Пайсці на равун? Ступіў з ганка, прайшоў колькі крокаў, азірнуўся — не ўбачыў дома. Пакінуць спячую Ірыну i адчыненыя дзверы? Не! Туман як туман! I равун звычайны, чуў яго неаднойчы. Ды i сціх ён. У такім тумане нікога не знойдзеш, нічога не ўбачыш.
Вярнуўся ў дом.
У зале на стале стаялі ярка-пунсовыя гваздзюкі, аранжавыя апельсіны, чырвонае віно, залацісты напітак. Такі тонкі нацюрморт магла «напісаць» толькі Тамара, наўрад ці Ліза, даярка паставіла б штосьці больш грунтоўнае, сялянскае. Стаіць, напэўна, i грунтоўнае — у халадзільніку. Адчыніў яго, пераканаўся, што палічкі халадзільніка запоўнены талеркамі з гатовымі закускамі. Вось гэта яўна Лізін клопат — сняданак, якога хапіла б на дзесятак добрых едакоў.
I Глеб адчуў, што яму хочацца есці. Узяў талерку з сялянскай каўбасой, адкаркаваў віно. Сёння можна i выпіць. Але не знайшоў хлеба ні на стале пад сурвэткай, ні ў серванце. Пайшоў на кухню. Ды хлеба i там не было. Гэта развесяліла. Во павойкаюць Марыя Пятроўна i Ліза. У сё прадугледзелі, усё зрабілі для маладых, шлюбнае ложа наладзілі. А пра хлеб забыліся. «Хлеб наш насущный, даждь нам днесь».
Увогуле вяселле ім запомніцца. Будзе што ўспамінаць праз усё жыццё. Нават учынкі брата — адзін, другі, трэці паўсталі ў іншым святле. Учора ён перажываў разам з маці, што Барыс сапсаваў абедню. Супакоіла па дарозе сюды, на пасеку, Ірына: «Не стагні, Глеб. Нічога ён не натварыў. Наадварот, зрабіў Барыс. Без двайной філасофіі. Я палюбіла яго. Уяўляю, як цяжка ў арміі такому чалавеку, які не можа крывіць душой, што думае — тое гаворыць».
Глеб наліў віна ў бакал, уголас абвясціў тост:
— За тваё шчасце, Глеб. За тваё шчасце, Ірына.
— Ты што робіш тут?
Ён ажно ўздрыгануў — як захапілі за нечым непрыстойным.
У дзвярах стаяла Ірына ў незашпіленым халаце.
— Снедаю.
— Божа! Які эгаіст мой муж. Жонка памірае з голаду, а ён употай аплятае каўбасы. Не, праўда, чартоўскі хочацца есці, ажно смокча пад лыжачкай.
Яна падышла да стала, спахапіўшыся, захінула халат з прыемнай для Глеба цнатлівасцю. Села каля стала.
— Сёння i я дазволю сабе выпіць віна. Адзіны раз, апошні. Налівай, мой уладар. Перад тым як прачнуцца, я сніла банальны сон. Гудзеў гудок, як у фільмах пра рабочы клас. Разумею, што ён будзіць мяне, што мне трэба на нейкую вельмі ж адказную работу, а прачнуцца ніяк не магу. A ўключыўся халадзільнік — i я прачнулася i пачула, як булькае віно. Ты ловіш розніцу — як булькае вада i як булькае віно?..
— Моцна ж ты спала. На Прыпяці раве буксір. Можа, паўгадзіны ўжо. На дварэ дзіўны туман. Такога туману я ніколі не бачыў. Ажно горла дзярэ. З ганка дуба не відаць.
— Над ракой часта бываюць туманы. Палескія туманы асаблівыя. Ты дрэнна ведаеш Палессе.
— Ты дрэнна ведаеш свайго мужа. Я вырас на Палессі.
Ірына засмяялася.
— Вырас, але не дарос. Ты «захварэў» Украінай, Кіевам.
— А што ты думаеш? Мяне цягне ў Кіеў. Заўтра ж паедзем туды ў наша вясельнае падарожжа.
— А мяне цягне ў Мінск.
— Добра, паедзем у Мінск, адтуль паляцім у Кіеў. На «Ракеце» вернемся дадому.
— Ты знаеш, са школьных гадоў у мяне такое адчуванне, што менавіта наша вёска — у цэнтры зямлі… Як табе гэта падабаецца? Твая жонка з цэнтра зямлі. А дзе твой хлеб, гаспадар?
— Хлеба няма.
— Як хлеба няма? У Пустахода няма хлеба? Ды ты што! Думаеш, што кажаш?
Пайшла сама на кухню шукаць. Не знайшла. Вярнулася іранічная, але трохі як бы збянтэжаная ці як бы пакрыўджаная на тых, хто рыхтаваў гасцёўню, ix шлюбную ноч.
— Хаця б сухар дзе застаўся ад чыноўных п’янюг. Вычысціла Ліза ўсё старое. А хлеб, відаць, паручыла Віктару. Маўчы, не кажы, а то яна плеш яму выстрыжа. На людзях. У Лізы гэта гульня. На людзях, пры нас, сёстрах, яна пілуе мужа ўздоўж i ўпоперак. А на самай справе найдабрэйшая жонка. О, няхай хто іншы скажа што благое пра яе Віцьку. Ого! Любіць мяне, бо я да яго заўсёды з павагай. Сварыцца з Тамарай. Томка дражніцца з ім. Ліза на яе коршунам налятае. «Саплячка! Развяла панібрацтва. Ён па ўзросту — бацька твой. Вунь Ванька цябе даганяе, дурніцу!» А знаеш, Барыс шугануў гэтага… Плечку за плот за Тамару. Сястра мая — цаца, яна з усімі дразніцца. Як трэба было паступіць сур’ёзнай дзяўчыне? Убачыла, што да цябе заляцаецца сур’ёзны чалавек, — аддай увагу яму, не круці хвастом, як лісіца. Праўда? Ты хацеў бы, каб яны пажаніліся? Барыс i Тамара.
— А гэта можна? Па царкоўных законах?
Ірына адкінулася на спінку i звонка засмяялася.
— Жаніцца з сёстрамі? Насмяшыў. Глебчык! Ты ў лаўры не служыў?