Выйшаў з машыны каля райвыканкома. У кабінеце сеў за вялікі рабочы стол, які заўсёды настройваў на актыўныя дзеянні. Званіць? Каму? Сядзеў у стане — як пасля цяжкага пахмелля; здараліся такія рабочыя дні пасля нядзельнага палявання.
Заходзіла сонца. Кабінет напаўняўся злавеснай чырванню, якая гусцела, цямнела, здавалася, восьвось чырвань стане чарнатой, згасне святло i наступить… Што наступіць? Працягнуў руку, націснуў на выключальнік настольнай лямпы. Загарэлася святло. Мала. Падняўся, уключыў люстру. Нічога не насту піць! Няхай будзе святло! I ёсць святло. З ім вярнулася жаданне дзейнічаць. Пазваніў у Гомель, на кватэру намесніка старшыні аблвыканкома, з якім некалі працаваў, але сяброўства з якім парушыла субардынацыя. Той здзівіўся:
— Даўно ты мне не званіў на кватэру. Што здарылася?
— Я ў цябе хацеў узнаць навіны.
— A якія навіны? Гарым.
— Як гарым? Дзе?
— Зямля перасыхае, Лугі не залівала. Без кармоў будзем… У цябе тарфянікі не перасушыла? Бульбу садзіш?
Гаварылі мінут дзесяць. Карцела сказаць пра пажар на АЭС. Не сказаў. Ведаў характар кіраўніка: да лямпачкі яму пажар у другой рэспубліцы.
На нейкі момант супакоіла, што ў вобласці ціха. Але пачаў правяраць сваіх — пазваніў двум старшыням калгасаў, аднаму — сельсавета ў Прыпяцкай зоне. I гэтак жа: што новага? Як сяўба? Надоі не знізіліся? Ca страхам чакаў, што хтось скажа: «Якія надоі! Тут такое…»
Ніхто не сказаў. Адзін Лашук здзівіўся:
— Уладзімір Паўлавіч! У вас жа вяселле, а вы пра кароў. Неўгамонны вы чалавек! Віншую вас. Гэта той ажаніўся, што з нашай прыстані ездзіць на работу?
— Сёння «Ракеты» ішлі?
— He быў на рацэ. У трэцяе аддзяленне ездзіў. А чаму ім не ісці?
Можна было б зусім супакоіцца: з аднаго ўрочышча гэтага калгаса відзён новы ўкраінскі горад, карпусы станцыі, з вёскі гэтай у Прыпяці робяць людзі.
Не, не супакоіўся. Пазваніў начальніку штаба грамадзянскай абароны падпалкоўніку Пятрушкіну.
— Сяргей Дзям’янавіч! Чым заняты?
— «Время» гляджу.
— Давай зараз жа ў выканком.
— А што? Трывога?
— Трывога.
— Абласная? Рэспубліканская?
— Саюзная.
— Што вы кажаце? Вучэбная? Баявая? Што ж мой тэлефон маўчыць? Лячу! Маша! Форму! — сурова закамандаваў ваяка, хоць шлас яго раптам асіп.
Прыляцеў праз сем мінут; Пыльчанка засёк на насценным гадзінніку. Задыхаўся вельмі. Пабялеў.
— А што ж у нас так ціха?
— Не даляцелі ракеты.
— Не жартуйце, Уладзімір Паўлавіч. Вы ж ска, залі: трывога. Самі хочаце абвясціць? Вось так — адразу? Якую мэту ставіце? — падпалкоўнік выцер хусцінкай лысую галаву, кінуў на стол фуражку, сеў, яўна абураны такой гульнёй. Выходзіць, старшыня правярае аднаго яго. Чаму? У абласным цэнтры яго хваляць. Навошта ж такая несур’ёзная праверка? Выпіў на вяселлі i забаўляецца кіраўнік. Падпалкоўнік меў гарачы характар. Але выказацца ён не паспеў.
— Дазіметры ў цябе ёсць?
— Радыяцыйныя? Ёсць. ДП-5. Два. Але старыя, пяцьдзесят восьмага года.
— Якога? I калі ты ўключаў ix? — i раптам гнеўна загрымеў: — Гаўно мы, а не грамадзянская абарона!
— Вы — начальнік яе.
— I я такое ж дзярмо, як ты, як усе…
— Не разумею, што здарылася…
— Зразумееш. У панядзелак паедзеш у Гомель, у Мінск, хоць у Маскву. I без дазіметраў не вяртайся.
— Вы думаеце, так гэта проста: паехаў i ўзяў?
— Бардак! Дапрацаваліся! Дакамандаваліся! — i пачаў крыць мацюкамі невядома каго, ашаломлены Пятрушкін падняўся, надзеў фуражку, стаў ва фрунт. Было жаданне сказаць такія ж гарачыя словы аб яго метадах кіраўніцтва абаронай: заўсёды адмахваўся — рабі, як інструкцыі патрабуюць. Але грубая бязадрасная лаянка старшыні стрымала: ці мала што ў чалавека магло здарыцца — на вяселлі!
— Мне можна ісці?
Пыльчанка асекся i нейкі момант глядзеў на памочніка няўцямна.
Сорамна зрабілася за зрыў.
— Ідзіце!
Падпалкоўнік казырнуў… здзекліва.
IV
Акадэміка Мартынюка телефон разбудзіў а шостай раніцы — у гасцініцы «Расія». Званіў намеснік па навуковай рабоце Кваша. Сам званок у такі час палохае, а тут яшчэ незвычайны голас звычайна спакойнага чалавека — спалоханы голас: