Увагу прыцягнуў верталёт. Ён павіс над крайнім блокам станцыі. Пад верталётам гойдаўся пакет. Сарваўся, паляцеў уніз. За першым верталётам праз мінуты дзве-тры з’явіўся другі з такім жа пакетам, трэці…
Значна пазней Пыльчанка, як i ўсе іншыя, даведаецца, што верталёты кідалі ў жэрла разбуранага рэактара свінец i пясок. Дагэтуль многія вучоныя i тэхнікі сумняваюцца ў эфектыўнасці такога «тушэння» д’ябальскага агню. Разбураючы ядзернае гаручае, цяжкія пакеты пяску i свінцу выплёсквалі ў атмасферу дадатковыя мільёны бэр.
Але ў той час наяўнасць верталётаў, ix метадычная руплівая праца заспакоіла Уладзіміра Паўлавіча — бацьку. За Глеба заспакоіла. Не адзін яго сын працуе там — сотні, тысячы людзей. Не сталі б ix там трымаць, каб пагражала небяспека. Лаючы кіраўніцтва за ўтойванне праўды, ён па-ранейшаму мераў гэтых людзей на свой аршын: i ён хаваў праўду нават ад жонкі i нявесткі. Але каб паслаць дзяцей на смерць… О, не! На гэта не прымусілі б пад дулам аўтамата. Лягчэй памерці самому. Падумаў так — i яшчэ больш заспакоіў сябе. Нямала дрэнных кіраўнікоў, але, упэўнены быў, мала хто з самых забурэлых мог бы паслаць людзей на смерць. Урэшце, ёсць магутны інстынкт самааховы.
A Пятрушкіна ў гэты час кідала ў «газіку» ў жар i ў холад. Зашкаліла прыбор. I ён мог уявіць, які фон ix акружае. Чаго ён там не бачыў, гэты чортаў Пыльчанка? Вылез на бугор, як блыха на пуп. Во даў бог начальнічка! Спадзяваўся, што пасля трыццаці гадоў блукання па свеце — ад Кубы да Курыл — урэшце знайшоў зацішны куток, спакойную работу. Нішто сабе зацішак! Горш за вайну. Там хоць ворага ведаеш. Плюнуць на ўсё? Ёсць жа пенсія. Не, не дазволіць афіцэрскі гонар, пачуццё грамадзянскага абавязку. Недарэмна i служба яго называецца грамадзянскай абаронай. Любіў службу сваю, а тут узненавідзеў — з-за яе бездапаможнасці. Правільна мацюкае яе Пыльчанка! Аднак як сказаць яму, што трэба хутчэй ад’язджаць? Каб не падумаў, што ён спалохаўся.
Вылез з машыны і, ступаючы так, быццам i зямля i паветра замініраваныя, падняўся да старшыні, які стаяў над зялёнымі лазнякамі ў позе Напалеона.
— Уладзімір Паўлавіч, прыбор зашкаліла.
Адказ варты Напалеона:
— Гаўно прыбор, таму i зашкаліла.
Загадкавы чалавек, недаступны нармальнаму розуму! Далей ад яго!
I было Першае мая. Была дэманстрацыя. Значна больш шумная, чым у сталіцах. Вясёлыя святочныя калоны ішлі міма чырвонай трыбуны, на якой стаялі раённыя правадыры, захоўваючы субардынацыю. Віселi партрэты высокіх правадыроў. З трыбуны ў калоны кідалі лозунгі. Дэманстранты адказвалі вясёлым «ура!».
У калонах яўна ішлі людзі на падпіцці.
Сінякоў паклікаў старшыню райспажыўсаюза Калошу i прабіраў яго: чаму ўчора прадавалі гарэлку? Чаму не выканалі яго загад? Гандляр бажыўся, кляўся, што не прадалі ніводнай пляшкі. I маніў. Пыльчанка слухаў i думаў, як усе навучыліся маніць. Ён-то пэўна ведаў, што ва ўсіх крамах на сяле гарэлку прадавалі. Не прадавалі ў горадзе. У спецмагазіне. A ў рабочых пасёлках, напэўна, ішоў той жа гандаль.
Уладзімір Паўлавіч маўчаў — не падтрымліваў першага, што яму належала рабіць, не абараняў гандляра. Дунец паспрабаваў улезці ў размову, сказаў, што якраз пры радыяцыі рэкамендуецца прымаць гэ~ тае зелле, i выклікаў агонь на сябе. Мусіў адступіць у тыл трыбуны, схавацца за жанчынамі, якіх толькі пазней, пад завяршэнне дэманстрацыі, правадыры па-джэнтльменску выставяць наперад, гэтых кіруючых дам, што на трэціх ролях у іерархіі. Вольга Андрэеўна высмейвала «джэнтльменства» кіруючай вярхушкі.
Але не пра гэтыя дробязі думаў Уладзімір Па ў лавіч. Ён гл’ядзеў не на калоны — за ix, на плошчу, на вуліцу. Столькі патраціў пораху, каб не выводзіць на дэманстрацыю дзяцей. А яны усе тут, абляпілі, як вераб’і, каштаны, ліпы. Арганізаваным, ім можна было б хоць папяровымі пілоткамі накрыць галовы. I яны не лазілі б па дрэвах, лісце я к ix усмактала радыеактыўны ёд. Учора пасля яго вандравання па раёне, стомленаму, але душзўна ўзбуджанаму, аптымістычна настроенаму, Ірына прачытала цэлую лекцыю. Граматны доктар яго нявестка! I заспакоіла яго яшчэ больш: ёд распадаецца за дваццаць восем дзён. I зямля стане чыстая? Урэшце, гэта найгалоўнейшы клопат — ачысціць зямлю. Можна будзе яе ачысціць? Павінна ж навука нешта прыдумаць!
— З дзецьмі мы зрабілі не тое, — сказаў Сінякову, паказаўшы на дрэвы.
— А што я казаў! — самаўпэўнена выгукнуў Пятро Міхайлавіч.
— Ix трэба было сабраць i трымаць у школах.
— А як жа! Утрымалі б вы ix! — падключылася да размовы Кацярына Панасаўна, былая настаўніца; намесніца старшыні лічыла, што яе месца ў першым радзе — побач з другім сакратаром.