На стале гарэў кароткі агарак свечкі, пастаўлены ў чарку. Свечка з натуральнага воску. I пах яго нагадваў нешта вельмі даўняе, а што — успомніць i зразумець не магла. Знаёмае, многа разоў чутае — пах смерці, пахавання, жалобы. Такая асацыяцыя ў такі дзень, у такі вечар, у такім становішчы пры трапяткім святле свечкі наганяла жахлівыя ўяўленні — апакаліпсічныя. I Вользе Андрэеўне захацелася памаліцца. Але ніводнай малітвы не ведала i ўпершыню пакутліва перажыла гэты прабел свайго выхавання. Быў у яе час i магчымасць, седзячы ў бібліятэцы, вывучыць i гэта. Хіба мала яна ўсяго вучыла, часам непатрэбнага! А тое, што для душы, заўсёды можа спатрэбіцца, калі не табе, то людзям. Не, былі малітвы, ёй сачынёныя, яна шаптала ix бяссоннымі начамі, калі Барыс ваяваў у Афганістане.
Але воск пахне i жыццём, радасцю, полем, кветкамі, звонам пчол, сонцам, ветрыкам. Гэта яе ратавала праз усё жыццё — што ў душы яе жыла паэзія, i ёй, нярэдка з пакутамі, з трудом, удавалася змрочныя думкі, уяўленні адціснуць светлымі, радаснымі, прадчуванне бяды — прадчуваннем шчасця. I тут яна зрабіла намаганні i — з магільнай ямы ўзнялася на светлую зямлю. Памог пах воску? Не, смех дзяцей. Ірына i Глеб смяяліся ў цёмных сенцах. Яны прыйшлі запрасіць маці мыцца: лазня гатова. Мыюцца ў «чысты чацвер». У суботу хіба купаюць малых дзяцей. Але ім трэба змыць пыл дарогі, больш небяспечнай, чым ваенная. Дык хіба яна магла дазволіць сабе мьщца першай! Не, першымі павінны змыць з сябе гэты страшны пыл дзеці!
Пакуль яны мыліся, Вольга Андрэеўна шукала ў свацці велікодныя прысмакі. Знайшла не ў халадзільніку — у гарачай яшчэ печы. Накрыла стол.
Ірына i Глеб вярнуліся чырвоныя, разамлелыя ад пары i вады. Шчаслівыя, нягледзячы ні на што. Маладосць! I Вольга Андрэеўна парадавалася, гледзячы на ix. Знала, што яны галодныя, але збянтэжана папрасіла, паказваючы на стол:
— Пачакаем Вялікадня, дзеці.
Дзіўна: ix, маладых, кранула гэта. Ці проста ім хацелася гульні, маленькага спектакля? Не, Глеба нечаканая матчына набожнасць настроіла на гэткую ж сур’ёзнасць. Шмат якія эпізоды сваёй чарнобыльскай эпапеі ён расказваў з гумарам, каб пераканаць маці i Ірыну, што жылі інжынеры i рабочыя весела, без страху, бо асаблівай небяспекі няма на ix рабоце; забываўся на прызнанне, што працавалі яны ўсяго па адной гадзіне. А тут успомніў яшчэ адзін эпізод.
— A ў нас там дзівак адзін ёсць. Фізік, а чытае Біблію. Дык ён вычытаў. Ты паслухай, я запісаў,— дастаў з кішэні пінжака блакноцік, прачытаў: — «Трэці Анёл пратрубіў, i ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла падобна свяцільніку, i пала на трэцюю частку рэк i на крыніцы вод. Імя той зорцы — палын…» Разумеет сэнс? Чарнобыль — палын. Дык вось… «і трэцяя частка вод зрабілася палыном, i многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкія». Праўду казалі старыя: у Бібліі можна знайсці прароцтвы на ўсе выпадкі жыцця. Хітрая кніга!
Расказаў i пашкадаваў, бо вясёлая, калі палілі лазню i мыліся, Ірына зрабілася сур’ёзная, задумлівая. Хадзіла па хаце са свечкай, як шукала чагось. I знайшла…
З вялікіх рэчаў бацькі забралі толькі тэлевізар i лепшае адзенне. Халадзільнік пакінулі. I ўсё іншае. Увесь транспарт быў кінуты на вываз калгаснага дабра.
У шафе, дзе засталося горшае адзенне, знайшла Ірына магнітафон «Вясна», Тамарын, які тая купіла за грошы, заробленыя на зборы вінаграду ў Малдавіі. Ірына з трывогай падумала: як жа паспешліва збіраліся бацькі, калі нават на такую рэч забыліся.
Успомніла, што выдумшчыца Тамара рыхтавала сюрпрыз — велікодны, хацела здзівіць i маці i старых бабуль, якія наўрад ці чулі такую музыку, хіба толькі тыя, хто ездзіў у Кіеў на богаслужэнне ва Уладзімірскі сабор. Сапраўды, у магнітафоне стаяла касета з рахманінаўскім «Всенощным бцением».
Маці вярнулася, калі час блізіўся да поўначы. I калі стрэлкі на насценным гадзінніку — i яго не забралі! — сышліся ў вертыкалі, Ірына націснула клавішу магнітафона, які паставіла на лаўку за сталом. I хату напоўніла дзівосная музыка — шматгалосы магутны хор выконваў «Приидите, поклонимся».
Вольга Андрэеўна спачатку спалохалася, твар яе, пачырванелы ў лазні, спалатнеў. Што гэта? Адкуль? Як з неба. Яна не разбірала словы. Але музыка… Хіба не бажэсцвенная? Музыка — усе тыя яе думкі, што пасля ліхаманкавага віхру выстраіліся вось тут за сталом, кал i яна глядзела на полымя свечкі i на водбліскі на бліскучай скарынцы велікоднага хлеба. Там хацелася плакаць — ад гора i ад радасці. I тут яна заплакала. Стаяла пасярод хаты, i з вачэй яе сыпаліся буйныя чыстыя слёзы.