— Мама! Мамачка! Я не магу! Не магу! Я не магу выкідваць ix у памыйнае вядро.
— Каго? — не адразу сцяміла Вольга Андрэеўна.
— Дзяцей. Дзяцей! Мамачка! Я сёння зрабіла пяць аперацый. Хто гэта выдумаў… рэкамендаваць аборты? Чаму нас было не вывезці ў першыя ж дні?
I як бы сцяміўшы, што прагаварылася — нас, змоўкла. Стаілася, мацней прыціснулася да грудзей, слухаючы частыя ўдары матчынага сэрца.
— Дзіцятка мае роднае! Што гэта яшчэ на нас? За якія грахі нам такая кара?
Праз момант Ірына адарвалася ад яе, выйшла са стану маленькай, бездапаможнай, што шукала абароны ў маці. Вочы яе былі сухія, i твар паружавеў. Яна ўміг стала сур’ёзнай жанчынай, урачом. Сказала без сарамлівасці:
— Мама! Ува мне расце дзіця. Наша з Глебам. Яму чацвёрты месяц. Але я не магу пайсці на аборт. Не магу! Мама! Я лепш памру… Я звар’яцею. Каб мае дзіця — у вядро! Мама! Вы не знаеце, які гэта жах! Я самлела каля стала…
Ірына заліхаманіла.
Вольга Андрэеўна абняла яе, моцна сціснула, каб сагрэць.
— Супакойся, дзіцятка. Я знаю. Я ўсё знаю.
Халадзеючы, прыгадала даўні-даўні адзіны аборт, які зрабіла. Зацяжарала, калі Глебу было месяцаў дзесяць, Бору чатыры годзікі. Жылі на прыватнай кватэры, Валодзя вучыўся ў партшколе — адна стыпендыя. I чорт падбухторыў яе. Жахлівая сама аперацыя. Але страшнейшыя пакуты пасля перажыла. Усё жыццё сніла дзяўчынку, дачку сваю. Дзіця глядзела на яе з нямым дакорам. Вольга прачыналася, аблітая халодным потам, нярэдка з крыкам. I ні разу мужу не расказала свае сны. «Што ты сніла?» — «Не помню».
Падвяла Ірыну да канапкі, пасадзіла i ўпершыню ёй расказала пра сны свае. Выраслі сыны, пастарэла, а той даўні боль, жудасць, віна перад дзіцем, што не ўбачыла свет, i дагэтуль, хоць i рэдка ўжо, прабіваецца з-пад гары жыццёвых напластаванняў, іншых боляў, страхаў, згрызот сумлення надзіва рэалістычнымі, але страшнымі снамі.
Ірына слухала свякроў, перажываючы свае пакуты. Да гэтага расказу яна, можа, не ўяўляла, як гэта праявіцца, але адчувала, разумела, што проста так гэта не пройдзе. Цяпер падумала, што ёй можа быць яшчэ горш, чым маці, яна будзе сніць не толькі сваё дзіця, але i ўсіх чужых, усіх тых, якіх выкінула… Яе ліхаманіла…
— Супакойся, Ірыначка. Я цябе накрыю плашчом.
— Не, не адыходзьце ад мяне, — i зноў абняла свякроў.— Мне спакайней з вамі, мама. Урачу не дазволена так раскісаць. Я самлела ў часе аперацыі, i жанчына засталася на стале. Але ж я чалавек, мамачка. Я маці. Буду маці!
— Будзеш, будзеш, Ірыначка.
Можа, гэтыя словы, як нішто іншае, супакоілі маладую жанчыну. Яна сціхла i на хвіліну якую быццам заснула, па-дзіцячы паклаўшы галоўку на матчына плячо. Потым страсянула галавой, падстрыжанымі валасамі, якія Вользе Андрэеўне пахлі ранішняй свежасцю, маладосцю, здароўем, пахлі… сынам яе. Сама ацаніла свой стан:
— Ну, во i ўсё. Усё. Прабачце. Напалохала я вас. Ca мной гэтага ніколі не было. На першай хірургічнай практыцы яшчэ на другім курсе дзяўчатам нашым… шмат каму блага стала. А я лезла вачамі ў распаласаваны жывот. Прафесар сказаў тады: «Во хірург расце». Не, хірургам я не хацела. Я выбрала спецыялізацыю, каб памагаць нараджэнню жыцця… Божа мой! Хіба я думала калі? Пяць забойстваў за дзень… Мама! Я ж забойца! Забойца дзяцей.
— Не трэба, Ірына! Не смей! Ты ўрач!
Ірына з паслухмянасцю малой змоўкла. Вольга Андрэеўна з жаночай мацярынскай далікатнасцю i ласкавасцю пагладзіла яе жывот.
— Як жа ты такая магла пайсці туды?
Ірына ўстрапянулася.
— А каб з Глебам што, хіба я перажыла б…
О, як парадніла ix такая Ірыніна трывога за сына яе! Такой была i яна, i Валодзева маці адчула гэта ў першы ж ix прыезд да яе i палюбіла нявестку.
Вольга Андрэеўна ледзьве не задыхнулася… ад шчасця, удзячнасці, ад любові незвычайнай да набытай дачкі. Спазм сціснуў горла, заняло дыханне, ажно сэрца на міг спынілася. Не адразу i вымавіць здолела:
— Дачушка мая родная! Радасць мая!
— Ах, мама! Якая радасць! Дзе яна, тая радасць?
На здзіўленне работнікаў выканкома, Вольга Андрэеўна чакала мужа ў прыёмнай. Баялася: з’явіцца i, як звычайна, не заходзячы дадому, зноў знікне да позняй ночы. Можна было папрасіць сакратарку, каб пазваніла, калі ён з’явіцца, але, па-першае, ведала мужаву няўважлівасць да тых яе просьбаў, якія перадавала праз яго памочнікаў, а па-другое, не хацелася весці размову гэтую дома пры Ірыне; не будзе чуць, але ўсё роўна здагадаецца, калі яны адасобяцца, выйдуць у сад.