Выбрать главу

Магчыма, Глебу стала ніякавата за маці — за такую яе чуласць. Ён наблізіўся да яе, вінавата паклікаў:

— Мама…

— Не трэба, Глеб, — сказала Ірына.

I яны доўга стаялі, як у храме, i слухалі «Благослови, душе моя», «Свете тихий», «Богородице дева, радуйся». У асобных месцах выразна гучэлі словы:

Богородице дева, радуйся, Благодатная Мария, Господь с тобою. Благословена ты в женах, И благословен Плод чрева твоего, Яко Спаса родила, яко Спаса родила… ………………………………….. Воскресение Христово видевши, Поклонимся Святому Господу Иисусу, Единому безгрешному.

VI

У Мінску, як i ў Кіеве, як ва ўсіх гарадах паміж гэтымі сталіцамі, людзі жылі аварыяй. Размовы толькi пра яе — на рабоце, у метро, трамваях, тралейбусах. Афіцыйная інфармацыя была вельмі скупая, i натуральна, што хадзілі самыя розныя чуткі, неверагодныя. На Камароўскім рынку да створанага дазіметрычнага пункта стаяла даўжэзная чарга. Такія ж чэргі выцягваліся ў нямногіх паліклініках, дзе паставілі радыяцыйна-вымяральныя прыборы. Кожны, хто прыязджаў у горад, лічыў неабходным праверыць сябе, адзенне, абутак.

Ва ўрадавым дачным пасёлку каля кожнага катэджа былі добра ўгледжаныя грады з клубніцамі, цыбуляй, салатай. Нават у самага высокага начальства. Жонкі ix — пажылыя, былыя сялянкі, не адарваліся яшчэ зусім ад зямлі. Ды i ўсе, акрамя маладых, што ганялі мячы, круцілі педалі i займаліся каханнем, былі медыцынскі адукаваныя — разумелі карыснасць фізічнай працы. А дзе яшчэ можна папрацаваць фізічна пасля доўгага сядзення ў кабінеце, як не на ўласным гародзе! Пасаджаны на натуральным угнаенні, паліты i праполаты ўласнымі рукамі, гурочак i на зубах хрумсціць смачней. Асалода ад яго большая. I небяспека меншая — без нітратаў.

Жонка аднаго кіраўніка, найлепшая з гаспадынь, у якой да мая выраслі пад плёнкай цыбуля i радыска, занепакоеная, што ў тыя слякотный дні цяплічкі был i адкрытыя, занесла гародніну для праверкі ў спецпаліклініку, дзе чэргі не збіраліся. Закусь «засвяціла». У пасёлку пачаўся перапалох. Устрывожыліся не толькі жонкі. Адважыліся далажыць Лявонцію Мікалаевічу. Ён тут жа даў даручэнне вучоным праверыць. Мартынюк паслаў маладых хлопцаў. Рабілі яны сумленна, але не стрымаліся ад спакусы трохі папалохаць начальства. Лічбы спалохалі i самога Лявонція, які да таго ўжо трохі адукаваў сябе па часці радыяцыі. I меліся ўжо рэкамендацыі вучоных аб метадах дэзактывацыі глебы. Самы просты i эфектыўны: зняць верхні пласт i насыпаць новы, такім чынам можна нават палепшыць урадлівасць поля. Зусім проста! Як чалавецтва не дадумалася да гэтага раней?! Але дачныя грады — не сотні тысяч гектараў. Па тры-чатыры сотачкі на сям’ю — глупства.

З’явіліся скрэперы, зграблі з градак верхні пласт разам з буйна распушанай — во расце, як на дражджах! — гароднінай. З’явілася калона самазвалаў, пагрузіла гэтую добра ўгноеную за многія гады зямлю i вывезла на паляну ў лес недалёка ад вадасховішча. Свяці, зямелька, у ягадзіцы тым, хто з пляжа забіраецца ў гушчар дзеля грэшнай справы! Куды вазілі, дзе звалілі — ніхто не глядзеў. А вось за тым, каб самазвалы памылі, прасачыў адказны гаспадарнік. Паліўныя машыны вазілі ваду ў далёкі ад сталіцы, але блізкі ад Заслаўя кар’ер, дзе праходзіла аперацыя мыцця. Пасля гэтыя ж самазвалы зайшлі ў старыя саўгасныя кароўнікі, дзе жывёла ўтрымлівалася па-дзедаўску — без бетоннай падлогі, i выграблі шматгадовы гной для рэканструкцыі «жыццёва неабходнай пасяўной плошчы».

Адзін толькі дачнік, пенсіянер, былы партызан, не даў разбурыць свае грады, якія сам урабіў, бо жонка хварэла. Гэты вясёлы чалавек займаўся любімай справай: прачышчаў вакольныя хвойнікі, звозіў сасонкі, сам піліў, калоў і… аддаваў дровы тым, хто паліў печы, у тым ліку навакольным дачнікам. Да яго прыходзілі жаночыя дэлегацыі, каб вымусіць яго зрабіць тое ж, што ўсе.

— З вашых град пыл паляціць на нашы.

— Абяцаю вам, што не буду палоць у ветраную пагоду.

Вяльможныя дамы сінелі ад яго жартаў. I ад паводзін. На ix вачах ірваў цыбулю, выціраў аб парусінавыя, прапітаныя смалой штаны i апетытна хрумстаў.