Усе чакалі яго. Hi слова — аб Глебавым ад’ездзе, гутарылі пра старонняе, нават не пра вяселле. Але i не пра пажар.
Хутка прыйшоў Барыс i сапраўды легка, адным махам, рассек гордзіеў вузел. Сказаў брату з неаспрэчнай рашучасцю:
— Не сеўшы за стол, нікуды ты не паедзеш! Вось так, малы! Пасядзім гадзіну-дзве, павесялеюць людзі, тады можаш разам з жонкай ціха вылезці з-за стала. Быў я на вяселлях, з якіх маладыя знікалі. Нядаўна на грузінскім быў. Знікайце i вы i каціцеся хоць на ўсе чатыры стараны свету! А мы будзем піць за ваша здароўе. I за тваю станцыю, раз яна даражэй табе за нас.
I ўсе павесялелі: усё мудрае — простае. Ліза пацягнулася да дзевера:
— Дай я цябе пацалую, Барысок. Недарэмна ты бываеш бліжэй да бога, чым мы, грэшныя, — i да Глеба: — Не крывіся, зяцёк. Віктар на маторцы дамчыць вас да Прыпяці за міг.
Усе павесялелі, акрамя Ірыны i маці. З маці Глеб не адважыўся гаварыць, матчынай логікі баяўся, маці ён ніколі не ўмеў запярэчыць i ў школьныя гады зайздросціў Барысу, які вёў цэлыя дыскусіі i нярэдка пераконваў маці, прымушаў капітуляваць перад яго доказамі. А жонцы сказаў гулліва:
— Чаму ты скісла, Іранё?
— Я баюся, Глеб, — сур’ёзна адказала яна.
— Чаго? — шчыра здзівіўся ён.
— Ты забываеш, што я ўрач. Я праслухала немалы курс аховы ад радыяцыі. I лячэння.
Глеб засмяяўся.
— Ды ну, глупства, мая каралева! Гэтага не можа быць таму, што гэтага не можа быць ніколі! За два гады я вывучыў рэактар. Надзейны, што бабулін чыгунок.
— Вас так пераканалі?
— Каб людзі баяліся, спыніўся б прагрэс. Ніхто не займаўся б фізікай, не рабіў бы на рэактарах. Палюбуйся лепш, які дзянёк. Цуд! Глядзі, як зазелянелі вербы. Вішні цвітуць. Ты казала, што любіш ix, вербы.
— Я усё тут люблю. Але я думаю пра ранішні туман… ён дзёр табе горла.
— Туман як туман, — адмахнуўся ад непрыемнай размовы, аднак адчуў: пачуццё трывогі, што з’явілася пры паведамленні аб пажары i якое адступіла пасля вясёлай братавай тырады, з якой вынікала, што ўсё вырашаепца проста, зноў падступала, як удушша. Падумаў пра Ірыну з ласкавасцю i з асуджэннем: «Яна — што мама мая: усяго баіцца».
— Прашу за сталы, дарагія госці! — гукаў Іван Іванавіч.
А малы Іванка, шасцікласнік, Лізін сын, пратрубіў на горне збор.
Гэта развесяліла ўсіх гасцей. Яны рушылі да сталоў, але не сядалі. Чакалі маладых. Першая гэта сцяміла Ірына. Узяла Глеба пад руку.
— Вышэй галаву, мой кароль! I — урачысты крок!
Баяніст зайграў марш. Госці запляскалі ў далоні. Свята працягвалася.
II
Плылі на маторцы — i спявалі песні. Усе добра выпілі. На гэты раз i Глеб не баставаў, Ірына здзівілася i па-жаночы насцярожылася, калі ён пачаў куляць чарку за чаркай; пяць гадоў як кахаліся, лічыла, што ён не п’е, ды i сам Глеб прызнаваўся, што, калі зрэдку з сябрамі i выпівае, задавальнення ад гэтага не мае, адну гаркату.
Але не толькі ад віна ўзняўся яго настрой. Ен як бы радаваўся, што вырваўся з тлумнага вяселля на рачны прастор. Сам сабе баяўся прызнацца ў гэтым, бо ведаў, што гэта абразіла б Ірыну: не паспеў ажаніцца — i радуецца, што ўцякае ад жонкі. Дзіўна i іншае: пажар цяпер не хваляваў так, як усхваляваў напачатку. Проста яны шчырыя работнікі, сумленна выконваюць свой абавязак. Ад гэтага, магчыма, i было весела — што яны вось такія: патрыёты сваёй станцыі. Але трывога за пажар адступіла. Сапраўды, на станцыі каля шасці тысяч персаналу, a ў Прыпяці — пяцьдзесят тысяч народу. I Кіеў блізка. У станцыі — асобы рэжым. На яе працуюць дзесяткі ўстаноў, службаў. Не толькі цывільных.
Хораша на рацэ! Сустрэчны паток паветра халадзіў разгарачаныя віном галовы, цела. Васіль i Генадзь распрануліся да трусоў, загаралі. Віктар, гаспадар маторкі, седзячы на рулі, рабіў рызыкоўныя віражы; пенны след на роўнядзі ракі меў п’яную форму.
— Выкупает ты нас, Віця.
— Я? Пагана ты мяне знаеш, сваяк! Мяне данясі да руля машыны ці маторкі, i я павяду так, што сам Бокша не ўбачыць, што за рулём чалавек, які хапіў літрагу «антыфрызу».
Усё цудоўнае! Людзі яны добрыя. Рака — на радасць ім. I сонца, Вясна. Сады цвітуць у прыбярэжных вёсках, беларускіх, украінскіх. Трохі хіба грызло Глеба сумленне — вініўся Ірыне. Сказаў сябрам тое ж, што сказаў жонцы, бацькам сваім:
— Паглядзімо. Калі нічога сур’ёзнага не здарылася, тут жа вернемся назад. Вернемся, хлопцы?