Выбрать главу

Ірына чапляла адно за другое — i ўсё пра сваю сям’ю: i смешнае, i сумнае. Куды дзявалася яе паважнасць, сур’ёзнасць! Дзяўчынка.

Вольга Андрэеўна разумела, што нявестка стараецца адцягнуць яе ды i сябе — аднолькава яны думаюць! — ад змрочных трывожных думак, скараціць незвычайную дарогу з пэўнай мэтай, але з поўнай невядомасцю — дзе, калі, чым яна скончыцца.

— Абуемся ўсё ж, — сказала Вольга Андрэеўна; на сонцы i ветры чаравікі ix высахлі. Ірына адзначыла, што свякроў зрабіла гэта, калі двёрдая травяністая сцежка вывела ix на налявую пыльную дарогу.

«Мама! Вы аберагаеце мяне? Hi я, ні вы не ведаем, дзе яе больш, радыяцыі. Але я, урач, лепш ведаю, чым яна пагражае. Мне. Але я не магу не ісці. Я не магу мама. Як не можаце i вы не ісці. Я разумею вас, мама».

Яны трымаліся ракі. Але не маглі пятляць разам з ёю, перабірацца праз яры i раўчакі. I яны выйшлі ў поле. На захадзе яно замыкалася сасняком, на ўсходзе белымі садамі i зялёнымі вербамі вёскі. Але поле шырокае — з зялёным клінам азіміны побач, з шэрым ворывам ярыны ўдалечыні, там нічога яшчэ не ўзышло, але нешта ж пасеяна. Поле шырокае, ды не відаць на ім ніводнай жывой адмеціны — ні чалавека, ні жывёліны, ні трактара, ні сеялкі. Урэшце, гэта не адразу ўразіла: бывае такая бязлюднасць i на вельмі вялікім полі; Вольгу Андрэеўну некалі здзівіла такая пустэча ў паўднёваўкраінскім стэпе, дзе яны адпачывалі аднойчы: ёй, лесавічцы, гэта было нязвыкла. A хіба можна назваць пустой прастору, што з усіх бакоў аздоблена лесам? Ды i з неба лілося жыццё. Плылі па ім белыя воблачкі, што мяккія аўчынкі, лілося сонечнае цяпло i адначасова прахалода — вецер дзьмуў з захаду ў спіны ім. Бывае ён нізкі, прызямны, той, што гоніць снежную пазёмку, а бывае верхні, што гоніць шумныя ліўні. Здараецца, што i ў сонечны дзень прахалода дыхае не ад зямлі — з неба. Такім быў той дзень — пасля доўгай парнай спёкі. Бадзёры дзень — на ix шчасце. Але асаблівае адчуванне жыцця дарыла неба спевам жаўранкаў. Хіба можа быць там, у небе, смерць, калі вісяць у ім жывыя, цёплыя, галасістыя камячкі!

— Мама, кал i вы слухалі жаўранкаў? Каб вось так — легчы ў пол i, глядзець у неба — i слухаць?

— Не помню, дзіця мае. Даўно.

— А мы з Глебам слухалі перад вяселлем.

Прызналася і… засаромелася, што мімаволі выдала тайну: ляжала з жаніхом да вяселля ў полі.

Хоць што ў гэтым ганебнага? Хіба запіс у загсе робіць мужам i жонкаю?

Палявая дарога вывела на шашу. I яны ўзрадаваліся. Не можа быць, каб па такім угледжаным асфальце не прайшла ніводная машына. Не спынілася ж жыццё. А будзе машына — падвязе ix. Куды? У Прыпяць? Няхай. З кантрольнага пункта ля горада ніхто не паверне ix назад. У ix даволі настойлівасці, каб дасягнуць мэты.

Так гаварыла Ірына. Маці згаджалася з ёй. Безумоўна, няхай з неба сыплецца каменне, то i яно не можа перашкодзіць ёй дайсці да сына. Але ўпотай Вольга Андрэеўна трывожылася, бо адчула, што стамілася. Гэта яе амаль спал охала. Няўжо так засядзелася ў бібліятэцы, што развучылася хадзіць?

Увайшлі ў сяло i спыніліся, уражаныя i спалоханыя. Казаў Ірынін бацька, што ўкраінскія сёлы вакол станцыі эвакуіраваныя. Але неяк не ўніклі яны ў сэнс слоў, у сутнасць ix, не здолелі, напэўна, уявіць, што ж гэта такое — населены пункт без насельніцтва, без адзінай жывой душы. У той міг i поле, якое яны перайшлі, раптам здалося страшным, небяспечным сваёй таямнічай невядомасцю, сваёй спустошанасцю, дзе будуць расці, спець жыта, ячмень i дзе ніхто не ступіць, каб скасіць ix.

А сяло… Такое i ў кіно не бачылі. Бачылі спаленыя вёскі, пустыя, адкуль людзі адыходзілі ў лясы ці ix выганялі гвалтоўна на смерць, на здзек, на доўгае падарожжа ў Германію. Але на ўсіх тых вёсках — у дакументальных хроніках i ў мастацкіх імітацыях — ляжаў след вайны, разбурэння. А тут жа ўсё дагледжанае і… усё нікому не патрэбнае. Сушацца на платах гладышкі, на гэтых жа платах i на вяроўках у дварах посцілкі, коўдры, андаракі, спадніцы, бялізна, многа добрага адзення — мылі, сушылі перад святамі. За шыбамі вокнаў гардзіны, квяцістыя фіранкі. У адной хаце акно засталося адчыненым, i вецер калыша фіранкі. «Аганёк» кветкамі-зорачкамі лапушыста лезе з акна, як бы хоча пацалавацца з бэзам. Як ён буйна цвіце, бэз, ледзьве не ў кожным агародчыку! I на вуліцы, i ў дварах. A кветнікі ўгледжаныя, густа ўзыходзіць у ix любісцік, герані. Адмыслова, у розныя колеры пафарбаваны штыкетнік — спаборнічалі сусед з суседам, рыхтаваліся да святаў.

I гэтак пакінулі ўсё. Ніводнай душы.