Аднак «філасофія» ўтаймавала яго. Сцёрліся пісягі на лбе, паружавела шыя. Вочы, якія ў час тырады былі ў касмічнай далечы, вярнуліся ў кабінет, скіраваліся на субяседніка.
Іван Міхайлавіч узбадзёрыўся. Пры ўсім пры тым гэты чалавек умеў часам прымаць нечакана для ўсіх смелыя рашэнні. Можа, i зараз вось такім пакручастым шляхам ідзе да такога рашэння?
Лявонцій Мікалаевіч спыніўся каля дзвярэй у пакой для адпачынку i напалеонаўскім жэстам паказаў рукой на тэлефонны столік, дзе вакол вялікага селектарнага апарата з мноствам кнопак стаяла штук пяць дыскавых рознага колеру.
— Гэта што?
— Апараты, — незразумела паціснуў плячамі Іван Міхайлавіч.
— Яны — што? Маўчаць! А каб хоць пятая частка было праўды ў тым, што напісаў ваш Мартынюк… Васіль Данілавіч, так? Каб было так страшна, як яму, запэўніваю вас — тэлефоны трашчалі б на ўвесь гэты будынак. Яны абарвалі б вушы… аглушылі б не толькi мяне, але i вас, кіраўніка навукі. А яны маўчаць. Быў мне званок з Масквы… з самага верху. Быў з Гомеля — даклад аб сітуацыі. Людзі спакойна працуюць. Ніхто не панікуе. Званіў я ў Кіеў. Урад Украіны прыняў усе меры… Акадэміку нашаму чамусьці здаецца, што усе спяць. Растлумачце яму, што HixTо не спіць… Палітбюро засядала… Аварыя… так мне далажылі… можна лічыць, ліквідавана. Радыяцыя? Пакуль што невядома, якая яна. Аднак падняты ўжо вайсковыя часці… хімічныя… для правядзення дэзактывацыі. Вы лепш за мяне павінны ведаць, як гэта робіцца.
— На жаль, не ведаю.
— Вось вам ваша навука!
— Што адказаць Мартынюку? Чалавек чакае.
Лявонцій Мікалаевіч вярнуўся ў сваё крэсла, толькі адтуль, з трыбуны, ён мог прымаць рашэнне. Пагартаў дакладную, на момант паглыбіўся ў адну старонку i нагіісаў на по л i не пытальнік, нейкі адмысловы знак накшталт параграфа.
— Я прыму яго. Вашага брата нельга не прыняць.
Іван Міхайлавіч вярнуўся ў свой кабінет з вінаватым выглядам. Адвёў вочы ад пільнага чакальнага позірку свайго навуковага кіраўніка.
— Не прыме? — амаль спалохана спытаў акадэмік.
— Прыме. Чакайце.
— Выдатна. Не буду вам перашкаджаць. Пачакаю ў калідоры. Ці лепш пайсці ў прыёмную?
— Пагуляйце ў калідоры. Я папрашу, каб пазванілі мне.
Кал i загадчык аддзела выйшаў, Лявонцій пазваніў старшыні камітэта народнага кантролю. З падначаленым ён рэдка вітаўся першы.
— Што там у нас за пісьмо было ў адносінах Мартынюка? Але, вучонага…
Старшыня ведаў здольнасці гэтага чалавека, яго нечаканыя звароты i пісьмы з яго рэзалюцыямі стараўся запамінаць. Растлумачыў, Была ананімка, што акадэмік пры будаўніцтве дачы забраў з інстытута жалезабетонныя пліты для перакрыцця. Устаноўлена праверкай: пліты бракаваныя, кінутыя будаўнікамі, праляжалі гадоў пятнаццаць, захламляючы двор, ix трэба было вывезці на звалку, крыміналу няма, справа закрыта.
Выслухаў Лявонцій тлумачэнне моўчкі. I раптам, як гром, заключэнне:
— Дрэнна мы правяраем.
I адбой.
Старшыня колькі хвілін сядзеў, слухаючы стук крыві ў скронях. Потым націснуў кнопку селектара.
— Генадзь Мікалаевіч! Знайдзіце пісьмо «акадэмікаў» на Мартынюка.
— Ды яно ў мяне. Збіраюся паехаць туды, пасароміць за такія ганебныя ананімкі. Чым людзі займаюцца!
— Нікуды не ездзіце, прынясіце пісьмо мне.
Васіль Данілавіч гуляў па доўгіх калідорах гадзін шэсць, да канца работы. У той дзень яго не прынялі.
VII
Быў вечар i была раніца: дзень трэці. Панядзелак. Цяжкі. Не, звычайны — для Уладзіміра Паўлавіча. Рабочы.
Першым аўтобусам, у шэсць раніцы, паехалі ў Гомель Барыс i Тамара. Барыс абліўся на двары халоднай вадой i як абнавіўся. Свежы, крамяны, падцягнуты i сур’ёзны, без дурносаў. Не, так змяніла яго форма — ваенная. Калі сын у форме, за яго можна не турбавацца, ды яшчэ з такой спадарожніцай, як Тамара.
Уладзімір Паўлавіч любаваўся сынам, праводзячы да вакзала. Дакладна адышоў аўтобус. Звыкла абуджаўся горад. У сё разам супакоіла, зняла ўчарашнюю трывогу. Падумаў, што страхі, надумлівасць раслі ад алкаголю, гэтую яго хваробу Вольга адкрыла, можа, яшчэ дваццаць гадоў назад.
I на рабоце… Каскад званкоў. Звычайных. Рабочых… Гомель знаў пра аварыю. Але ніхто не пазваніў з гэтай нагоды. Ніхто не ўзнімаў трывогі. I старшыня паехаў у калгасы паўночнай зоны, свае падшэфныя. Яны адставалі з пасадкай бульбы, ды i надоі ўпалі. Пыльчанка высмейваў гэтыя аўралы, кал i пры падзенні надояў на паўлітра-літр увесь актыў рассылался ў гаспадаркі, быццам чыноўнікі павінны былі даіць, аднак, верны моцна ўкаранёнай практыцы, гнаў i сябе, i падначаленых сваіх — не толькi аграрнікаў, але i райана, банк, райфін, нафтабазу, каб мыліць галовы старшыням i ўзнімаць дух даярак.