Выбрать главу

— У мяне заўтра дзяжурства, — сказаў інжынерв-ентылятаршчык Генадзь Несцярэнка.

— А я вярнуся, — адказаў Васіль Гмыр, дазіметрыст.

— Правільна, Вася! — крыкнуў праз шум матора i ажно драпаў босымі нагамі дно чаўна старэйшы зяць Пустахода; чалавеку пад сорак, а па характа ры — хлапчук. «I смех i грэх», — казала пра мужа Ліза. Завадны Віцька нават захапіў пляшку гарэлкі, можа, i не а дну, нават прапаноўваў выпіць пад шум матора i плёскат хваль, але Глеб рашуча запярэчыў i, баючыся, каб Віктар не набраўся, калі паплыве назад адзін, выпрасіў у яго паўлітэрку — пачаставаць сяброў па інтэрнату.

— А ты нічога не захапіў? Лапух ты, а не жаніх! Такога трэба выкупаць! Не вучыся ў Пустаходаў. Усе яны скупярдзяі, таму i багатыя! Вучыся ў мяне. Ліза заве мяне матавілам, — дастаў пляшку з-пад сядзення, пацалаваў, працягнуў Глебу.

У адным месцы шаша блізка падступала да ракі, i па ёй прамільгнула чарада машын, больш, чым праходзіць тут у любы час — на гэтай не такой ужо бойкай дарозе на стыку дзвюх рэспублік.

На некагорых машынах узвышаліся пакункі на багажніках.

— Куды гэта ix столькі вырвалася сёння? На вяселле да Пустахода, ці што? — зубаскаліў Віктар.

— Да цешчаў перад святам. Па самагонку.

— Багата жывуць вашы атамшчыкі, многа машын маюць.

— У працэнтных адносінах… на сотню сямей у вас не менш.

— Не. Мала. Каб свабодна можа было купіць, то мелі б, канешне. Дык гэта ж у нас, Пустаход умее выбіць. A іншым цыркаюць па адной машыне ў год, — i Віктар заводзіў новую песню, але падобна, што спявак з кожнай песні веда ў па куплету:

Як була я маленька, Калыхала мяне ненька. А як стала падрастаці, Сталі хлопцы калыхаці…

— Я такі не сцямлю, што вас сарвала. Падумаеш — пажар! Ды каб гарэла мая хата, i то наўрад ці адарваўся б ад такога стала. Можа, пачакаць вас? I назад!

— Не. Пакуль мы знойдзем кожны свайго начальніка. Субота.

— А вось ён, Прыпяць ваш. Была яна, а цяпер ён. Не вельмі клеіцца, — углыбіўся ў лінгвістычныя разважанні Віктар i як бы пацвердзіў ix новым куплетам, сур’ёзным, сумным:

Калі разлучаюцца двое, За рукі бяруцца яны…

З-за павароту ракі выглянула панарама горада, знаёмая, бачаная, можа, сто разоў. Глебам асабліва: у навігацыю часта дабіраўся на «Ракеце», не любіў аўтобуса, які нярэдка прастойваў на паромнай пераправе. Горад новенькі, чысценькі, бела-чырвоны, шэрасці мала, добра спланаваны, хораша азелянёны, за чвэрць стагоддзя пры добрым доглядзе ліпы i каштаны разрасліся, як у Кіеве. Горад расце сюды, на паўночны захад, у бок станцыі ходу яму няма. I дамы, якія яны ўбачылі з ракі, самыя новыя, кекаторыя недабудаваныя з бусламі-кранамі. I ўсё ззяла на сонцы — вокны, незакрытая арматура, стрэлы кранаў.

Не, не горад прымусіў ix замаўчаць. Бераг. Ішлі да станцыі. Віктар прыбавіў абароты. Ляцелі віхрам. Нязвыклы выгляд берага. Не было на ім рыбакоў, якіх у суботу там поўна. Ды ў такі спякотны дзень i раннія купальшчыкі маглі знайсціся, ёсць тут маржы, што ад лёду да лёду купаюцца. Зусім прыціхлі, калі адкрылася станцыя. Будынак станцыі. Дым над ёй, не чорны, не жоўты, як над ТЭЦ, a нейкі як бы празрыста-блакітны. Глеб хіба трохі суцешыўся, што дым над чацвёртым блокам, не над яго, другім. Каля адваднога канала, праз які напаўнялася вадасховішча, замільгалі постаці міліцыянераў. Адзін, другі… Ніхто не адпачывае, a міліцыя ёсць. Моцна гэта насцярожыла. Усіх, акрамя хіба Віктара. У штучнай бухце — прычал, службовы, стаяць белыя катэры, чаўны. Віктар апісаў дугу i затармазіў не каля бетоннай сценкі, а збоку, на пясчанай водмелі. Не паспелі яны ўтыкнуцца носам у пясок, як перад імі з’явіўся міліцыянер. Сурова загадаў:

— Не прычаліваць! Прахадзіце міма!

Але хлопцы адзін за адным сіганулі на бераг.

Глеб чарпнуў вясельнымі чаравікамі ваду.

— Мы работнікі станцыі. Нас выклікалі па трывозе.

— Дакументы!

У Васіля i Генадзя былі з сабой службовыя прапускі, Глебаў застаўся ў кішэні штодзённага касцюма. Генадзь браў міліцыянера незвычайнасцю сітуацыі, у якой яны апынуліся:

— З вяселля сарваліся. Чуеш — пад газам? Во жаніх. Не бачыш па ўранні? Ад нявесты адарваўся, каб ратаваць свае шчыты.

Малады міліцыянер чухаў патыліцу.

— Адных выклікаюць, другіх не пускаюць. I — ніякіх указанняў. Ніхто нічога не ведае.

— А што здарылася?

— Думает, я знаю? Я тое бачу, што ўсе бачаць. Глядзі, як корпус раскроіла. Сілішча!

З маторкі яны ўбачылі дым. Адсюль, з вышыні бетоннага берага канала, добра відаць, як разбураны корпус чацвёртага блока. Просты пажар не мог так расшчапіць звыштрывалае збудаванне.