Выбрать главу

V

Перабудова не кранула яшчэ форм кіраўніцтва, усталяваных за многія дзесяцігоддзі панавання сістэмы, якую ахрысцілі ў той год адміністрацыйна-каманднай. Але тэхнічныя сродкі i незвычайная абстаноўка ўносілі пэўныя карэктывы ў гэтыя формы. Было тэлефоннае кіраўніцтва — з’явілася верталётнае. Начальства глядзела з неба — не з умоўнай вышыні, a з канкрэтнай, матэрыяльнай — i лічыла, што ўсё бачыць. Нічога не схаваеш.

Адзін з абласных кіраўнікоў пры чарговым аблёце раёна бедства ўбачыў з неба — о жах! — што ў зоне нейкі злодзей косіць жыта касою. Раздзьмуў гэты факт да касмічных памераў, тыцкаў ім Пыльчанку ў нос: калгасныя камбайны ён не пускае, збірае падтрымку ў вучоных, піша ў высокія інстанцыі, а тым часам зладзеі ўбіраюць багаты калгасны ўраджай на сваю патрэбу — радыяцыі не баяцца.

Кіраўніка асабліва злавала, што Пыльчанка паставіўся да гэтай крамолы з гумарам. Так, ён лічыў, што падзея не вартая выедзенага яйка, бо адзіночная яна, абагульненне адмёў адразу, вымусіў абласнога лідэра прызнаць, што бачыў той аднаго чалавека. Уладзімір Паўлавіч добра ведаў, хто косіць. Азар Шуба. Але сказаць, што у зоне жыве чалавек i ён, старшыня, ведае пра гэта — тут жа апынешся на бюро абкома ці на пасяджэнні аблвыканкома. А там умеюць ударыць у званы. Прагрыміш на ўсю рэспубліку. Наклеяць такія ярлыкі, якія i ў кашмарных снах не сніў. Чаго добрага, чалавеказабойства прыпішуць. У начальства дзіўная логіка: раз яно паставіла калючы дрот, то там, за дротам, — смяртэльная небяспека, а з гэтага боку — усё нармальна, жыві i радуйся, дзетак у школу пасылай паўз гэты дрот. Логіка такая часта даводзіла Пыльчанку да шаленства.

Паляцела начальства — сеў за руль «газіка» i паехаў у зону. У яго i вароты свае былі — на лясной дарозе, зробленыя Дунцом нібыта дзеля таго, каб лягчэй было раённай міліцыі «накрываць» марадзёраў.

Дзесяціна жыта скошана каля самай дарогі, не хаваўся чалавек. Мэндлікі стаялі, як у сівую даўніну. Здзівіла Пыльчанку толькі, калі па зярнятах на асфальце вызначыў, што снапы вазілі ці насілі не ў сяло, a ў супрацьлеглы бок — у лес. Прайшоўся да павароткі знаёмай i там сцяміў — куды: на Пустаходаву пасеку. Можна не здзіўляцца. Дурань быў бы Шуба, каб не выкарыстаў такую мясціну, такія пабудовы. Спыніў машыну на пад’ездзе да пасекі. Пайшоў пехатою. Выйшаў на знаёмую паляну — пачуў даўно забыты гук: удары цэпа. У імшаніку. На жардзінах вакол будыніны сушыліся i без таго сухія — пераспела збажына — снапы. Там жа, каля імшаніка, стаяў воз. Але каня i збруі нідзе не было відаць.

Сціхлі ўдары цэпа — усталявалася цішыня. Як да стварэння свету, падумаў Пыльчанка. Ці як пасля гібелі яго. Бязветрана. Нямы жнівеньсісі лес. У полі хоць жыравалі чароды шпакоў, збіраючыся ў вырай. Пыльчанка яшчэ падумаў там: пакальцаваць бы ix, ці прыляцяць назад? А тут i цілікання сініцы не чуваць. I ніякага гуку: ні чалавечага голасу, ні машыны, хаця б дал ёкай. Такая цішыня дзіўна зачароўвае. Уладзімір Паўлавіч доўга слухаў яе.

Але мякка ўдарыў у снапы цэп, гахнуў чалавек, праз адчыненае акно вылецеў шызы пылок — i ўсё ажыло. Лес. Вуллі на паляне. Пчол угледзеў — міма праляцелі. Гукі далі жыццё. Не, можа, у большай ступені пах збажыны, данесла праз акно, быццам дыхнула ветрам. I стала Уладзіміру Паўлавічу амаль радасна — што хоць маленькая часцінка хлеба даводзіцца чалавекам да ладу. Сумна i балюча было, калі глядзеў на вялікія плошчы пераспелага жыта, ячменю, аўса, якія палеглі ўжо, дажджы ўваб’юць зерне ў зямлю, яно прарасце. Азіміна закалосіцца i на наступнае лета. I няхай! Сэрца балела, разрывалася на часткі за дабро, а ён ваяваў з «рупліўцамі» супраць таго, каб убіраць гэтыя палі. Бітву гэтую ён прайграў. Касілі ў суседніх раёнах. Касілі свае старшыні — тыя, у каго калючы дрот абрэзаў частку зямлі. Пераканаць i абвінаваціць ix нельга было, бо асаблівую розніцу ў дозах вучоныя не намералі. Касілі «нічыйныя» палі — павышалі ўраджайнасць сваіх. Чуў ён i злосныя выказванні:

«Мы будзем жыць тут i ўсё будзем жраць, што вырасла. Дык што ж стане з тымі, хто з чыстым з’есць дзесятую, сотую долю нячыстай? Чым яны лепшыя за нас?»

Страшная філасофія! Але аргументы яго былі слабыя. Ен здаваўся i ў бітве з начальствам, i ў сутычках з падначаленымі, i ў зацятым змаганні з самім сабою. За ўсё ён хапаецца, да ўсяго стараецца дайсці калі не розумам — не хапае яго, то сэрцам, але не па яго сіле ўсё давесці да ладу. Ці не таму закарцела глянуць на Шубу, які жыве іншым жыццём, па іншай філасофіі?