Выбрать главу

СЕМЯ

...I сціраўся лягчэй, чым сціраецца след ад алоўка, На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс... Ён ішоў наўздагад; да хрыбта прыкарэла ватоўка. У хусцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс.
Як ад смерці ратуюцца, ён ад жыцця ратаваўся, I жыццё абмінала, і смерць не шукала яго. Тры разы пакідаў, тры разы да каханай вяртаўся, На чацвёрты вярнуўся — ды ўжо не было да каго.
Ён на полі пустым тры начы прастаяў нерухома, На чацвёртую ноч кінуў семя з хусцінкі ў раллю. I зямля скаланулася, быццам ад нізкага грому,— I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю.
У чатыры канцы ён ляцеў у здабытай прасторы — I нікога за ім, і нічога прад ім не было. ...На абражаным полі зраселі апалыя зоры, I паўночнае ззянне паўліным хвастом расцвіло...

ПАКІНУТЫ ВЕРАГ

Перад зярнятамі, што прападалі, Схілімся долу. Не выпадае, не выпадае Вылічыць долю.
З берага ветрам пакошаных траў Цягне да неба. Толькі ў вышынях, куды прарастаў, Цёмна і нема.
...Зорка зрываецца, як з далані Кропля блакітная... Не падмані, не падмані, Бераг пакінуты.

ТУРАЎ

Дзе храм калісьці быў — цяпер піўная... Цыган вясёлы скача і спявае, Удала ўкраў каня — удала збыў I грэх запіў! Тут храм калісьці быў...
Правінцыя! Люблю твае кантрасты! Люблю твой люд скуласты і гарласты, Прастор, прапахлы небам і зямлёй!.. Але нашто, скажы мне, калі ласка, ты, Крышыць муры гісторыі сваёй?..
Цыган шалее! Млеюць мужыкі. Гісторыя мая. Палешукі. Нальюць па шклянцы — сціснуць кулакі. Як піларамы, ходзяць жаўлакі.
— Ты, можа, расстараўся б, га, Сымонка? За першай і гамонка не гамонка... Сымон не зломак — За другой, За трэцяй Пайшла размова пра жыццё на свеце.
— А што жыццё?.. Ідзе, якое ёсць. Мы госці ўсе — і ты таксама госць. Адзін швейцар вунь, як у горле косць. Дурны мужык... Давай, яму на злосць...
Швейцар цікуе — вокам не міргне, Ён знае сам, што ісціна ў віне, Але на службе прэ з яго натура Барацьбіта за сервіс і культуру.
«Панас! Давай да нас, швейцарскі цар!..» Усмешкай, як маланкай, блісне твар З той цемры, дзе схаваны ад людзей Сузор'і і галактыкі надзей.
Рагоча жартаўнік —аж стогнуць міскі. Да Гомля — го!.. Яшчэ далей да Мінска...
Цыган танцор і праўда не благі! — Чаго сядзіш?! Устаў не з той нагі?..
Правінцыя! Пранізлівасць тугі, Глухія каля Турава снягі, А некалі... Але было даўно, Правінцыя! Прагорклае віно, Правінцыя! Маленства сон чароўны!.. Я толькі тут сабе самому роўны, Правінцыя! Як быць мне, як мне жыць — Не выказаць, што на душы ляжыць...
Смяецца дзеўка, поўная грудзей. У круг яе! Да люду! Да надзей! І-эх, шкада, што кашы з ёй не зварыш
— Ты што, таварыш?.. — Захмялеў таварыш. — Ды не чапайце, хай сабе паспіць... Правінцыя! Як соладка баліць! Качаю па стале змакрэлы мякіш: Ёсць, дзякуй богу, Тураў, Зэльва, Мядзель!.. Цыган крычыць: — Ты не гароцься, госць! Не прападзём! Яшчэ, брат, коні ёсць!

СУСТРЭЧА

...Як зрэз на дрэве, набрынялы сокам Цяжкім, што кроў...
«Мой ясны сокал! Мой высокі сокал!»
А галубы ляцелі з рукавоў, I зіхацелі пацалункі ў дзюбах — Пярсцёнкі залатыя вуснаў любых.
Накормлены — брывом не зварухнуць! На спіны галубятнікі валіліся... А я не мог бязбоязна дыхнуць Паветрам тым, гпто ля цябе свяцілася.
Той дождж, што пырскаў у тваю далонь, Я піў набожна, як ваду святую, I як паганцы верылі ў агонь, Паверыў цёмна ў навальніцу тую, Калі з-за хмар, бы ў меднае вядро, Грамы шпурлялі за ядром ядро, I мы ўдваіх лавілі ўратавана Маланкі асляпляльнае пяро, Бліскучы меч Ізольды і Трыстана!