Выбрать главу

Выйшла ці не з апошнім падносам Ліза, вокам камандуючага акінула «поле бітвы», абышла яго, па-свойму перастаўляючы «батарэі» — пляшкі, талеркі. Блізіцца запрашэнне сядаць за стол.

Глеб хацеў пажартаваць Лізе: «Хлеб не забудзь». Але i такі бяскрыўдны жарт здаўся недарэчным, быццам не вясельнае застолле рыхтавалася, а памінкі.

Адышоў убок, паклікаў сяброў:

— Дзяніс, Генадзь, Платон, Васіль! — не Дзена-Гена, як сябры жартаўліва рыфмавалі гэтыя два далёкія па гучанні-імёны; гэтым поўным вымаўленнем адразу адарваў хлопцаў ад дзяўчат, наблізіліся трое, Васіль ужо прагульваўся з нейкай чараўніцай каля вясёлага ручая.

— Не чулі? У нас пажар.

— На станцыі?

— Так, украінцы перадалі.

— Трэба ехаць! — рашуча сказаў Дзяніс Гумноў, інжынер-фізік.

— Трэба ехаць, — згадзіўся Глеб.

— I табе? — здзівіўся Генадзь.

— Усім.

— Думаеш, без нас не патушаць?

— Без нас патушылі, не сумняваюся. Але каб станцыя не спынілася ці хутчэй аднавіла падачу энергіі, нам з табой трэба быць там. Шмат хто падаўся да цешчаў у перадсвяточныя дні. Не збярэш. А мы праз гадзіну будзем там. У Пустахода ёсць маторка.

— Не, паедзем на сваіх, — сказаў уладальнік «Жыгулёў» Гумноў.— Што нам круг, калі маем чатыры колы?

Глеб вярнуўся да мужчын, адклікаў убок бацьку i цесця.

— Нам трэба ехаць. Калі звестка пра пажар дайшла ў другую рэспубліку, значыцца, сур’ёзнае штось…

— Да ты што, Глеб! — спалохаўся Пустаход. — Пакінуць вяселле? Адумайся! Што ты кажаш?

— Трэба ехаць, — ціха, але настойліва паўтарыў Глеб.

Уладзімір Паўлавіч маўчаў. Думаў: што зрабіў бы ён на месцы Глеба? Цяперашні Пыльчанка, безумоўна, паехаў бы без ваганняў. А той даўні, малады, — уласнае вяселле пакінуў бы? Вяселле без жаніха — выпадак рэдкі, унікальны. Можна зразумець спалох нявесцінага бацькі. Што яшчэ скажа Ірына? Але ён радаваўся за сына, ганарыўся ім. Ухваляў яго цвёрдасць. Ты глядзі, як раскрываецца блеклы ў параўнанні з братам малодшы яго сын! Нечакана. Ад Барыса ён усяго чакаў — i хуліганства i гераізму. Ад Глеба — развагі, якой бракавала самому, сумленнасці, шчырасці, цнатлівасці — тых якасцей, якімі прырода надзяліла іхнюю маці.

Рашучасць зяця ўсхвалявала Пустахода. Столькі клопатаў, старанняў i — вяселле без жаніха. Павёў ix у дом — на сямейную раду.

Марыя Пятроўна спалохана завохала, быццам жаніх хоча ўцячы назаўсёды. Ліза пачала папракаць, нават слязу пусціла.

— Што ж ты робіш з намі, зяцёк дарагі? На ўвесь раён хочаш абняславіць? Ты што — дырэктар гэтай станцыі? Колькі там такіх, як ты?

— Многа. Тысячы.

— Ну, во! Тысячы. Дык чаго ляцець? Хіба вы пажарнікі? Чым вы паможаце?

Неаспрэчная логіка: пажар ім тушыць не прыйдзецца. Аднак калі ўсе будуць так разважаць, могуць спыніцца сотні прадпрыемстваў. Туга будзе Кіеву, Чарнігаву, Мазыру. Ён добра ведаў долю сваёй станцыі ў балансе вялікага кальца. Разарвацца яму не дадуць, аднак усюды ўзнікне крызісная напружанасць. Хто іншы пачаў бы горача даводзіць жанчынам значэнне АЭС. Глеб не ўмеў гэтага ды i лічыў, што недарэчна тут красамоўства: знайшоў аўдыторыю! У людзей іншыя клопаты. Можна сказаць — эгаістычныя. Але ён разумеў i цесця, i цешчу, i жончыну сястру. I не вініў ix. На ўсе ix доказы, папрокі, на валідол, які цешча ўпотай паклала пад язык, на Лізіны лёгкія слёзы, на цесцевы пераходы ад сярдзітага хмыкання да лагоднага ўгаворвання адказваў адно:

— Трэба ехаць!

Бянтэжыла Глеба бацькава маўчанне. Заўсёды такі рашучы, звыклы да камандавання, да ўказанняў, ён раптам анямеў. Разгубіўся ў такой незвычайнай сітуацыі? Але яго маўчанне хіба здзіўляла i бянтэжыла. А вось матчына i жончына маўчанне — палохала. Яны сядзелі побач — свякроў i нявестка, у нейкай дзіўнай, проста жалобнай паставе, i твары ix пабляднелі, выцягнуліся. Глеб ледзьве не сказаў ім: «Што вы такія? Усё роўна як у Афганістан мяне праводзіце». Але стрымаўся — сцяміў, што Афганістан можа яшчэ больш спалохаць ix.

Ускочыла ў дом Тамара, яна не прысутнічала на сямейным савеце.

Вольга Андрэеўна спытала:

— Тома, дзе Барыс?

— A хіба я пасу яго, вашага Барыса, — адказала раздражнёна, але тут жа спахапілася, што паводзіць сябе неінтэлігентна, звышдалікатна растлумачыла, выдаўшы прычыну сваёй дзёрзкасці: — Дзяўчат да ракі павёў.

— Знайдзі яго, калі ласка.

— Знайду, Вольга Андрэеўна, — дзяўчына ахвотна кінулася выконваць просьбу.

Чамусьці Вользе Андрэеўне захацелася, каб пры размове, рашэнне якой, адчувала, будзе ўсё роўна адно i тое ж — Глебава, прысутнічаў старэйшы сын. Можа, сэрцам адчувала, што той падкажа нешта асаблівае.