9.
А Стапуль сваё:
— Не ён. Не гэты.
10.
Сорак шосты.
На зыходзе лета.
Сад. Калыска. Вечар.
Ля вулля
Падаюць самлелыя ранеты.
Роіцца натоўп ля сельсавета.
Суд сягоння.
Судзяць Стапуля.
Суд у фрэнчах.
Хросны мой за сведку.
Ён суду паказвае даведку
З дзірачкай ад кулі на ражку.
Холадна ў прасцяг глядзіць ахова.
Кожнае тут сказанае слова
З хаты ў хату йдзе па ланцужку.
11.
СУД
Прагакольны запіс
Хросны (то запнецца, то саб'ецца):*
* Заўвага судовага сакратара
— Па законах новых, па савецкіх
Я панёс малога ў сельсавет.
Г о л а с
Мог і без малога.
X р о с н ы
Дык не ведаў.
Думаў, як хрысціць...
С у д
Адзін?
X р о с н ы
З суседам.
С у д
Стась Стапуль сваяк вам?
X р о с н ы
Так, сусед.
С у д
Дык сусед або сваяк?
Г о л а с
Суседзі.
Х р о с н ы
Старшыні няма.
«Чакайце, едзе...»
А ў мяне і час быў, як знарок.
Ну, сядзім.
Чакаем. Словы доім...
С у д
Што?
X р о с н ы
Гамонім. Уваходзяць двое:
Старшыня і гэны...
Кабянок.
С у д
Без канвою?
X р о с н ы
Той пасля заскочыў.
Старшыня счарнелы — нават вочы
Быццам з галавешкамі на дне.
Кажа: «Факт. Пазналі гада дома».
Я кажу: «Дык чалавек вядомы».
А Стапуль як ёсць упёрся:
«Не».
Старшыня ўдыбкі — і на старога:
«Пакажы мне Кабянка другога!
Ворага шкадуеш, маць тваю!..»
С у д
Далікатней...
Тут жанчыны, дзеці.
С т а п у л ь
Прызнаю ўсё існае на свеце.
У звярах людзей не прызнаю.
X р о с н ы
От, сказаў ён так — і я паверыў.
С у д
Дзе Стапуль сякеру ўзяў?
X р о с н ы
Сякеру?..
Каля печы, мусіць... Каля дроў.
Г о л а с
Сам прынёс!
Якія летам дровы!
X р о с н ы
Кабянок жа гэны — звер здаровы.
С т а п у л ь
Без сякеры нельга ля звяроў.
С у д
Так. Далей?
X р о с н ы
Ён кінуўся на Гната.
С у д
Хто?
X р о с н ы
Стапуль.
С у д
А вы?
X р о с н ы
Я вінаваты.
За руку схапіў:
«Чакай, сусед!»
Старшыня адразу з пісталетам;
Кабянок — убок,
і скок... і гэта:
Выбіў старшынёвы пісталет.
З крыку і дзіця загаласіла.
Кабянок, нячыстая ён сіла,
Цэліцца ў яго:
«Хто зробіць крок...»
Я яму: «Ігнат, пабойся бога...»
Старшыня загарадзіў малога.
Кабянок націснуў на курок.
I тады Стапуль яго сякерай...
Тут ужо набеглі...
Насцеж дзверы...
Выскачыў з малым я — ледзь стаю...
С т а п у л ь
Вінаваты ў старшынёвай смерці...
Прызнаю ўсё існае на свеце.
У звярах людзей
Не прызнаю.
Г о л а с
А даведка?
X р о с н ы
Ды была гатова:
Вось, знайшлі ў кішэні старшынёвай..
Нічыёй паперка стала б, каб...
12.
Мне даведку тую не вярнулі;
Падшывалі —
Шчэ адну праткнулі
Дзірачку, такую ж, як ад кулі,
Там якраз, дзе прыназоўнік «аб».
13.
Зноў шумяць
Тры клёны,
Тры таполі.
Зноў бяда на Стапулёвым полі.
Хата ссірацелая гарыць.
Год пасляваенны. Год суровы.
Шэпча вёска Стапулёвы словы.
Я яшчэ вучуся гаварыць.