуць легендамі i страхамі, якіх тут, у Мінску, больш, чым там, у раёне. A ўрэшце, па яго разуменні становішча — дык не так многа ў ix i перабольшання. Каб ён расказаў ім тое, што ведае сам, што пачуў ад сур’ёзных вучоных… Але непадрыхтаваным Людзям… жанчынам, маткам не ўсё можна расказачь: не зразумеюць, вытлумачаць па-свойму, i ён зробіцца мімавольным распаўсюджвальнікам чутак i легенд, якія начальства называв плёткамі, ды яшчэ i варожымі.
Агрэсіўнай была трупа самых маладых, трымаліся яны разам, бліжэй да сцэны, задавалі тон, накалялі атма сферу.
Выручыла Уладзіміра Паўлавіча Галя Быхоўская. Крыкнула маладухам:
— А чаго ета вы раскрычаліся, што наседкі? Дрэнна вам жывецца тут? Кормяць да адвалу. Дзяцей уложыце — на танцы ляціце… А з танцаў некаторыя… куды? Гаварыць сорамна, а то сказала б…
У задніх радах засмяяліся — тыя, што не ходзяць на танцы. Маладыя абурана зашумелі. Адна накіну лася на Галю:
— А сама ты… Можа, не любіш работы етай? Нараджала цэлы ўзвод! А што! I падгульваем. Скажы, старшыня, там нашым мужам. А што нам засталося? Кажуць, дома i пад куст нельга легчы. Засталося нам, бабачкі, толькі здыхаць…
Аднак — во дзівосы! — сціхлі маладзіцы, можа, праўда спалохаліся, што Пыльчанка абвясціць там, у раёне, мужам, як паводзяць сябе ix жонкі ў санаторыях.
Далі яму цэлыя дзве гадзіны пагаварыць. Слухалі ўважліва. Ён расказаў ім пра становішча ва ўсіх населеных пунктах, адкуль маглі быць гэтыя жанчыны, i сказаў суровую праўду аб неабходнасці паўторнага адсялення — у чыстыя раёны. I навуку аб радыяцыі вылажыў — усю, якую паспеў засвоіць сам за тры месяцы, галоўным чынам, ад вучоных, недахопу ў якіх не было; пераконваўся, праўда, што блытанікі вучоныя вялікія, асабліва ў практыцы, якая абвяргала тэорыю.
Атрымаў ад жанчын найвышэйшую пахвалу:
— Во, даўно б так! А то ў Мінску гэтых вучоных як сабак, a ні адзін вачэй не паказваў. Нам жа жыць там. Дык трэба ж знаць…
У гэтым «Нам жа жыць там» кранула змірэнне з асуджанасцю. Але кранула i іншае — у спакойнай размове, у пытаннях — жаночая, мацярынская заклапочанасць, трывога, можа, пра самае складанае: як вучыць дзяцей? Набліжаецца навучальны год. Яны, айцы народа, шмат над чым ламалі дзяржаўныя галовы, а вось пра тыя аспекты, пра якія гаварылі маладасведчаныя жанчыны, не думалі. Маці i настаўніцы даходзілі да ўсяго. Да драбніц, мог бы сказаць бюракрат. Але хіба ёсць драбніцы ў тым, што датычыць здароўя дзяцей!
Вярнуўшыся дадому, Уладзімір Паўлавіч у тую ж ноч напісаў дакладную запіску ЦК i ўраду аб школах. Ставіў праблемы. Рабіў прапановы. Выпрацоўваў мінімальную i максімальную праграмы. Надзіва хутка атрымалі пастанову — час падганяў усіх: школы адкрыць, дзяцей трымаць ад цямна да цямна ў школе, тройчы карміць, у лес, у поле не выводзіць, фізкультурай пад адкрытым небам не займацца — у зоне жорсткага кантролю, з’явіўся i такі тэрмін. А што было мяккае ў ix жыцці?
Усё нібыта правільна. Праявы клопату! Дзяржава брала на свае схуднелыя плечы ўсе расходы. Але… А навошта? Навошта такое навучанне? Пытанне, на якое ніхто не даваў адказу. I пачаўся новы марафон. Пастанова ёсць, а пад пастанову — кукіш. Hi катлоў, ні сталоў, ні посуду. Hi кухараў. Ды i ліміты на харч значыліся на паперы, a ў натуры чысты, не свой, прывезены харч, заставаўся праблемай. Выбівай, галава Савецкай улады! I ператварыўся Уладзімір Паўлавіч у забеспячэнца, намеснікі былі стараннымі памочнікамі, але на рол i выбівалаў не цягнулі. А можа, нехта, напрыклад, штатнікі той жа камісіі, што прэтэндавалі на поўную ўладу ў раёне, зацікаўленыя былі, каб ён, парушальнік спакою i ладу, часцей ад’язджаў у Гомель, у Мінск, у Маскву, у Кіеў, а менш, нахабнік гэткі, «хапаў загрудкі ix», высокіх упаўнаважаных партыі i ўрада.