— Васіль Данілавіч! ЧП! «Танцуюць» прыборы. Змена падняла мяне з пасцелі. Некаторыя скакалі цераз плот.
— Дзе ўцечка?
— Няма нідзе. Праверыў. Усё ў норме. Усе прыборы даюць норму, акрамя дазіметраў.
— Дык у чым прычына?
— Не магу зразумець. Выклікаў ядзершчыкаў. Але ці прыедуць свяцілы з горада ў такую рань?
— У каго ў суседзяў можа быць уцечка?
— У Мінску ні ў каго такіх доз не можа быць. Хіба ў ваенных, пра што нам не дакладваюць. Дарэмна. Па інструкцыі я павінен даць сігнал трывогі.
— Чакай. Шукайце прычыну ў сябе. Толькі калі знойдзеш прычыну, тады бі ў званы. А я пашукаю вакол. Дай мне тэлефон Гідрамета. Праз паўгадзіны пазвані.
Не пацэліў пальцам у шчыліну тэлефоннага дыска — дрыжала рука. Пачало зябіць. Спаў з адчыненай фрамугай. Падышоў, каб зачыніць яе. Акно выходзіць на Крэмль. Гараць залатыя званіцы, залітыя чырванню першых промняў сонца. Якое хара ство! Гэта ж яму ні разу не пашчаслівіла палюбавацца вось так на Крэмль з дзесятага паверха, у такі час, у такую вясновую раніцу. Глядзеў удзень, увечары, уначы. A выходзіць, усё хараство i тварэнняў прыроды i тварэнняў чалавечага генія можна ўбачыць толькі ў хвіліны нараджэння новага дня. Аднак не да паэзіі, калі… калі цябе калоціць не ад холаду…
Дзяжурны ў Гідрамеце адказаў адразу, але голас яго быў заспаны, хрыплы.
— Гаворыць акадэмік… Беларускай акадэміі. Пры адсутнасці аварыйнай сітуацыі на нашым рэактары «заплясалі» дазіметры. Якая абстаноўка ў рэгіёне?
— Усё ў норме, таварыш.
Акадэміку захацелася ўжыць лексікон дворніка.
У дзяжурнага Міністэрства энергетыкі голас быў не начны — рабочы, ды i чуліся ў трубцы іншыя галасы. Недарэмна там людзі ў такую рань.
Прадставіўся. Назваў прычыну сваёй трывогі. Паўза. Загадкавая. Хвалюючая. Чалавек у кабінеце міністэрства яўна думае, што адказаць, значыць, ведае прычыну, значыцца, ёсць прычына. Што здарылася? Дзе?
— Пазваніце пасля дзевяці.
— Да дзевяці — тры гадзіны. I сёння субота.
— Сёння субота, — згадзіўся, здаецца, з расчараваннем, чалавек на другім канцы проваду.
— Хто там такі ранні? — прагудзеў голас воддаль ад трубкі. Той, што гаварыў, заціснуўшы мікрафон, тлумачыў — хто, ды адарваў далоню ад мікрафона.
— Парай яму займацца лепш навукай. Тэарэтыкі, маць ix!..
Мартынюк абурыўся i ледзьве ў сваю чаргу не выказаў добрую параду практыку. Але той, хто адказваў, надзвычай ветліва папрасіў пазваніць у дзвевяць i палажыў трубку.
Пасля такой размовы, ужо не толькі ўстрывожаны, але i надзвычай зацікаўлены, Васіль Данілавіч амаль без ваганняў адважыўся патурбаваць у такую рань свайго куратара — віцэ-прэзідэнта саюзнай акадэміі.
Не здзівіўся, што трубку ўзялі адразу. Жонка. Не выслухала, хто звоніць, — адразу паклікала мужа:
— Жэня! Цябе!
Павітаўся i, пачуўшы, што акадэмік нешта дажоўвае, не папрасіў прабачэння, што патурбаваў, сказаў з ходу, але чамусьці жартаўліва:
— У нас стрэлкі танцуюць гапака.
— Правільна яны ў вас танцуюць. Аварыя на Чарнобыльскай… Лячу. Дапіваю чай, каб не ўкачала ў самалёце. Што здарылася? Толькі што гаварыў ca станцыяй. Уражанне такое, што там ніхто нічога не ведае. Прабачце. Спяшаюся. Машына ля пад’езда. Алё, алё! Вам, як спецыялісту. Да высвятлення абставін — ніякай інфармацыі! Ніякай панікі!
— Але ж…
— Ніякіх «але»! Каманда зверху. Мне званіў член Палітбюро… Думаю, тлумачыць не трэба… Вы — чалавек дасведчаны. Нам з вамі давераны дзяржаўныя тайны.
У трубцы — кароткія гудкі. Адбой.
Чаго не трэба тлумачыць? Вельмі нават трэба. Калі цябе, вучонага вяльможу, паднялі ў пяць раніцы, а можа, i раней… Калі не спяць члены Палітбюро… Тлумачыць можна, канешне, — пазней, высветліўшы абставіны. Але мы з табой, як ніхто, як ніводзін член Палітбюро, ведаем, што гэта такое… Калі заплясалі прыборы за чатырыста вёрст — у Мінску, то гэта… Васіль Данілавіч адчуў на спіне халодны пот, калі мількнула страшнае параўнанне, якое боязна было вымавіць.
— Гэта — Хірасіма.
Прычыніў дзверы ў калідорчык. Зазябіла, ажно ліхаманіла. Няўжо за ноч гэтак астыў моцна нагрэты ўдзень сонцам пакой? Накінуў на плечы пінжак.
«Народу можаш растлумачыць пазней, дарагі шэф. Але ад кіраўніцтва патрабуй сігналу трывогі, каб ратаваць людзей. Ты — найвышэйшы аўтарытэт. Ты знаеш, колькі мільёнаў бэр можа выплеснуць адзін рэактар. А ix там чатыры… Колькі Хірасім!»
Толькі ён, фізік, мог уявіць карціну разбурэння чатырох рэактараў. Ад такога i ў спёку заліхаманіць.