Выбрать главу

А Пыльчанка адразу ўдакладніў:

— Які Мятліцкі? — у раёне было некалькі Мятліцкіх.

— Той, што школамі камандуе.

Невядома па якой логіцы Уладзімір Паўлавіч звязаў званок загадчыка райана з пажарам на станций, з ад’ездам Глеба i яго сяброў, i ў разгарачаную галаву ўдарыла халодная хваля трывогі, уміг выветрыла хмель. Пустаход i госці, якія чулі размову, здзівіліся, як паспешліва старшыня райвыканкома пайшоў дахаты на выклік падначаленага.

Уладзімір Паўлавіч узяў трубку. Але той, што званіў, не дачакаўся i паклаў яе, але не на рычаг — на стол, чуваць галасы, пера валена жаночыя, звычайныя, бадай нават вясёлыя.

Прыйшлося доўга алёкаць. Урэшце трубку ўзялі нейкая гумарыстка, спытала:

— Хто там хукае?

— Дзе Мятліцкі? Пыльчанка.

— Ой, прабачце, Павел Пятровіч! Вас. Сам…

— Уладзімір Паўлавіч, прабачце, што патурбавалі. Разумеем…

— Што ў цябе гарыць?

— Ды нічога не гарыць. Але тут, можна сказаць, анекдатычны выпадак… — як бы разгублена i няўпэўнена цягнуў загадчык райана.

Пыльчанка ўзлаваўся: глупства нейкае паведаміць.

— Ты што, таксама на вяселлі?

— Ды не. Я са школы. З другой. Мне дырэктар далажыў. Пазваніла начальніца гэтага нашага пункта, што на Прыпяці, гідраметэа… што замярае ваду i паветра. Вы знаеце гэтую злую дзеўку. Помніце, як яна на камсамольскай канферэнцыі ўсіх разносіла за экалогію… На райком замахнулася. Ёй бы замуж. Без мужа жыве…

— Карацей можаш?

— Прыбор там у яе нейкі зашкаліла. У галаве ў яе зашкаліла, па-мойму… Дык яна звоніць у школы i загадвае… Не, праўда. Целеш так i кажа: загадала. Дзяцей на вуліцу не выпускаюць. У такі дзень! Як вам падабаецца? У нас ваенна-спартыўная гульня старшакласнікаў назначана… На Прыпяць выязджаем… Таму я i ў школе.

— Дык што ты хочаш ад мяне?

— Я? — Мятліцкі сумеўся. — Ды параіцца… Можа, вы што знаеце.

— Нічога я не знаю.

— Ну вось, я кажу… А Целеш тут панікуе. Хоча вучэнне адмяніць. Адмяняць?

— Хто кіруе школам!? Ты? Ці я?

— Дык выключны ж выпадак, Уладзімір Паўлавіч! Дзеўка гэтая… Рамейка ажно слінай прыскала, кяжэ. Целеш. Такія страхі наганяла.

— Пазвані Пятру Міхайлавічу.

— Няма яш.

— У Гомель пазвані.

— Субота. Хто адзавецца?

— То вырашай сам. Хоць адзін раз.

— Слухаюся.

— Будзь здароў.

Пыльчанка паклаў трубку. Адчуў раздражнёнасць. Супраць каго — не разумеў. Не супраць жа Мятліцкага? А урэшце, можа, i супраць яго: кроку ступіць самастойна не могуць. Не злуй, Уладзімір Паўлавіч, на сябе — так прывучылі людзей. Пастаяў пасярод хаты, незнаёмай, хоць быў у ёй дзесяткі разоў — залішне прасторна. Не адразу сцяміў, што прастор гэты ад таго, што няма стала, лавак, крэслаў: учора хата была цесная — ад сталоў, ад гасцей.

Неяк сама па сабе быццам запісаная на плёнку, «пракруцілася» размова з загадчыкам райана.

«Як ён сказаў… яна сказала? Зашкаліла? Прыбор? Які прыбор? Дазіметр? У яе ёсць дазіметр? А на станцыі пажар, — ад стыкоўкі гэтых двух розных паведамленняў кінула ў жар. — Чорт вазьмі! Што гэта я раблю! Стары дурань!»

Кінуўся да телефона. Нумара школы не помніў. Набраў райвыканком.

Дзяжурны не адразу абазваўся.

— Капцюг? Ты што, спаў?

— Ды не, Уладзімір Паўлавіч. На балкон выйшаў. Дзянёк — душа радуецца.

— Якія навіны?

— Ніякіх.

— Ніхто не званіў?

— Званіла жанчына. Не назвалася. Пыталася, дзе вас знайсці. Я не сказаў…

— Месца знаходжання камандуючага невядома, так? Не гуляй у ваенныя гульні, Капцюг!

— Зразумеў.

— Тэлефон другой школы.

Інструктар доўга шукаў нумар гарадской школы. Пыльчанка ледзь стрымаўся, каб не вылаяць работника, дзеці якога ходзяць у гэтую школу.

Раздражнёнасць яго пульсавала: уздым — спад. Нарэшце дазваніўся ў школу.

— Мятліцкі?

— Целеш.

— На АЭС пажар.

— Дзе?

— На атамнай.

— Матка мая родная! А хто гэта гаворыць?

— Пыльчанка.

— Прабачце, Уладзімір Паўлавіч, не пазнаў. Мятліцкі паехаў у першую школу.

— Пазваніць яму. Дзяцей у поле не вывозіць!

— Я адразу быў супраць. Але маёр з ваенкамата цісне.

— Пашліце яго!..

— Ого, пашліце… А ён заўтра мяне на зборы…

— Целеш! Вам колькі гадоў?

— У тым i бяда, што мала. I я ўсяго лейтэнант. Чалавек пашкадаваў, што яму мала гадоў,— гэта расслабіла да ўсмешкі. Спад… Але тут жа пульсар выкінуў новы зарад раздражнёнасці.

— Дзяцей не вывозіць! Вас што — агітаваць трэба?