Выбрать главу

— Я нявестцы толькі што сказаў… сын жа на станцыі! — што нічога страшнага, як пракурор кажа. Але ж няпраўда гэта! Няпраўда! Сябе мы можам ашукваць. Не першы раз! Але людзей!..

— Што вы маеце на ўвазе — «не першы раз»? — спытаў пракурор.

— Скажу — справу не завядзеш?

— Таварышы, таварышы! — пакутуючы, як ад болю, бязвольна прасіў Сінякоў, які звычайна даволі крута ўмеў заклікаць да парадку. — Давайце па чарзе. У нас доўгая павестка, куча пытанняў.

Але пераходзіць да чарговага пытання ніхто не спяшаўся.

— Пазвані ў абком! — другі раз настойліва патрабаваў Пыльчанка.

— Ды званіў я! Адказалі: калі трэба будзе i што трэба — вам скажуць!

— Вялікія мудрацы там сядзяць. Апосталы святыя.

— Хто гэта апосталы? — зноў з уедлівым смяшком спытаў Жылевіч.

Пыльчанку захацелася паслаць яго да-алё-ёка, ды паважаў іншых людзей. Яны сур’ёзныя i заклапочаныя, не ў прыклад пракурору з яго патугамі на гумар. Знайшоў час, дурань!

Пустаход заглянуў у дзверы сам, даў сігнал свату. Сінякоў запрасіў яго:

— Заходзьце, Іван Іванавіч.

Яму хацелася пачуць думку чалавека з нізоў, да таго ж з паўднёвай гаспадаркі. Ім там бліжэй. Але старшыня калгаса зачыніў дзверы, вельмі здзівіўшы гэтым сакратара. А Пыльчанку спалохаў, бо ўдарыла думка: «Ці не пра Глеба ён хоча штось паведаміць?»

Падхапіўся, выйшаў у прыёмную.

Пракурор зноў пажартаваў:

— Во як трэба бегчы, калі сват ківае пальцам…

— Што, Іван? — спытаў Уладзімір Паўлавіч, не павітаўшыся.

— Ix высяляюць.

— Каго?

— Суседзяў маіх — саўгас «Партызанскі».

У Пыльчанкі заняло дыханне.

Нейкі міг яны стаялі моўчкі i глядзелі адзін аднаму ў вочы. Разумелі, хто што думае. Хоць што разумець! Думалі два гаспадары, адказныя за людзей, адно i тое ж, толькі ў Пустахода было больш страху — У душы i ў вачах.

Не сцяміўшы, пра якое высяленне ідзе размова, здзіўлена глядзела на ix сакратарка.

— Пачакай мяне. Я паеду з табой.

Вярнуўся ў кабінет, прычыніў дзверы спіной, падпёр ix сабою, быццам не пускаючы кагосьці, хто можа пагражаць людзям, якія сядзяць за доўгім сталом. Што старшыня райвыканкома гэтак спыніўся, насцярожыла членаў бюро.

— Ix высяляюць.

— Каго?

— Украінскія вёскі.

— Не можа быць! — выгукнуў бадай спалохана пракурор, да таго гулліва настроены.

— Паеду пагляджу сваімі вачамі,— сказаў Пыльчанка. Падышоў да стала, сабраў у папку свае зводкі аб сяўбе i надоях.

Сінякоў павярнуўся да тэлефонаў, набраў шматлікавы нумар.

— Аляксей Раманавіч! Яшчэ раз Сінякоў. Толькі што прыехаў Пустаход, прывёз звестку: яго суседзяўукраінцаў высяляюць. Ды не, ніхто не панікуе. Мы спакойныя; Мы спакойныя больш, чым трэба. Ды не… вы знаеце Пустахода. Перадаць-то пера дам, але ці будзе яму ад гэтага лягчэй… Слухаюся… Слухаюся… А што з дзецьмі? З дэманстрацыяй? Дзякую. Пастараемся. Але ці ходзяць паромы? Уявіце — не знаем. Вам жа лягчэй узнаць — у вас прамы провад. Прабачце… Паедзе ў аб’езд. Думаю, на нашай тэрыторыі паром работав. Чаму думаю? Не мой жа раён. Зноў жа — вам прасцей… Ды не вучу я вас. Кажу, што ёсць. Прабачце. Буду, канешне, званіць.

Сінякоў паклаў трубку. На кончыку яго носа павісла кропля поту. У кабінеце душна — вокны зачынены. Сакратар шукаў у кішэнях хустку, знайшоў у пінжаку, што вісеў на спінцы крэсла за сталом. Выцершы твар, рашуча вымавіў:

— Дзяцей на дэманстрацыю не выводзім!

— Што яшчэ сказаў Аляксей?

— Пра дзяцей не ён сказаў, я кажу! Наша права! Сёння будзе ўрадавае паведамленне. I ўсё растлумачыць. Да нас паехаў Кахоўскі. Дунец! Забяспечце яму праезд на Чарнобыль.

— Кажуць, украінцы перакрылі дарогі.

Сінякоў узарваўся, такой злосці ад яго не чулі.

— Кажуць… Думаюць… Варожаць… Што ў нас за службы! Міліцыя, называецца! Якія ў вас сувязі? Ды вы павінны былі ўжо пяць разоў пабываць у Прыпяці, у Чарнобылі! А трэба — i ў Кіеве! Ахова парадку! Вы — унутраныя справы! Усе ўнутраныя справы! Ваеннае фарміраванне грамадзянскай абароны! A ў вас радыяцыйныя прыборы без батарэй. З гадзіннікаў выцягніце батарэі! Работнічкі!

Дунец падскочыў, стаяў навыцяжку, лыпаў вачыма, не разумеючы прычыны абурэння першага сакратара, звычайна стрыманага, ветлівага, інтэлігентнага.