Аднак адчуваў сябе сакратар няёмка, бо разумеў: не да месца размова, не да часу.
Стаялі пасярод кабінета. Вочы Сінякоў узнімаў не вышэй ніжняга гузіка Пыльчанкавай сіняй сарочкі.
— Прабачце, Уладзімір Паўлавіч… ёсць размова, узнікла яшчэ да Першага мая, але я не дазволіў сабе перад святам… Гэта наконт вашага вяселля. Плечка напісаў заяву на імя бюро райкома… Распісвае, што вы наладзілі грандыёзную п’янку… калі ўся краіна змагаецца…
— З чым?
— З п’янствам.
— Не смяшы!
— Я знаю вашу думку. Але вы знаеце, як да гэтага ставяцца там, — тыцкнуу пальцам у столь. — Мы таксама выключылі, вымовы запісалі. Зразумейце мае становішча. Уладзімір Паўлавіч… Справа не ў вяселлі. Плечку пабілі ў вас…
— Слаба.
— Уладзімір Паўлавіч!
— Пятро Міхайлавіч! Табе няма чаго рабіць? Табе трэба ехаць у Высокі Гай, прыняць людзей, якіх я прышлю. Прыняць Пустахода. Цэлы кал гас!
— Але заява…
— Схадзі ты з ёй… за дуб.
Сінякоў цяжка ўздыхнуў.
— Мне перадалі: ён пагражае перадаць у абком. I ў часць, дзе служыць ваш сын.
— Сукін сын ён, ваш Плечка! Ён шукае прычыну ўцячы з раёна. Подлы трус! Хай уцякае. А нам з табой трэба людзей ратаваць, а не глупствам займацца!
Сказаў гэта з такім запалам, з такім пачуццём адказнасці, што Сінякоў падумаў:
«Не, гэты нікуды не пабяжыць. Не той чалавек!» — i пранікся да яго павагай, прыязнасцю, як да вернага таварыша ў баі.
— Аднак на ліха нам такі канфлікт! Размова на ўсю вобласць. Пагаварыце вы з гэтым… свістуном. Па-бацькоўску. Угаварыце забраць заяву.
— Я? З Плечкам? Ды раней рак свісне ў тым рэактары!
Да Пустахода Уладзімір Паўлавіч паехаў з першым эталонам аўтобусаў. Спадзяваўся, што з ходу пагрузіць старых, школьнікаў у машыны i вывезе на поўнач раёна, за паўсотню кіламетраў. Праўда, на нарадзе ў райкоме ён пляснуў па абласным начальстве: не туды эвакуіруем людзей, з паўночных сельсаветаў паступалі трывожныя звесткі аб павышэнні фону. Але ніхто не даў пунктаў размяшчэння эвакуіраваных у далёкіх раёнах — некалькі вёсак у самым блізкім, суседнім. Усяго. Туды вывозілі найбліжэйшыя ад станцыі вёскі. Усім астатнім — манеўр у межах свайго раёна. Дало, нарэшце, начальства ініцыятыву: вы гаспадары, вы i плануйце — каго куды. Дзіўна, што ўсе, нават ён, Пыльчанка верылі: эвакуацыя ненадоўга; на станцыі i вакол тысячы вайскоўцаў вядуць дэзактывацыю, вайскоўцы пачалі прыбываць i ў суседні раён. На нарадзе ўсіх ашаламіў начальнік міліцыі Дунец, ён сказаў, цяжка ўздыхнуўшы: «Эвакуацыя навечна».
На яго замахалі рукамі: знайшоўся вялікі фізік!
Але ва Уладзіміра Паўлавіча словы Дунца заселі ў мазгах, што ржавы цвік. Ды гэтак жа, з другога боку, сядзеў разнос Вадалея. I ўвогуле раздражняла бесталковасць каманд, што паступалі зверху. А тут яшчэ Сінякоў з гэтым дурнем Плечкам. Знайшоў час! Ашчаджаў мяне на свята. Кранальна да слёз. «Пайшлі вы ўсе, дабрадзеі!» Настрой быў сабачы.
A прыехаў да Пустахода і… збялеў ад злосці. Дамаўляліся, што да прыходу аўтобусаў людзей з малых вёсак звязуць на калгасным транспарце на цэнтральную сядзібу, дзе ўсе будуць сабраны ў клуб, у кантору калгаса, у сельсавет. Мала што зроОлена. Але асабліва абурыла бяздзейнасць свата. Лепшы старшыня, якога любіў за розум, ініцыятыўнасць, ператварыўся ў старога разгубленага таптуна: нібыта нешта i рабіў, кідаўся ў розныя бакі, праўда, не сварыўся — прасіў, маліў, але ўсё гэта — што хада на замкнутым крузе ці таптанне на месцы.
— Ты чаму не сабраў людзей?
— Не хочуць.