Вольга Андрэеўна вярнулася пад вечар з працы, пераапранулася — i на гарод. Яшчэ раніцою ўбачыла, як яна адстала ад суседак за час вясельнага тлуму, i ў бібліятэчнай бяздзейнасці ў яе свярбелі рукі ад жадання папрацаваць. А гэта хораша — у вячэрнім халадку рабіць у гародзе, пад вішнямі, што ў пене квецені! Які водар — ад вішань, ад маладой травы, якую нават шкада выпалваць, ад свежай зямлі! Нават ад гною, які ёй прывозіць райвыканкомаўскі шафёр з саўгаснага кароўніка, хоць грошы атрымоўвае для пакупкі яго ў прыватнікаў. Яна наіўна верыць, што гной з суседняй вёскі, ад шафёравага цесця.
Уладзімір Паўлавіч высмейвае яе наіўнасць, пагражае ёй i шафёру: зловіць — пасадзіць. Вользе Андрэеўне рабілася весела ад уяўлення, як бы гэта родны муж судзіў яе, сваю жонку. За што? За гной. Смех, дый годзе!
Пазней прыйшла Ірына. Пасля прыёму хворых сядзела ў кабінеце, прачытала з іншай увагай, чым перад здачай экзаменаў, вялікі раздзел у падручніку пра ахову ад радыяцыі. Яшчэ больш трывожна ёй стала пасля чытання.
Убачыла Вольгу Андрэеўну ў гародзе i хацела крыкнуць: «Не трэба, мама!»
Але стрымала праклягая сялянская бабская боязь: як бы свякроў не падумала, што адрывае яе ад работы, палохае таму, што самой не хочацца парабіць — беларучка.
I забылася на прачытанае. Пераапранулася, надзела шаравары, спартыўную майку. I — у гарод.
— Што рабіць, мама?
Яна сказала свекрыві пасля загса мама, так навучыла родная маці, але ў наступныя дні, у размовах на розныя тэмы нярэдка звярталася па-інтэлігенцку — Вольга Андрэеўна. «Прывыкае», — заключыў свёкар, пачуўшы чаргаванне розных зваротаў. Дарэчы, яму Ірына казала толькі Уладзімір Паўлавіч, i ён лічыў гэта натуральным, яго, нанэўна, збянтэжыла б ласкавае тата, сыны называлі яго па-мужчынску: бацька.
— Гуркі трэба паліць. Толькі не ca шланга, не халоднай вадой. З канаўкі, цёпленькай.
З канаўкі дык з канаўкі. Ірына схапіла вёдры, пабегла за гарод i набрала ў канаве чорнай, ажно густой, тарфяной вады. Наліла ў лейку i палівала i гуркі, толькі што пасаджаныя, i цыбулю, якая ўжо ўзыходзіла. Потым яшчэ штосьці рабіла, I яшчэ… I радасна ёй было памагаць маме. Яшчэ адной маме.
Калі зайшло ўжо сонца i над балотам паднімаўся туман, прыйшоў з райвыканкома Уладзімір Паўлавіч. Убачыў жанчын у гародзе, узлавана загрымеў на ўсю вуліцу:
— Вам што, рабіць няма чаш? Баб’ё бязмозглае!
Вользе Андрэеўне ледзьве блага не стала. Не, не мела яна слабыя нервы, тонкую скуру, за доўгае жыццё чула ад мужа i не такое. Але што ён вось так на нявестку — на чацвёрты дзень пасля вяселля: «Баб’ё бязмозглае!» Жах! Кінулася да яго арліцай разгневанай, засланяючы дзіця.
— Валодзя! Як не сорамна!
— Не шыпі, як гуска, калі ні чорта не знаеш. Ка лонку запалі. Душ прыміце! I я прыму.
Ірына не пакрыўдзілася. Ірына ўхваліла каманд ную рашучасць свёкра i яго вельмі правільны загад: душ! Ці дадумалася б яна, доктар, да гэтага? Намыла б ногі — i ўсё.
Занятая душам i вячэрай, жанчыны не бачылі, што сам гаспадар пераапранаўся пад дрывяной паветкай, у душавую прашмыгнуў у майцы i трусах, якія пасля мыцця вынес туды ж, пад паветку, у цэлафанавым мяшку. Узбуджанасць яго была агрэсіўная, i ён маўчаў, баючыся зноў сарвацца, хоць з Пустаходам дамовіліся, што пачнуць прасвятляць людзей, у першую чаргу, блізкіх сваіх.
Ірына расказвала пра падзею дня — нечаканы ад’езд Карповіча — i здзівілася, што свёкар не абурыўся яго ўчынкам. Змаўчаў. Абурылася Вольга Андрэеўна. Уладзімір Паўлавіч сказаў ёй ca звыклым гумарам, які Ірыну забаўляў яшчэ да вяселля, калі яна начала наведвацца да бацькоў жаніха.
— Правільная ты ў нас! Галоўны ідэолаг. Як Суслаў.
Але i жонка не лазіла па слова ў кішэшо.
— I цяпер вы коўзаецеся i па Брэжневу i па Суславу. A ці даўно штудзіравалі кожнае ix выступление? На сценах расклейвалі.
— Ды штудзіравалі.
— На Першае мая новых панесяце. Заходзіла я ў клуб — усё фае застаўлена. Павел смяецца, — растлумачыла Ірыне: — Мастак — нямы хлапчына. Паказаў мне, як малюе. Дваццаць мінут — i партрэт новага генія… новай эпохі. Як вы называеце яе? Эпоха паскарэння? Чаго? Паскарэння чаго?..
— Аднак язык у цябе, мая даражэнькая! Расце ён у цябе, раней карацейшы быў…
— Бо ўкарачалі.
— Скажу Кацярыне: распусціла яна свае кадры.
— Прышлі, прышлі сваю Кацьку, я пакажу плады вашай работы. А то вы з ёй баіцеся зайсці. A ў бібліятэцы… у дзіцячай… у дзіцячай! вось-вось столь абваліцца. Задушыць тваю даражэнькую. Добра, калі а дну мяне. A калі дзеткі там будуць?