Выбрать главу

— Хто цыбулькі хоча, бабачкі?

Адышоўшы, «бабачкі» пляваліся i лаялі старога блазена:

— Яму што! Яму даўно за семдзесят. Можна ўжо i богу маліцца. A ў нас унукі,— хоць у таго таксама былі ўнукі.

За першым пасёлкам падобную дэзактывацыю пачаў праводзіць другі пасёлак, з другога боку горада, хоць забруджанасці там не выявілі. Але ж нельга адставаць ад начальства. Ды адпачывалі там кіраўнікі рангам ніжэйшыя. I Лявонцій Мікалаевіч цыкнуў на ix:

— Што пра вас падумае народ! Панікёры! Няма ў Мінскай вобласці ніводнай плямы, — пра дачны пасёлак змаўчаў.— А вы сееце паніку. Закапваеце ў зямлю народныя грошы. Хто даў права? З партыі будзем выключаць за такія дзеянні. У Брагіне трэба рабіць! А не на сваіх гародах. Аграрнікамі ўсе парабіліся! Арганізуйце з ix, Міхаіл Іванавіч, брыгаду. I — у калгасы! У калгасы! У зону! Не ад «галасоў» з-за бугра, ад мудрых кіраўнікоў, якія ратуюць свае грады, разыходзяцца, што кругі па вадзе, дурныя чуткі, недарэчныя выдумкі. Трэба спыніць! Якім чынам?

— Выступіць вам па тэлебачанні,— падказаў адзін з падхалімаў, упэўнены, што заробіць ачкі за такую падказку.

Але Лявонцій Мікалаевіч нядобра бліснуў у яго бок вачамі. А для ўсіх — глыбока задумаўся.

— Мне? Можа, i мне. Але лепш… спецыял?стам. Міністр аховы народнага здароўя! Трэба супакоіць людзей.

Міністр па-вайсковаму падняўся.

— Якім чынам, Лявонцій Мікалаевіч?

— Хто мае вучоныя званні? Вы ці я? Навука ў наш час павінна ў её магчы!

— Знішчыць на зямлі ўсё жывое яна можа. А насмарк вылечыць не можа, — іранічна кінуў адзін з незалежных намеснікаў Дырэктара, якога чамусьці завочна падначаленыя называлі ATK — аддзел тэхнічнага кантролю пры Дырэктару.

Міністр пісаў выступленне двое сутак. Ён не быу радыёлагам, i яму прыйшлося збіраць розных спецыялістаў, каб атрымаць ix парады, якія былi вельмі супярэчлівыя. Даручыць гэтую работу памочнікам, разумеючы яе адказнасць, не мог, пасля дзённых няспынных пасяджэнняў пісаў уначы — да бяссонніцы, да спазмаў сасудаў. Яшчэ дзень абмяркоўваў выступление з калегамі, i, каб улічыў ix заўвагі, работы хапіла б яшчэ не на адну ноч. А яго падганялі: дзе выступление? Аднак ніхто не патрабаваў яго візаваць: кажы што хочаш. I міністр сунуўся на тэлестудыю. Але там таксама сядзелі людзі, якія трымаліся за свае крэслы — жадаючы выбіць ix хапае, праца няпыльная. Выступление пайшло ў высокі дом. Чыталі інструктары, намеснікі, загадчыкі, але амаль усе яны вучылі фізіку толькі ў школе i даўно забыліся, а медыцыну ведалі па сваіх радыкулітах i гемароях. Урэшце адважыліся пакласці выступление на стол самому Дырэктару.

Ён праявіў надзвычайную аператыўнасць: праз гадзіну міністр стаяў у яго кабінеце.

Лявонцій Мікалаевіч быў як ніколі добры i неафіцыйны. Падняўся з рабочага месца, прайшоўся да доўгага стала.

— А я трохі паправіў ваш тэкст. Прабачце. Але цяпер гэта тое, што трэба… народу.

Падаў лісты.

Міністр гартануў ix, i кроў ударыла яму ў патыліцу. Старонкі машынапіснага тэксту размалёваныя сінім алоўкам, выкраслены цэлыя абзацы, паміж радкамі напісаны новы тэкст. Адразу ўбачыў: i ад навукі, i ад яго трывогі нічога не засталося. Супакаенне i бадзёрства. Прапаганда па даўно штампаваных узорах.

— Я не магу вылазіць… з такім тэкстам, — упалым, ахрыплым голасам сказаў бясстрашны некалі разведчык.

Уміг спагадлівы кіраўнік ператварыўся ў суровага дырэктара. Пабурэла шыя i пабялела лысіна.

— У такім разе вам прыйдзецца сачыняць больш кароткі дакумент.

— Зрабіць гэта зараз, у прыёмнай? — смела, рашуча, з выклікам спытаў міністр.

Такога павароту Лявонцій Мікалаевіч не чакаў i адчуў сябе бадай жа ў тупіку. З кім іншым размова на гэтым i скончылася б, хіба коратка прадоўжылася б праз два-тры дні… праз тыдзень, не больш, за сцяной, у зале пасяджэнняў. Але з гэтым вучоным чортам так нельга, гэтаму ён зрабіў бы вялікую паслугу. Гэты перадаў бы сутнасць канфлікту ўсяму актыву і… узняў бы свае акцыі. А яго аўтарытэт упаў бы.

Часам трэба ўмець адступіць, быць дыпламатам.

— Хочаце збегчы ў нялёгкі час?

— Бегчы мне няма куды… акрамя аперацыйнай…

I Лявонцій Мікалаевіч звярнуўся да ATK, якога прадбачліва запрасіў на размову з міністрам:

— Аляксандр Тарасавіч, дапамажы таварышу… Выведзі яго ў эфір — твая парафія. Сёння ў найлепшы вячэрні час.

ATK — душа чалавек: з усімі на «ты», усім сябра.

I ён мудра параіў:

— Коля! А ты не вылазь з гэтым, — кінуў ён на паперы, што прыкметна трымцелі ў руках, у якіх ніколі не здрыгнуўся скальпель. — Ты без папер скажы народу праўду. Пара нам вучыцца гаварыць без паперы.