Выбрать главу

Да Лявонція дайшло, што аўтобусы з дзецьмі з ix раёна пайшлі без вады, i дзеці плакалі ад смагі i страху. Нехта капнуў з добрых суседзяў. Лявонцій праявіў кранальны клопат пра дзяцей, калі гаварыў, ажно вочы вільготныя сталі, i разнёс ix, раённых кіраўнікоў, за бяздушнасць i чэрствасць. Безумоўна, з тых, хто непаерэдна займаўся эвакуацыяй, варта зняць стружку. Але Пыльчанку не спадабаўся тон i выразы высокага кіраўніка. Ды i не гэта галоўнае! Не вада i не яда. Ад гэтага дзеці будуць цэлыя.

— Хто адказваў за вываз дзяцей?

Сінякоў не падняўся. Ён, прасцяк, узяў на сябе.

— Я.

— У вас дзеці ёсць? У вас унукі павінны быць! Сівы чалавек.

I ён не вытрымаў, ён выпаліў тое, што думаў увесь мінулы тыдзень:

— Дзяцей трэба было вывезці дваццаць сёмага — дваццаць восьмага! А мы цяпер вадой заліваем сваю бяздзейнасць.

Сур’ёзны папрок усім інстанцыям — ад Палітбюро да райкомаў, так гэта i зразумелі ўсе. I стаіліся. Бо перш-наперш яму, Лявонцію, не ў брыво, a ў вока. Такое яму даўно ніхто не адважваўся кідаць. О, як гэта яго ўзарвала! Твар не пачырванеў — пабурэў. Не, голас ён не павысіў, наадварот, панізіў ледзьве не да шэпту. Але які гэта быў грамавы шэпт! У слаба нервовых i палахлівых халадзелі спіны.

— ЦК i ўрад ведаюць, што рабіць! I не вам указваць! Ваша справа выконваць! А вы i гэтаму не навучыліся. Галава сівая, а розуму мала.

З двух бакоў, з аднаго Сінякоў, з другога — сакратар райкома з суседняга раёна, самага блізкага да станцыі, тузалі яго за калашыны, як хлапчука, ледзьве не сцягнулі штаны, — каб ён маўчаў, не выклікаў агонь на сябе, бо пад агонь гэты трапляюць усе яны. Ды i час… Хутчэй бы вярнуцца дадому, гадзіну-другую паспаць.

Пыльчанка змоўчаў. Але ўсё роўна на працягу двухгадзіннай нарады Лявонцій неаднойчы вяртаўся да яго, праўда, не так ужо злосна, паблажліва, нават як бы з прабачэннем, з напамінкам, што крытыка ўсім нам памагае працаваць лепш i што ў той сітуацыі, якая ўзнікла, трэба не толькі франтавая аператыў насць, але i вайсковая дысцыпліна.

Абстаноўку ў раёне дакладваў Сінякоў. Не вельмі дасведчана. Пыльчанка кіпеў i супраць свайго сакратара, але маўчаў. Сарваўся ў дарозе, у машыне. Выдаў такое ўсяму начальству — ад Масквы да Гомеля, — што Сінякову, які не вельмі верыў свайму шаферу, стала страшнавата. Павярнуўся з пярэдняга сядзення, узяў страшыню за штрыфель пінжака, шморгаў, разгублена i жаласліва прасіў:

— Уладзімір Паўлавіч… Уладзімір Паўлавіч, — маўляў, пашкадуй мяне, калі сябе не шкадуеш.

Замёрзлы ад халоднай вады, нацягнуў на голае цела світэр, але застаўся ў трусах, не трапілі на вочы шаравары. Выпіў каля буфета чарку гарэлкі — для сугрэву цела i душы. Калі ставіў хлебніцу на стол, убачыў запіску: «Мы паехалі да Глеба».

Не адразу сэнс слоў дайшоў да яго разгарачаных мазгоў, спачатку нават заспакоіўся — адышла трывога за начную адсутнасць жанчын. Не сумняваўся, што Вольга суправаджае Ірыну да яе бацькоў. Аднак жа ніколі не было, каб пакідала вось так дом без прыгляду, i гэта здзівіла i абурыла. Няўжо так прывязалася да Ірыны, што не можа i дня пражыць без яе? Само па сабе гэта добра, што свякроў i нявестка так паразумеліся, так пасябравалі. Вольга дзесяць гадоў бядуе, што не нарадзіла дачку. Набыла дачку — цешыцца.

Толькі калі адчыніў на кухні дзверцы халадзільніка, ударыла, што токам: яны паехалі да Глеба! I ён закрычаў на увесь апусцелы дом:

— Ды вы што? Адурэлі? Вар’яткі! Бязмозглыя дурніцы! Куды вы палезлі? Ну, я вам пакажу, хто ў доме камандзір! Я вас навучу дысцыпліне!

Але выпіў адну чарку — трохі супакоіўся. Заснуў.

Разбудзіў тэлефонны званок. Званіў Сінякоў.

— Толькі што паступіў загад выселіць людзей з трыццацікіламетровай зоны.

— З якой зоны?

— У радыусе ад станцыі… Трапляе чвэрць раёна, два дзесяткі вёсак. Да нас вылецела на верталёце абласное начальства.

Пыльчанка вылаяўся. Ca ўчарашняга дня як прарвала — хацелася «хрысціць» у бога i душу ўвесь свет, начальства, вучоных, сябе, блізкіх сваіх — баб дурных, якія невядома дзе блукаюць; не хапала яшчэ трывогі за ix!

— Яны што — учора не маглі сказаць? Паразумнелі за ноч? — i зноў вырвалася ўчарашняе абурэнне: — Больш у яго праблем не было, як вада. Які добранькі! Вадалей!

У кабінеце першага ўжо сабралася ўсё раённае кіраўніцтва. Па адным прыязджалі старшыні калгасаў i сельсаветаў, якія падлягалі эвакуацыі. Засядаў штаб. Выпрацоўвалі аперацыю. Спрачаліся. Крычалі, забываючыся на субардынацыю, на этыкет. Званілі ў вобласць, у Мінск. Што рабіць з жывёлай? Ніхто не даваў канкрэтных указанняў. Гнаць за сабой? У аднаго Целеша — дванаццаць тысяч бычкоў. Трымалi ix у хлявах гэтыя дні, набралі бэр нямнога, можна гнаць. A свіней? Калгасных. Прыватных. Вывозіць? Куды? На чым? Званілі на мясакамбінаты, паўночным суседзям: памажыце з транспартам. Добра, што збожжа мала засталося — пасеялі. A ці добра? Пасеялі. A ці прыйдзецца жаць?