Выбрать главу

Чалавек думаў пра дзяцей. Дрэнна, што толькі пра сваіх. Але i так падаў сігнал трывогі.

Каб ён выказаў усе тыя думкі ўстрывожаным жонцы i нявестцы! Здзівіліся б! Напэўна! А чаму не выказвае? Загадка загадак. Моцныя тармазы паставілі за чвэрць стагоддзя працы ў апараце? А можа, ёсць у гэтым i мудрасць — не выдаваць паведамленне аб няшчасці ўсё адразу, каб не абрушыць на людзей горны абвал. Не вытрымаюць людзі, захлынуцца ў паніцы. Не для сваёй жа выгады не расказваў ён Вользе i Ірыне ў гэтыя дні ўсяго, што ведаў? Для ix спакою. Шкадаваў ix. Во зараз мусіў расказачь больш, чым, напэўна, расказаў бы, каб не было паведамлення па тэлебачанні, эвакуацыі суседзяў. А расказаў — i цяпер можна глянуць у ix вочы: колькі ў ix страху!

— Не панікуйце. Спіце спакойна. Заўтра я навяду даведкі.

Сам жахнуўся сваіх слоў: «Спіце спакойна». Як з развітальнай прамовы. Які там спакой!

Ноч была бяссонная. Маладая, можа, трохі i паспала, ва ўсялякім разе, не выдавала сябе: не рыпалі дзверы, не скрьшела падлога. A ім, старым, i таблеткі не памаглі. Злаваліся адно на аднаго: «Чаму не спіш?» — «А чаму ты не спіш?»

Але на работу пайшлі акуратна.

Для Уладзіміра Паўлавіча дзень быў шалёны. Пярэдадзень свята заўсёды марафон, самі яго наладжвалі. Акрамя перадсвяточных клопатаў, якіх хоць адбаўляй, праводзілі ўзаемаправерку гатоўнасці кармаўборачнай тэхнікі. Даўняя завядзёнка, якой ганарыліся: самі прыдумалі, ніхто не падказваў зверху. Але чаму перад Першамаем ці Днём Пёрамогі? Востры на язык, Пыльчанка i раней жартаваў: усераённая п’янка! Хоць быў сааўтарам задумы. Сапраўды, камісіі тых гаспадарак, якія спаборнічалі, ехалі адзін да аднаго ахвотна, па-святочнаму апранутыя, да ix далучаліся работнікі аграпрамысловых службаў, аглядалі выстаўленую, як на парад, тэхніку, для формы прыдзіраліся, крытыкавалі, ставілі балы. А канчалася ўсё шумнымі застоллямі. Была прычына сустрэць свята. Так «правяралі» яшчэ ў мінулым годзе. Але так нельга сёлета, калі высокай пастановай загадана піць толькі чай. Які ж сэнс наладжваць яшчэ адну паказуху? Адмяніць — дэмаралізаваць людзей, выбіць з нармальнага рытму, нагадаць, што адбылося незвычайнае. А на гэта ніхто не даваў дазволу. Такая раздвоенасць, калі ў галаве зусім іншыя думкі, а займацца прыходзіцца непатрэбшчынай, раздражняла Уладзіміра Паўлавіча.

Ён не затрымліваўся на праверках, ездзіў з калгаса ў калгас, сам за рулём «газіка», вазіў з сабой Пятрушкіна з ДП-5. Даручаў яму, пакуль прымалі тэхніку, выязджаць у поле, далей ад людскіх вачэй, i рабіць замеры. Зрабілі адкрыццё: вышэйшыя паказчыкі давала не паветра, давала зямля. Можна ўсцешыцца, што радыяцыя ў паветры паніжаецца. Але зямля… як набірае зямля! А што з гэтага вынікае — дык i бабулям, што грэюцца на прызбах, зразумела. Чым яе вымые з зямлі? Дажджамі? Куды?

Застаючыся ў машыне з адным Ііятрушкіным, Пыльчанка даваў волю пачуццям i хрысціў на чым свет стаіць i сябе, сваю неадукавасць, i ягоную, начальніка штаба, i вучоных, i ўсяго кіраўніцтва. Падпалкоўніка скразняком прадзімалі такія словы. Што стала з чалавекам! Як з якара сарваўся. Панікуе? Баіцца? Ды не, не падобна.

Нe вытлумачыўшы нічога таварышу па незвычайным падарожжы, Пыльчанка накіраваўся ў суседні раён, па палявых, балотных дарогах, ведаў мясціны, паляваў тут, выехаў у прырэчча, адкуль відаць станцыя, дзесятак кіламетраў да яе, не больш. Выскачыў з машыны, падняўся на ўзгорак. Вось яна — рукою падаць. Стаіць. Не дыміць. Не закапцела. Архітэктурай сваёй яна не захапляла ні здалёк, ні зблізку. Звычайны прамысловы аб’ект. Куды лепш глядзіцца горад, што вырас справа, кіламетры за тры. Горад, які яны часта лаялі — выцягвае рабочую сілу. Не станцыю лаялі — горад, бо большасць ix людзей робіць не на АЭС — у горадзе, у арганізацыях, якія абслугоўваюць станцыю, будуюць новую чаргу яе. Акрамя сына свайго, Уладзімір Паўлавіч не ведаў чалавека ca свайго горада, з Пустаходавага калгаса, які рабіў бы непасрздна вось у гэтых карпусах, высокіх i нізкіх. Глеб казаў, што ёсць такія, ездзяць разам з ім дадому.