Выбрать главу

Шукалі машыну спачатку на самы блізкі маршрут — на Лоеў, але ім сказалі, што пераправа цераз Прыпяць закрыта. Пасля — на Чарнігаў. Ix было сотні машын, самых розных, ды ўсе ішлі на Кіеў. Але урэшце ім моцна пашанцавала: у інтэрнаце, дзе каго толькі не было, выпадкова наскочылі на гідраметэаролагаў, яны збіраліся ісці ўверх па Прыпяці рабіць замеры радыяцыі паветра, вады, доннага грунту. Начальнік экспедыцыі не адразу згадзіўся ўзяць пасажыраў, але перад просьбамі Ірыны i Вольгі Андрэеўны не ўстаяў. Аднак паколькі не было лішняга спецадзення, рэспіратараў, то бязлітасна загнаў ix у салон з задраенымі ілюмінатарамі. Салон катэра быў ператвораны ў захламлены склад, з мноствам рознай, хутчэй за ўсё непатрэбнай, апаратуры; у ім моцна пахла дызельным палівам i хімічнымі рэчывамі. Але смярдзючае паветра гэтае было менш небяспечнае, чым рачное, лугавое, звонкае i чыстае на смак i нюх, з сустрэчным ветрыкам. Хуткі катэр поўз што чарапаха. Толькі АЭС праскочылі на гранічнай хуткасці, на гэтым участку самі вучоныя спусціліся ў салон. А да станцыі i пасля спыняліся, можа, праз кіламетр, кідалі якар i часам стаялі бясконца доўга. Сонца так награвала металічны корпус, што не было чым дыхаць. Глеб дазваляў сабе падняцца на палубу. Ірына i маці пратэставалі: ім не падабаўся яго кашаль, сухі, кароткі i часты — «авечы», як ён жартаваў. Але Глеба цікавілі замеры. Даведаўшыся, што ён інжынер станцыі, гідраметэаролагі паказвалі яму табліцу замераў. Вада адносна чыстая — цячэ з чыстага краю. I дно пакуль яшчэ чыстае. А паветра… На станцыі фон намнога вышэйшы. Але там не было маці i Ірыны. Не выпускалі ix на палубу!

Толькі жанчыны маглі вытрымаць пакуты ў душным труме. Гаспадары забыліся накарміць сваіх гасцей: не разлічвалі ці спадзяваліся, што маюць свой харч. Глеб выпрасіў у ix дзве пляшкі мінеральнай вады, пілі яе, як у пустыні, кожны стараўся глытнуць менш, каб засталося бліжняму.

Так яны правялі дзень.

I вось родная Ірыніна хата, пакінутая бацькамі. I булка на стале. Радавацца? Плакаць? У Вольгі Андрэеўны балюча сціснулася сэрца. А Глеб, здаецца, радаваўся. Засмуціўся хіба, калі праверыў, што святло адключана. А тэлефон адразу ж праверыла Maні: няхай Пыльчанка прыедзе, забярэ ix. Але — дзіўна — i тэлефон адсеклі. Няўжо не засталося паста міліцыі, ніякай варты? Жах! Глеб не вытрымаў — адламаў ад булкі акрайчык, укінуў у рот.

— Хрыстос васкрэс! Якая смаката!

— У лазню! — камандавала Ірына.

Яна паводзіла сябе ўвішнай гаспадыняй. Знайшла свечкі, бялізну, верхнюю напратку. Злазіла ў пограб i вярнулася адтуль, бадай, спалоханая: усё засталося, усе маміны саленні i варэнні. Яны ж чыстыя ў бляшанках. Чаму не забралі? Не паспелі? Куды эвакуіравалі сяло?

Пасля яны палілі лазню, збудаваную каля Лізінага дома. Ліза будавала з размахам. Ліза працавала апантана, але i жыла шыкоўна, багацце не таіла, наадварот, любіла выставіць яго напаказ. Зайздросцяць людзі? Няхай зайзросцяць. Не ўкрала. Хоць некаторыя лічылі інакш: легка нажываць, будаваць, маючы такога бацьку.

Качалі ў калонцы ваду; шланг ад калонкі працягнуты да лазні. Насілі дровы — з-пад бацькавай па~ веткі, хоць гэта i далей. Існаваў нейкі няпісаны закон у падзеле дабра паміж бацькамі i дачкой, які ніхто не мог растлумачыць, нават дасціпная Тамара, Больш істотнае было агульнае, а дровы, грады, чаўны, веласіпеды — у кожнага свае.

Працавалі, мыліся i… цалаваліся. Каля калонкі, пад паветкай, у лазні. Хто ix мог асудзіць? Пасля вяселля адну толькі ноч правялі разам. У Чарнобылі месца не знайшлося, каб адасобіцца. I ім было радасна, весела. Яны забыліся на бяду. На нейкі час. Хоць, як ні дзіўна, у Глеба толькі тут, у гэтым пустым сяле, з’явілася адчуванне маштабнасці яе. А там, нават пры эвакуацыі Прыпяці,— толькі ўсведамленне вялікай аварыі, якую, не сумняваўся, людзі ліквідуюць. Чаго не бывае! Землятрусы. Звяржэнне вулканаў. Цунамі. У яго сяброў-атамшчыкаў ёсць нават філасофія: калі чалавецтва вынайшла такую сілу, то павінна быць гатовым, што час ад часу яна можа вырывацца з-пад яго ўлады. Лаялі толькі начальства i сябе, што гатоўнасці гэтай не аказалася амаль зусім. Ды гэта ўжо вынік нашай бязладнасці.

А Вольга Андрэеўна сядзела ля стала ў дзіўным стане, які спалучаў i смяртэльную стомленасць i душэўную ўзбуджанасць. Глядзела на «пасху» з нейкім зусім незнаемым адчуваннем. Есці хацелася. Але яна не магла дакрануцца да гэтага хлеба. Не наступіў Вялікдзень. Ці верыла яна ў бога? Не адказала б яна на гэтае пытанне. Яна верыла ў традыцыі, трымалася ix, Большасць царкоўных свят, дат ix, не ведала. Але ў тыя дні, якія ведала ці пра якія выпадкова ўзнавала, не мыла бялізны, не рабіла ў гародзе. Перад Калядамі варыла куццю, перад Вялікаднём фарбавала яйкі i ў суботу велікодную поставала, адзін дзень за год «ідэйнага посту», як называў яго Уладзімір Паўлавіч. Ён незласліва кйіў з жончыных «маленькіх забабонаў», але не перашкаджаў ёй трымацца традыцый. Вольга хоча жыць, як большасць людзей, — калі ласка, на здароўе. Урэшце, яе народнасць у нечым памагала i яму; у няёмкае становішча яна ні разу не паставіла яго, як некаторыя неразумный жонкі.