А Плечка енчыў. Яму аказвалі дапамогу: ён разбіў локаць.
Раздзел 2
Туман
I
Глеба разбудзіў равун буксіра. «Чаму разроўся, як на пажар? У такую рань».
Працягнуў руку да гадзінніка, ледзьве разгледзеў на электронным лічбы. Выходзіць, не так ужо рана — восьмая гадзіна, а здавалася, толькі развіднела, праз лёгкія шторы святло ледзьве цадзілася.
«Ну чаго ты разроўся? Няма на цябе інспекцыі», — лаяў ён каштана. Ірына спала, салодка, па дзіцячы сапучы носікам. З рассыпанымі на падушцы валасамі ў паўзмроку пакоя яна здавалася асабліва прыголсай. Ён прыпадняўся на локці i любаваўся жонкай, адчуваў сябе найшчаслівейшым чалавекам. Нахіліўся над ёй, жадаючы засланіць ад гэтага брыдкага гуку, які можа разбудзіць i яе, хоць, кал i шчыра, хацелася, каб яна прачнулася i абвіла яго шыю гарачымі рукамі. Аднак усё роўна пасылаў ледзьве не праклёны капітану буксіра. Галоўнае, не чуваць, каб баржы з крыварожскай рудой ці сілезскім вугалем аддаляліся, яўна стаяць на месцы крыху ніжэй па рацэ, дзесьці каля касы.
Сваю першую шлюбную ноч яны правялі ў рамантычным месцы, там, дзе i пазнаёміліся некалі,— на калгаснай пасецы над Прыпяццю. Але прыдумалі гэта не самі яны — Ліза. Бачылі, што Глебавай маці не вельмі падабалася, што маладыя намераны пасярод ночы ехаць за трыццаць вёрст. Але калі ніхто з ix не піў i абое водзяць машыну, то які страх! За сталом яны думалі, як бы хутчэй вырвацца з вяселля, хутчэй застацца адным. Памог Барыс. Нядобра ён абышоўся. з Сяргеем, з якім у яго, Глеба, былі добрыя адносіны. Братаў учынак сапсаваў яму настрой гэтак жа, як маці i бацьку, асабліва пасля таго, калі госці, як бы спалоханыя, пачалі неўзабаве разыходзіцца, нека торыя i за сталы больш не селі. Не адбылося спектакля з дзялёжкай каравая, што, можа, якраз i добра.
Пяць гадоў назад, калі яны знаёміліся, на пасецы стаяла звычайная хаціна, якая на зіму станавілася імшанікам. А пасля хітры Пустаход збудаваў добрую гасцёўню з залай, спальнямі, лазняй. Сам тут не адпачываў — толькі дзеля гасцей. A госці — раённае начальства, ды i абласное — любілі гэтую пасеку ў надпрыпяцкім лесе, побач з меданоснымі лугамі. Не пуставала яна ні ў вясновыя, ні ў летнія, ні ў асеннія i зімовыя выхадныя. Кожная пара года мае сваё хараство i свой занятак — лоўля рыбы, паляванне, проста сузіранне прыроды: i ў любое надвор’е, у цёплае i халоднае, у дождж i ў завею, кожнага чалавека парадуе бяседны стол, сустрэча з аднадумцамі.
Праўда, пасля антыалкагольнай пастановы Сінякоў, які i сам да таго заглядваў у гэты дом, разнёс на пленуме Пустаходаву гасцёўню — перабудаваўся на хаду. Ды Іван Іванавіч слухаў i пасміхаўся, трохі нават радаваўся: менш клопатаў, расходаў, прынамсі, гэты суровы крытык больш не пачастуецца. Але ў стайню дом, як гэта зрабілі іншыя, Пустаход не ператварыў, пакінуў такім жа, з той жа мэбляй, толькі дарогу на пасеку перакапаў, зрабіў тайны лясны аб’езд, i госці там з’яўляліся цяпер не самі па сабе, а па яго запрашэнні, самыя патрэбныя — калгасу патрэбныя! — верныя i надзейныя. Начальству далажыў, што абсталюе дом пад калгасны прафілакторый, перавёўшы пасеку ў іншае месца. Пустаход быў з тых кіраўнікоў, які згаджаўся з усімі рашэннямі вышэйшых інстанцый, на словах падтрымліваў ix, a рабіў усё па-свойму, таму, пэўна, i калгаснікі был i задаволеныя сваім старшынёй.
Глеб доўга любаваўся жонкай, жадаючы, каб яна прачнулася, i баючыся разбудзіць. Асцярожна адсунуўся, пагразіў скрыпучаму ложку: «Цішэй ты!» — i падняўся. Надзеў піжаму i выйшаў на двор. Вельмі здзівіўся. У гадзіну, калі яны дабраліся сюды, стаяла сухая, не па-вясноваму цёплая зорная ноч. А цяпер усё ахутаў ненатуральна белы туман, такі густы, што, здавалася, працягні руку — i не ўбачыш уласных пальцаў. Сапраўды, старога дуба, што стаяў за нейкія тры метры ад ганка, зусім не было відаць — як растварыўся волат, не кажучы ўжо пра дальнія дрэвы, пра хату пасечніка, пра вуллі — усё з’еў туман. Такога Глеб не бачыў за ўсё сваё жыццё, хоць неаднойчы сустракаў світанні на балотах. Боязна стала спусціцца з ганка, бо наплыло ўяўленне: сіганеш у гэтае малако i — згінеш у ім, ператворышся ў тую пылінку, што лятае ў бездані космасу. Так падумаў, з гумарам, безумоўна. Але жарт жартам, a ў душы расло нейкае неасэнсаванае, незнаёмае адчуванне трывогі. Пачало дзерці ў горле. Ела вочы. Не, не звычайны гэта туман. Штосьці незвычайнае творыцца ў прыродзе. Што, аднак?
Зноў зароў буксір. Цяпер зразумела: дае папераджальны сігнал іншым суднам. А можа, людзі трапілі ў бяду? Можа, пажар на баржы з хімічнымі рэчывамі, ад таго i туман такі едкі?